"Нехарчовы кошык" беларусаў пацяжэў

Источник материала:  

Летась агульныя рэсурсы (грашовыя даходы, кошт прадуктаў харчавання з уласнага падворку і сацыяльных ільгот) сярэдняй хатняй гаспадаркі Беларусі ацэньваліся ў 1 млн 821,8 тыс рублёў у месяц. Дарэчы, як паказала выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак краіны, у параўнанні з 2009 годам гэты паказчык павялічыўся на 13,4 працэнта — пры росце спажывецкіх цэн на тавары і паслугі за гэты ж час на 7,8 працэнта.

Паступовы рост паступленняў адбіўся на структуры спажывання. Так, як засведчыў маніторынг Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за мінулы год у беларусаў узрасла доля выдаткаў на нехарчовыя тавары (з 34,8 да 37,2 працэнта) і знізілася (з 40,2 да 39 працэнтаў) доля выдаткаў на харчаванне. Адзначана пэўнае змяншэнне выдаткаў (з 22,8 да 21,6 працэнта) і па такім артыкуле, як аплата паслуг.

Яшчэ адзін вынік мінулага года — зніжэнне ўзроўню малазабяспечанасці. Летась доля хатніх гаспадарак (сем'яў ці адзінокіх грамадзян) з рэсурсамі ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму ў цэлым па Беларусі склала 3,4 працэнта. Разам з тым тут назіраюцца значныя адрозненні па лініі "горад — вёска". Так, летась за рысай БПМ знаходзіліся 2,7 працэнта хатніх гаспадарак гараджан і 5,4 працэнта — вяскоўцаў. Апроч таго, на агульны малюнак малазабяспечанасці па-ранейшаму аказвае значны ўплыў наяўнасць утрыманцаў: даследаванне засведчыла, што сярод усіх хатніх гаспадарак за рысай БПМ адразу 75,7 працэнта маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Пры гэтым разлікі паказалі, што летась агульныя рэсурсы ў разліку на аднаго грамадзяніна Беларусі адпавядалі 738,7 тыс. рублёў. Але гэта зноў жа ў сярэднім, бо рэсурсы жыхароў гарадоў і гарпасёлкаў перавысілі рэсурсы вяскоўцаў у 1,3 раза і склалі адпаведна 781,1 тыс. і 621 тыс. рублёў на чалавека ў месяц.

Сяргей ГРЫБ.

←Период созревания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика