РОЗГАЛАС
Такі даход за няпоўны год атрымала група зламыснікаў, удзельнікі якой "зараблялі" грошы на незаконных аперацыях.
Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю, крымінальная справа ў адносінах да ўдзельнікаў арганізаванай групы заведзеная ўпраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Віцебскай вобласці. Падазроныя, як высветлілася, са студзеня па лістапад мінулага года дзейнічалі ў Мінску ад імя і з выкарыстаннем рэквізітаў пяці падкантрольных камерцыйных структур, яны ажыццяўлялі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць па абнаяўліванні грашовых сродкаў.
А вось дырэктар прыватнага прадпрыемства з Мінскага раёна падазраецца ў тым, што ўхіліўся ад платы падаткаў і збораў на 1,6 мільярда рублёў. Як мяркуецца, гэты кіраўнік у 2006-2007 гадах змог "зэканоміць" на тым, што заніжаў падатковую базу і ўносіў у падатковыя дэкларацыі заведама несапраўдныя звесткі, чым і нанёс дзяржаве ўрон у асабліва буйным памеры. У адносінах яго таксама заведзена крымінальная справа.
Ігар ГРЫШЫН.
Адзін з малых памёр, атруціўшыся на пажарыЯк расказала "Звяздзе" прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Марына Фандо, пажар адбыўся ў вёсцы Серкавіцы Талачынскага раёна а дзясятай гадзіне вечара. Мама дзяцей, аператар машыннага даення, і яе грамадзянскі муж, слесар, былі на рабоце. Працуюць у адной гаспадарцы. Хлопчыкі былі дома адны, відавочна, гулялі з агнём. Калі дарослыя вярнуліся з працы, убачылі моцнае задымленне. Мужчына вынес братоў з пакою, дзе яны хаваліся ад агню на канапе пад коўдрай. Дарослыя патушылі агонь. Выклікалі "хуткую". Медыкі і канстатавалі смерць старэйшага, сямігадовага брата, малодшы з атручваннем прадуктамі гарэння быў шпіталізаваны ў Талачынскую цэнтральную раённую бальніцу. Сям'я характарызуецца станоўча, на ўліку як праблемная не знаходзіцца. На жаль, іх дом не быў абсталяваны аўтаномным пажарным апавяшчальнікам.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Не абагнаў18-гадовы жыхар Баранавічаў пры абгоне выехаў на сустрэчную паласу на вул. Брэсцкай і яго "Сеат" сутыкнуўся з малакавозам, а затым яшчэ наляцеў і на грузавік "Фальксваген". Кіроўца "Сеата" загінуў на месцы, а трое пасажыраў легкавіка атрымалі траўмы.
Сымон Свістуновіч.
Гусей пакуль няма, аднак паляўнічы сезон стартуеЗгодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, з гэтай суботы ў краіне адкрываецца сезон палявання на гусей. Доўжыцца ён будзе па другую нядзелю мая.
Паляваць дазваляецца ў светлы час сутак на птушку любога полу і ўзросту. Від здабычы — зброевы з падыходу, з засады, з падманьваннем, у тым ліку з падсаднымі гусямі, профілямі, чучаламі, па пралёце. Для пошуку і падачы здабытай дзічыны дазваляецца выкарыстанне паляўнічых сабак: тэр'ераў, таксаў, выжлаў, апортараў, водных сабак.
Іншая справа, што гусі яшчэ да нас не прыляцелі і паляваць фактычна няма на каго. Аднак, як паведамілі ў аддзеле паляўнічай гаспадаркі і пабочнага лесакарыстання Міністэрства лясной гаспадаркі, уносіць нейкія карэктывы ў сувязі з умовамі надвор'я не плануецца — сезон палявання афіцыйна стартуе сёння. Нам патлумачылі, што для падрыхтоўкі карэктыў у тэрміны і апавяшчэння ўсіх зацікаўленых бакоў спатрэбіцца мінімум тыдзень. А тым часам могуць прыляцець гусі... Адбудзецца гэта пасля сходу снегавога покрыва і ўскрыцця вадаёмаў, калі ў птушкі з'явіцца кармавая база.
Сяргей РАСОЛЬКА.