ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ

Источник материала:  
Стыхія абрынулася на Японію

Днём 11 сакавіка за 130 кіламетраў ад паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа японскага вострава Хансю адбыўся землятрус. Падземныя штуршкі магнітудай 8,9 бала справакавалі цунамі: на прыбярэжныя гарады абрынуліся хвалі, вышыня якіх дасягала 10 метраў.

Асноўныя разбурэнні прыпалі на ўсходняе ўзбярэжжа Хансю, якое было ў літаральным сэнсе змыта цунамі. Хваля дасягнула вострава менш як праз гадзіну пасля першых падземных штуршкоў. Японскае тэлебачанне перадавала звышнатуральныя кадры: струмень вады, які распасціраўся да далягляду, налятаў на ўзбярэжжа, паглынаючы караблі, аўтамабілі і цэлыя будынкі. Разбураныя масты, пашкоджаныя дзясяткі кіламетраў дарог. Цэлыя раёны засталіся без электрычнасці, абрывы электраправадоў прывялі да ўзнікнення мноства буйных пажараў. Узгаранні зафіксаваныя на шматлікіх энергетычных аб'ектах, уключаючы атамныя электрастанцыі і нафтаперапрацоўчыя заводы. Пажарныя распавялі, што над адным з нафтасховішчаў у прыгарадзе сталіцы ў неба ўзняліся 30-метровыя языкі полымя. Найбольшую занепакоенасць выклікала пацярпелая ад землятрусу атамная электрастанцыя ў прэфектуры Фукусіма. Падземныя штуршкі прывялі да парушэнняў у рабоце сістэмы астуджэння рэактара. У выніку пажараў таксама былі зачынены дзясяткі прадпрыемстваў, уключаючы аўтамабільныя заводы Nіssan, Sony і Toyota. У Токіа паваліўся шпіль тэлевежы вышынёй 333 метры. Цунамі таксама панесла ў мора карабель, на борце якога знаходзіліся каля 100 чалавек. Знік таксама пасажырскі цягнік, які ішоў па маршруце Сендай — Ісінамакі на ўсходзе Японіі. А ў прэфектуры Міягі цалкам затоплена база ваенна-паветраных сіл самаабароны Японіі Мацусіма. На ўсходнім узбярэжжы бліжэй да вечара былі знойдзены каля 300 целаў загінулых.

ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙУ сталіцы краіны і наваколлі без святла засталіся каля чатырох мільёнаў будынкаў, у горадзе спынены рух метро і хуткасных цягнікоў, зачынены аэрапорты. Землятрус стаў наймацнейшым за ўсю гісторыю краіны і пагражае цэламу шэрагу краін Ціхаакіянскага басейна. Урад Японіі стварыў агульнанацыянальны штаб па ліквідацыі наступстваў землятрусу. Прэм'ер-міністр краіны Наота Кан у тэлезвароце заклікаў насельніцтва да спакою, а ўраду даручыў зрабіць усё для ліквідацыі наступстваў стыхіі. Улады ацэньваюць шкоду ад землятрусу як "велізарную" і ўжо абвясцілі аб гатоўнасці прыняць дапамогу замежных дзяржаў.

Вулкан Карангетанг, які лічыцца адным з самых актыўных у Інданэзіі, пачаў вывяргацца ў пятніцу праз некалькі гадзін пасля магутнага землятрусу ў Японіі. Улады абвясцілі эвакуацыю людзей, якія жывуць ля падножжа вулкана на востраве Сіаў у правінцыі Паўночны Сулавесі. А ў Расіі на Камчатцы актывізаваліся адразу тры вулканы: Карымскі, Кізімен і Шывелуч, якія за суткі выкінулі па некалькі слупоў попелу; таксама са схілаў усіх трох вулканаў сыходзяць лавіны.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка ад iмя беларускага народа i сябе асабiста выказаў глыбокiя спачуваннi Імператару Японii Акiхiта, усiм пацярпелым ад удару разбуральнай стыхii, а таксама родным i блiзкiм загiнулых. "З глыбокiм болем i смуткам у Рэспублiцы Беларусь успрынялi паведамленнi аб шматлiкiх чалавечых ахвярах у вынiку землятрусу i цунамi ў паўночна-ўсходнiх раёнах Японii", — гаворыцца ў спачуваннi.

Польшча вылічыла 300 шпіёнаў

Кіраўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы Кшыштаф Бондарык прадставіў даклад, у якім зрабіў справаздачу аб дзейнасці контрразведкі ў мінулым годзе.

Адным з пунктаў справаздачы сталі вынікі нагляду за замежнымі шпіёнамі, якія дзейнічалі ў Польшчы. Па словах Бондарыка, усяго ў краіне выяўлены каля 300 замежных шпіёнаў, якія маюць дыпламатычны статус. Пры гэтым ён адзначыў, што нікога з разведчыкаў экстрадаваць улады Польшчы не збіраюцца, бо падобная мера прымяняецца толькі ў крайніх выпадках. На якія менавіта дзяржавы працуюць выяўленыя шпіёны, кіраўнік контрразведкі не растлумачыў. Усяго, па словах кіраўніка спецслужбы, у Польшчы акрэдытавана каля дзвюх тысяч замежных дыпламатаў.

Самы стары чалавек на зямлі — амерыканка

Тытул самага старога чалавека з тых, хто цяпер жыве на Зямлі, атрымала амерыканка Бесе Купер, што пражывае ў доме састарэлых у штаце Джорджыя.

Яна нарадзілася 21 жніўня 1896 года і заспела 21 прэзідэнта (ад Грувера Кліўленда да Барака Абамы), дзве сусветныя вайны і Вялікую дэпрэсію 1929 года. Цяпер доўгажыхарцы 114 гадоў і шэсць месяцаў. Сама Бесе Купер у 2009 годзе, адзначаючы 113-ы дзень нараджэння, патлумачыла свой узроставы рэкорд наступным чынам: "Я не лезу не ў свае справы і не ем нездаровай ежы".

←Период созревания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика