Бразільская сельва

Источник материала:  

Лэдзі абласнога ўзроўню ашчаслівіла якійсьці сімпозіум аж у Бразіліі. Вярнулася — уся з сябе. Пухленькія шчочкі-пончыкі румяніліся французскай здобай. Прычоска — нам не страшны шымпанзэ.

Як кожную даму, яе распірае жаданне хутчэй здзівіць знаёмых экзотыкай заморскага краю. Заадно і сабой палюбавацца на яго фоне. А тут і выпадак, лепш не прыдумаеш, падвярнуўся. Чарговы семінар. Не роўня міжнароднай гаварыльні, але аўдыторыя дастаткова прадстаўнічая для мясцовага ўзроўню.

Лізавета Міхайлаўна не спяшаецца ў залу. Задумліва дэфілюе ў калідоры. Недарэчнае па зімовым часе адзенне — белая амаль да пятак ці то сукенка, ці то халат-балахон, ці яшчэ які-небудзь пеньюар — наросхрыст. Пры кожным рэзкім павароце гаспадыні на вострых абцасах высокіх ботаў яно парусіць, выстаўляе каленкі колеру кавы з малаком. Тугія грудзі — а-ля мадам Грыцацуева — уздымаюцца футбольнымі мячамі.

Найноўшую бразільянку ўсё больш адольвае хваляванне: яе сяброў-паклоннікаў пакуль не відаць. Толькі праскокваюць, пачціва ківаючы, розныя не тыя. Нарэшце твар Лізаветы Міхайлаўны расквечвае радасная ўсмешка: з'явіўся яе закадычны прыяцель, блазан і балбатунчык Яўген Пятровіч.

Той, шчыра раскінуўшы абдымкі, плыве насустрач. У штучным узбуджэнні ўсклікае:

— Каго я бачу! Ці вы, дарагая Лізавета Міхайлаўна? Або вас цяпер называць донна Ліза?

— Я, я, Жэнечка Пятровіч! — какетліва працягвае шакаладную руку турыстка.

Малюючы на твары сціпласць і адначасова незадаволенасць, робіць колцам ярка-чырвоныя губкі:

— Я падобна на тых, каму за шэсцьдзясят? Донны там такога ўзросту...

Яўген Пятровіч быццам язык праглынуў. Паўза зацягвалася. Але засмуціць наменклатурнага кавалера зусім не проста.

— Ну, што вы, дарагая, вам, як заўсёды, ледзь за дваццаць... Ой, ды што я балбачу! Каля гэтага... Бог сведка: губляю галаву пры вас, блытаюся, як хлапчук, — сыпаў у апраўданне цёртымі кампліментамі стары лавелас. Але дамы іх прымалі за чыстую манету.

Сярод іх была і Лізавета Міхайлаўна. Сама не заўважыла, як апынулася ў чарах свайго сябра.

— Ды хопіць вам! — млява закаціла вочкі лэдзі.

У прадчуванні вясёленькага вакол ужо і кружок цікаўных аформіўся. Ведаюць: дзе Яўген Пятровіч — там жарт, прыколка, анекдоцец (хоць і пацёрты).

— Дык, кажаце, у Бразіліі пячэ і лье. Як жа там, небаракі дзікія малпы? А мужыкі ўсё ў белых штанах да каленяў... — сакатаў завадзіла.

— Хай яго, пячэ! Бачыце, і я падсмажылася. У акіяне плёскалася. Вой, акул баялася. Але ў ваду цягнула. Па-мойму, адна каля мяне прашмыгнула... — у тон какетнічала Лізавета Міхайлаўна.

— А мужчыны з малпамі... — нагадаў гаманлівы сябра.

— Во-во... Мужчыны шныраюць у портках папугайскіх. Між іншым, какаду мяне за нос хапнуў, нахаба.

— У штанах?..

— Фу, пашляк вы гэтакі, — фыркнула бразіліянка. — Лепш пра малпачак пацікавіўся б, якіх я і не бачыла...

— Мінус вам, Лізавета Міхайлаўна. Тады раскажыце пра сельву бразільскую.

Усмешку ў наменклатурнай дамы як ветрам змяло. Яна робіць крок назад, цокае наменклатурным абцасам. Ды так, што, здаецца, іскры высякае. Павучальна ківаючы пальчыкам з бліскучым пярсцёнкам, рашуча дае адпор:

— Карыстаючыся маёй прысутнасцю, Яўген Пятровіч, я павінна вам заявіць: там ніхто так не лаецца! І паважаючы вас, прашу паводзіць сябе прыстойна ў прысутнасці прыстойнай жанчыны!

— Ні сабе чаго! — падціснуў свой паўлінавы хвост вядомы дамскі ўгоднік. — Вось гэта сельва... бразільская.

←Период созревания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика