Уклады насельніцтва ў нацыянальнай валюце наблізіліся да 11 трыльёнаў

Источник материала:  

Рублёвыя дэпазіты становяцца больш папулярнымі, чым уклады ў замежнай валюце

Прынамсі, па выніках мінулага месяца рублёвыя уклады прыраслі істотна, чаго нельга сказаць пра папаўненне беларусамі зберажэнняў у банках, якія зроблены ў замежнай валюце. У лютым на дэпазіты ў рублях, калі параўноўваць са студзенем, насельніцтва "кінула" больш як у два разы грошай — 749,2 мільярда рублёў (у студзені — 332,4 мільярда), а вось прырост укладаў у замежнай валюце склаў толькі 105,8 мільёна долараў (у студзені — 206,7 мільёна). За студзень-люты ўклады ў нацыянальнай валюце ўзраслі на 11 працэнтаў, у замежнай — на 7,1 працэнта.

Наогул жа, з пачатку года беларусы вельмі актыўна супрацоўнічаюць з банкамі, папаўняючы ў фінансавых установах свае "запасы". Два месяцы запар на рублёвыя і дэпазіты ў замежнай валюце ад насельніцтва "капае" ў эквіваленце больш як па адным трыльёна рублёў штомесяц. Нагадаем, што летась прырост усіх дэпазітаў фізічных асоб не дасягнуў у эквіваленце і 5 трыльёнаў рублёў, спыніўшыся на лічбе 4,8 трыльёна. У галоўным банку краіны, у прыватнасці, тлумачаць сёлетнюю тэндэнцыю ростам даходаў насельніцтва. Акрамя таго, у Нацбанку адзначаюць, што насельніцтва накоплівае ў банках больш сродкаў і таму, што ў далейшым плануе патраціць іх на будаўніцтва ўласнага жылля. Што ж датычыцца валюты, якой людзі апошнім часам аддаюць перавагу ў банкаўскіх зберажэннях, то ёй становіцца нацыянальная: стаўкі па тэрміновых рублёвых укладах у сакавіку ў некаторых банках даходзілі нават да 19 працэнтаў гадавых. Між іншым, на дэпазітным рынку ў мінулым месяцы у рамках акцыі прапаноўвалася па цяперашніх часах і дастаткова высокая стаўка па дэпазіце ў замежнай валюце — 8,5 працэнта гадавых, што на 0,5 працэнтнага пункта перавышае ранейшы рэкордны паказчык па валютных укладах.

Адметна, што на пачатку гэтага месяца пад уплывам эмоцый у чарговы раз "страсянула" рынак наяўнай валюты: здаровы сэнс спасаваў перад чуткамі наконт істотнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты пасля святаў. Ажыятажны попыт на цвёрдаканверсоўную пачаўся пасля таго, як "добраінфармаваныя" крыніцы агучылі наступны "прагноз": маўляў, з 9 сакавіка курс продажу наяўнага долара ў пунктах абмену валюты будзе даходзіць да 3 800 рублёў за долар. Як паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Міхаіл Журавовіч, "купіўшыся" на несуцяшальную навіну людзі, напрыклад, толькі 4 сакавіка купілі ў банках у эквіваленце амаль на 10 мільёнаў долараў больш, чым прадалі. Не спыніла і тое, што банкі прадавалі той жа "зялёны" па максімальным курсе, а розніца паміж купляй і продажам даходзіла да 30 рублёў. Гэта той выпадак, калі на добра вядомую ісціну, што купляць трэба — калі танна, а прадаваць — калі дорага, насельніцтва забылася. Пасля таго, як чуткі не пацвердзіліся, пакупнікам валюты застаецца толькі падлічыць панесеныя страты.

Разам з тым, падкрэсліў Міхаіл Журавовіч, абвешчаная на 2011 год курсавая палітыка мяняцца не будзе. Нагадаем, што абменны курс нацыянальнай валюты сёлета будзе трымацца ў межах плюс-мінус 8 працэнтаў да кошыка замежных валют. Як зазначылі ў Нацбанку, дыяпазон дапушчальных ваганняў курсу беларускага рубля да кошыка валют сёлета складзе ад 970,03 да 1138,73 рубля. Між іншым, з пачатку года курс беларускага рубля адносна кошыка замежных валют знізіўся на 4,57 працэнта і на сённяшні дзень вызначаны на ўзроўні 1 102,88.

Вяртаючыся да ўкладаў насельніцтва, адзначым, што на пачатак сакавіка яны ўжо перавысілі 25 трыльёнаў рублёў. Паводле звестак Нацбанка, за студзень-люты рублёвыя і дэпазіты ў замежнай валюце павялічыліся больш як на 2,1 трыльёна рублёў, ці на 9,2 працэнта. Дэпазіты ў нацыянальнай валюце за мінулы месяц узраслі на 7,4 працэнта, а ў замежнай — на 2,3, і на пачатак сакавіка ўклады ў нацыянальнай валюце склалі амаль 10,9 трыльёна рублёў, у замежнай — каля 4,7 мільярда долараў у эквіваленце. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі прадугледжваецца, што прырост дэпазітаў фізічных асоб сёлета складзе 6,4-7,2 трыльёна рублёў.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←Период созревания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика