Беларусь — краіна жанчын

Источник материала:  

У Мінску назвалі імёны пераможцаў трэцяга рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года-2010"

Рыта Уладзіміраўна Кундзікава на цырымонію ўзнагароджання конкурсу "Жанчына года" прыехала з Магілёўскай вобласці. Жанчына атрымала ганаровае званне ў намінацыі "За дасягненні ў выхаванні дзяцей"— за сваё жыццё Рыта Уладзіміраўна вырасціла 32 (!) дзіцяці, сёння ў яе сям'і жыве 18 дзяцей. Плачучы ад шчасця, на сцэне расхваляваная Рыта Уладзіміраўна прызналася: "Я — толькі мама, а на сцэне я стаю толькі дзякуючы сваім дзецям"...

— Думаю, наша краіна адна з нямногіх, дзе шанаванне жанчын мае агульнанацыянальны характар, напоўнены душой і глыбокім зместам, — зазначыла на цырымоніі ўзнагароджання лепшых беларусак старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. — 70 працэнтаў дзяржслужачых — гэта жанчыны, 68 працэнтаў усіх членаў выбарчых камісій — таксама жанчыны. Такім чынам, збылася векавая мара бальшавікоў: з'яўляючыся ў сябе на кухні кухаркамі, мы, тым не менш, кіруем дзяржавай. І гэта здорава.

Лаўрэатаў конкурсу "Жанчына года" ўшаноўвалі ў Беларускім нацыянальным музычным тэатры. На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічалі парламентарыі. Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі, член праўлення ГА "Беларускі саюз жанчын" Лілія Ананіч адзначыла, што міністэрства інфармацыі сумесна з Беларускім саюзам жанчын правядзе сёлета і новы рэспубліканскі конкурс сярод друкаваных і электронных СМІ "Моцная сям’я – моцная дзяржава":

 — Тэма сям’і, тэма мацярынства і тэма жанчыны заўсёды была адной з асноўных у СМІ. Конкурс плануецца зрабіць штогадовым. Тэма дэмаграфічнай бяспекі заслугоўвае таго, каб мы як мага больш расказвалі пра жанчын, праца якіх узмацняе дабрабыт кожнай сям’і і дзяржавы ў цэлым.

Званне "Жанчына года" было прысвоена лепшым жанчынам Беларусі. Пераможцы былі вызначаныя ў дзевяці намінацыях: "За лідарства і паспяховае кіраванне" (пераможца — дырэктар і мастацкі кіраўнік "Беларускага дзяржаўнага цырка" Таццяна Бандарчук), "За актыўную грамадскую дзейнасць" (пераможца — намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "Саюз жанчын" Лілія Кашанкова), "За дасягненні ў выхаванні дзяцей" (пераможца — маці-выхавацель аддзела адукацыі Клічаўскага райвыканкама Рыта Кундзікава), "За дабрачыннасць і міласэрнасць" (пераможца — дырэктар вытворчага ПУП "Вікторыя" Таццяна Удавенка), "За жаночую мужнасць" (пераможца — майстар спорту Беларусі па фехтаванні, інвалід І групы Людміла Лемяшкевіч), "За ўклад у адраджэнне вёскі" (пераможца — дырэктар ААТ "Отар" Чачэрскага раёна Таццяна Струк), "За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства" (пераможца — кіраўнік фальклорнага калектыву "Гасцінец" Ракаўскага цэнтра культуры і адпачынку, кіраўнік хору касцёла Св. Дамініка Елізавета Пятроўская), "За прафесіяналізм" (пераможца — генеральны дырэктар ААТ "Брэсцкі панчошны камбінат" Таццяна Маторына), "За паспяховы дэбют у бізнэсе" (пераможца — генеральны дырэктар АГА "Будфура" Марына Міхалькова).

Дадаткова была названа і "Жанчына-легенда" — тытул быў прысуджаны адразу пяці беларускам: дырэктару ГУ "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі" прафесару Вользе Алейнікавай, Герою сацыялістычнай працы, якая на працягу 15 гадоў была адказным сакратаром Саюза жанчын Алене Пісаравай, анколагу-хірургу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынсай радыялогіі імя М.М.  Аляксандрава Кацярыне Вішнеўскай, дырэктару "Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў" Людміле Мішчанка і дырэктару-мастацкаму кіраўніку "Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", народнай артыстцы Беларусі Валянціне Гаявой.

Ідэя правядзення конкурсу належыць грамадскаму аб'яднанню "Беларускі саюз жанчын". Конкурс прайшоў ужо трэці раз.

Ілья ЛАПАТО.

←Период созревания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика