Касмічнае надвор'е: чакаецца выбух?

Источник материала:  

Паводле разлікаў астрафізіка Брэда Картэра з Універсітэта Паўднёвага Квінсленда (Аўстралія), зорка Бетэльгейзэ, якая знаходзіцца на адлегласці 640 светлавых гадоў ад Зямлі ў сузор'і Арыёна, у любы момант можа ўзарвацца. Шэраг даследчыкаў мяркуе, што магутнасць выбуху можа быць такой, што на небе заззяе другое сонца, а тэхніка на Зямлі будзе выходзіць са строю.

Бетэльгейзэ належыць да тыпу чырвоных гігантаў (нават звышгігантаў — яго маса раўняецца 20 масам Сонца). Памеры зоркі сапраўды ўражваюць: калі яе змясціць замест Сонца, то пры мінімальным памеры яна б запоўніла арбіту Марса, а пры максімальным — дасягнула б арбіты Юпітэра. Гэтае нябеснае цела адносіцца да разраду звышновых зорак (аб'ектаў, чыя эвалюцыя заканчваецца выбухам).

Яшчэ ў лютым мінулага года вучоныя заўважылі, што зорка пачала згасаць. За апошнія 17 гадоў яе маса зменшылася на 15 працэнтаў. Акрамя таго, Бетэльгейзэ мяняе форму і ў вялікай колькасці распыляе вакол сябе рэчывы, з якіх яна ўтворана. Гэта ўказвае на тое, што цыкл яе існавання падыходзіць да завяршэння.

Зыходзячы з вышэйапісанага, многія вучоныя лічаць, што, нягледзячы на адносна малады ўзрост (Бетэльгейзэ крыху больш за 10 млн гадоў, што для зоркі зусім не старасць), цяпер яна знаходзіцца ў стадыі выгарання вугляроду. А за ёй варта чакаць выбух.

Паводле слоў Картэра, выбух можа адбыцца на працягу бліжэйшага мільёна гадоў, але зусім не выключана, што гэта адбудзецца ў 2011 ці 2012 годзе. Выбух выклікае магутны паток светлавога і электрамагнітнага выпраменьвання, якое дасягне Зямлі.

Зорка, не менш яскравая, чым Месяц, а магчыма, супастаўная па яскравасці ззяння з Сонцам, будзе бачна на небасхіле не толькі ноччу, але і днём, з-за чаго светлавы дзень павялічыцца на некалькі гадзін, а ночы ў асобных раёнах планеты стануць "белымі".

Касмічнае шоу будзе доўжыцца каля шасці тыдняў. Праз 2-3 тыдні пасля выбуху зорка пачне згасаць, а праз некалькі гадоў будзе бачна з Зямлі толькі звычайная туманнасць. Ад самой прыгажуні-Бетэльгейзэ застанецца кіслародна-неонавы белы карлік.

Ёсць меркаванне, што пад уплывам патокаў светлавых і электрамагнітных часціц, якія абрынуцца на нашу планету ў выніку выбуху звышновай, у рабоце электронных, у тым ліку і спадарожнікавых сістэм адбудзецца глабальны збой, што можа паўплываць і на ядзерныя рэактары. Карацей, тое, што выбухнула ў космасе, абумовіць магутны рэзананс на Зямлі.

Пасля навіны пра будучую касмічную катастрофу шэраг "прарокаў" зноў загаварылі пра канец свету. Тым больш што менавіта зорку Бетэльгейзэ акультысты здаўна звязваюць з сіламі д'ябла.(На самай справе, назва з арабскай мовы перакладаецца як "Рука Блізняці", а сама зорка ўваходзіць у так званы Егіпецкі крыж, ці анкх. Апошні складаецца з непасрэдна крыжа (сімвала жыцця) і круга (сімвала вечнасці) і забяспечвае бяссмерце, а таксама адзінства мужчынскага і жаночага пачаткаў, саюз зямнога і нябеснага. Сімвал анкх, які называлі таксама тау-крыжом, выкарыстоўваўся старажытнымі егіпцянамі ў якасці амулета, шырока прымяняўся ў магіі і варажбе).

Аднак, як сцвярджае прафесар Тэхналагічнага інстытута ў Нью-Джэрсі Філіп Гуд, інфармацыя пра тое, што выбух здарыцца ў бліжэйшай будучыні, з'яўляецца толькі гіпатэтычным меркаваннем. На думку вучоных, пакуль што няма ніякай сур'ёзнай нагоды для занепакоенасці. З ім пагаджаецца і сам Брэд Картэр. Паводле слоў даследчыка, хвалі заражаных часціц ад узарванай зоркі дойдуць да нашай планеты толькі праз некалькі стагоддзяў у выглядзе нязначнай дозы іанізаванага выпраменьвання, але яно будзе бяспечным для людзей.

У апошні раз выбух звышновай назіраўся на Зямлі ў ліпені 1054 года. Пра гэта расказваецца ў кітайскіх хроніках. Госця, якая з'явілася ў сузор'і Цяльца, па сваім бляску пераўзыходзіла Венеру (самы яскравы нябесны аб'ект у Сонечнай сістэме пасля Сонца і Месяца). Яна была настолькі яскравай, што заўважалася нават днём. Некалькі месяцаў зорку, якая ўзарвалася, можна было бачыць няўзброеным вокам. Потым яна згасла.

З 1054 года ў нашай Галактыцы зафіксаваныя яшчэ дзве ўспышкі звышновых: адну з іх давялося назіраць у 1572 годзе дацкаму астраному Ціха Браге, другую — у 1604 годзе Іагану Кеплеру. Астрафізікі сцвярджаюць, што звышновыя (зоркі, якія ўзарваліся) можна вынайсці нават значна пазней, як яны згаснуць, паколькі яны аказваюць ўздзеянне на навакольны міжзорны асяродак. Акрамя таго, пасля выбуху захоўваюцца рэшткі разбуранай матэрыі.

На сайце "Бетэльгейзэ звышновая" праводзіцца апытанне астраномаў-аматараў, якім прапануецца адказаць на пытанні, выбраўшы адзін з варыянтаў: ці ўзарвецца зорка ў гэтым годзе, у бліжэйшае дзесяцігоддзе ці ў бліжэйшыя сто гадоў? Цікава, што большасць мяркуе, што выбух Бетэльгейзэ чакае нас сёлета.

Падрыхтавала Іна АРЭХАВА.

←??? ????, ??????

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика