Новыя лісты пра галоўнае

Источник материала:  

...Добра кухару: нечага нагатаваў, папрацаваў і адразу ж, лічы, бачыць вынік: што з'елася, што не з'елася, за што падзякавалі...

Нашаму брату, журналісту, у гэтым сэнсе складаней, бо напісаць напісаў, а што там далей...

Зрэшты, выключэнні бываюць. "Ніколі не думала, што на прыкладзе асобнай сям'і можна гаварыць пра такія складаныя рэчы, як нацыя ды дзяржава ("Звязда" 21 лютага. — Аўт.)"; "У чалавека, якія прапануе ўсім беларусам перайсці на рускую мову, хачу спытаць, а чаму менавіта на рускую? Давайце адразу, каб час не марнаваць, на болей распаўсюджаную англійскую, альбо на кітайскую (вунь кітайцаў ужо 2 мільярды)..."; "Ёсць манкурты — людзі, што забыліся на сваё мінулае, выракліся ўсяго свайго, ёсць "інтэлігенты", якія грэбуюць роднай мовай, і я не ведаю, ад каторых болей шкоды для нашай Бацькаўшчыны"...

Гэта — як вы разумееце, <І>радкі з лістоў. А ёсць, з дазволу, Лісты.

 

"Пра пакутніцу, нашу мову, напісана шмат. У мяне ж найперш пытанне, — піша Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, — ці чытае "Звязду" чынавенства, кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, ці хвалюе іх стан роднай мовы? Бо пішуць (тыя ж "Лісты пра галоўнае"), як я разумею, людзі сталага ўзросту, якіх і на жаль, цяпер мала слухаюць. Вось і ствараецца ўражанне, што пагаворым мы, пашумім ды на тым самым месцы і сядзем.

Новыя лісты пра галоўнаеА жыццё мяняецца, з'яўляецца многа новага, з ім прыходзяць новыя словы — найчасцей замежныя. Таму кнігі, напісаныя 200—300 гадоў таму, нават Скарынінская "Біблія" ўсім зразумелая, а вось асобныя артыкулы з газет чытаць цяжкавата — хоць ты слоўнік бяры...

Бачыцца мне і такая бяда, — працягвае спадарыня Валянціна, — як навала англамоўных слоў, пашана замежнай мове: усюды стракацяць лацінскія літары, у садках наша малеча вывучае англійскую. Мы быццам жывём і збіраемся жыць у краіне замежнікаў. А што ж свая — краіна, мова. Яны нічога не вартыя?"

І далей: "У дыскусіі на старонках "Звязды" выказваюцца розныя меркаванні — наконт мовы, наконт слоў. Не без таго — зазіраю і я ў розныя слоўнікі, думаю, успамінаю. Проста, як быццам — лаўка — крама — магазін. Бабуля казала: "Іду ў лаўку", "Купіла ў лаўцы". У вёсцы была невялікая крамка, таму і лаўка. А вось вялікі магазін, універсам ці правільна называць крамай? Прыцягнулі ўвагу словы работа і праца. Чамусьці першае — у тым ліку на старонках газеты — ужываецца ўсё менш і менш. А чаму, хто б прасвятліў — напісаў для шырокага кола чытачоў, дзе якое слова ўжываць? Прычым правільна, бо ў слоўніках значэнняў шмат...

Далей. З'явілася слова гулец. Няхай. А як тады быць са словамі выйграць, прайграць, ігрышча? Ці вось слова ходнікі. У вёсках так называюць саматканыя палавічкі, а пра тратуар так казаць неяк нязвычна. Ці возьмем слова мінак. Чалавек, трэба разумець, ужо не ўглядаецца ў навакольнае жыццё, мала на што звяртае ўвагу, ён абыякавы. У дачыненні да яго, вось такога, слова мінак трапнае, а як да іншых?

Альбо вось яшчэ адно назіранне. У беларускай мове і чырвоныя, і белыя, і чорныя — усё парэчкі. У рускай — усё смородина. А на маю думку, гэта розныя расліны, хоць і вельмі падобныя. Смурода (як звалі чорныя ягады нашы старыя) мае свой асаблівы пах. Таму ў нас на базары і цяпер пытаюць асобна парэчку, асобна смуроду, смародзіну. Дык мо час яе "ўзаконіць", уключыць у нашы беларускія слоўнікі?"

Каб сказаць, наколькі гэта важна — пісаць і гаварыць правільна — спадарыня Валянціна ўзгадвае сваё студэнцтва, піша: "Сучасную рускую мову" ў нас выкладаў дацэнт Мікалай Аляксандравіч Маслюкоў. У яго быў нетрадыцыйны падыход да мовы. Яго лекцыі не прапускаў ніхто, але... Ну вось да прыкладу. Аднойчы дзяўчаты заспалі (руская мова была першай парай) — спазніліся на лекцыю. А гэта ж непазбежна — выкладчык спытае, чаму? Дамовіліся, што будуць гаварыць праўду. То зайшла ў аўдыторыю першая, чуе строгае:

— Почему вы опоздали?

— Проспáла.

— Закройте дверь с той стороны, — загадвае выкладчык.

Заходзіць другая.

— Вы почему опоздали?

— Проспáла.

Выгнаў і тую. Апошняй зайшла Люда Кузьменка.

— А вы почему опоздали?

— Проспалá.

— Проходите, садитесь.

"Вось так нас вучылі мове, — піша спадарыня Гудачкова. — Часу прайшло шмат, многае змянілася, забылася. Але ж адчуваецца, што няма цяпер былой павагі да слова. Я паважаю яго ўсё жыццё — раблю памылкі, выпраўляю, зноў памыляюся. Ведаю: трэба больш чытаць, больш пісаць, гартаць падручнікі і слоўнікі, патрэбна моўная практыка, але... У руках часцей не кніжка, а рыдлёўка ды сякера"...

"Зрэшты, што з мяне ўзяць, — сама ў сябе пытае спадарыня Валянціна і сама ж адказвае, — я, на жаль, надвор'я не зраблю. А вось газеты, тэлебачанне... Ну вельмі ж "свабодна" яны абыходзяцца цяпер са словам, вельмі шмат дапускаюць памылак. Правільнай прыгожай мовы — як беларускай, так і рускай, лічы, не чуваць".

Грэх з гэтым не згадзіцца! Грэх не прыслухацца, грэх не зрабіць пэўных захадаў (але аб іх крыху пазней). Пакуль — яшчэ адзін ліст.

"Звязду" выпісваю вельмі даўно, — піша Юлія Рыгораўна Міхута з в. Нова-Баршчоўка, Лоеўскага раёна. — Выбар абумоўлены менавіта мовай газеты, яе беларускасцю і беларускамоўнасцю. У нашай мясцовасці людзі размаўляюць на так званай трасянцы, але ж гэта не перашкаджае ім любіць сваю. Помню, з якім замілаваннем слухала яе, дастаткова чыстую, літаратурную, ды "жыўцом", на Гродзеншчыне, на Міншчыне. Але ж ніколі, здаецца, — ад нашых кіраўнікоў. Карыстацца ёю яны лічаць за абразу, ці што?

Таму ў справе адраджэння мовы на іх, мусіць, не варта ўскладаць вялікіх надзей, хоць, безумоўна ж, працэс распаўсюджвання зверху ўніз быў бы больш эфектыўным. А вось на дзеячаў культуры, на сродкі масавай інфармацыі (асабліва тэлебачанне) спадзявацца хацелася б, бо яны могуць многае, калі, зразумела, ёсць там хоць жменька патрыётаў. Пакуль жа з экранаў гучыць толькі другая дзяржаўная. Адзін, лічы, прыкметны голас — у Міхася Равуцкага. Няўжо ж болей ніхто не ведае беларускай? Ці проста каманды не было перайсці на яе? Упэўнена: першы нацыянальны канал павінен вяшчаць па-беларуску. Гэта — без варыянтаў. А вось радыё мяне цешыць. Там працуюць сапраўдныя патрыёты! Таму я зусім мала гляджу тэлевізар, болей слухаю іх".

Што называецца — досвед варты пераймання (тым больш, што тэлевізар глядзець не модна)!..

Але ж гэта не ўсё: ёсць у Юліі Рыгораўны і сваё меркаванне наконт старых, забытых слоў: "Не патрэбна іх выцягваць немаведама адкуль, — лічыць чытачка. — Ну і што, што яны некалі былі, але ж не прыжыліся, забыліся".

Да гэтай тэмы газета звярталася і не раз, але ж...

У апошні.

Многія лічылі (і лічаць!), што "не прыжыліся" (і нават не прыжывуцца) у нас слова спадар, спадарыня, спадарства. Мне асабіста гэта нагадвае даўні сатырычны малюнак. На ім (бачу як зараз) было вясельнае, упрыгожанае аўто, наперадзе ў якога бегла жанчына (трэба разумець маці жаніха ці нявесты) з "транспарантам: "А я ўсё роўна супраць!".

Вось і мы некага (нечага) не прымаем, упарцімся, губляем час, а потым не разумеем, чаму гэта іншыя... бабулі ўжо цешацца ўнукамі, чакаюць праўнукаў, а мы ўсё выбіраем, шукаем (ці чакаем?) таго найлепшага жаніха, тую найлепшую нявесту. Замест таго, каб проста прыняць тых, каго, магчыма, сам Бог нам даваў... І паспрыяць — маладой сям'і. Альбо слову. Гэта складана? Ды калі б... А то замяніце заўтра "Паважаныя пасажыры, сябры, гледачы, слухачы, спажыўцы, карыстальнікі..." на "Шаноўнае спадарства" ў гарадскім транспарце, сродках масавай інфармацыі, у навучальных установах, працоўных калектывах, "пракруціце" некалькі рэкламных ролікаў па тэлебачанні і праз тыдзень (!) справа зроблена: з'явіўся свой зварот, з'явілася пачуццё нацыянальнай прыналежнасці і годнасці.

Можна, ну вядома ж, гэтага не рабіць, — чакаць далей, заставацца "мужчынамі" і "жэншчынамі", можна ўзняць чарговую дыскусію на тэму, у каго лепш пазычыць зварот — у палякаў ці ўсё ж расіян? Бо свой жа горшы...

Пісала "Звязда" і пра слова супруги, якое ў перакладзе на беларускую "дзеліцца" на два — асобна муж, асобна жонка. А навошта асобна, калі было ў нашай мове слова сужэнцы?..

Як быў і застаецца бясконцы россып іншых прыгажэнных слоў: безмеж (бязмежны прастор), неруш (нешта некранутае...), парукацца (павітацца за руку), паняверка (страта веры), пачужэць (стаць некаму чужым), прадажнік ( чалавек, які за нешта прадаўся), сухмарак (белая бездажджавая хмарка), тараноўка (вялікая цёплая хустка), фундуш (шчодрая ахвяра на патрэбы цэрквы), фатэль (мяккае крэла), бо ёсць яшчэ не мяккае, якое, нават тыя, хто ведае беларускую часта называюць стулам, хоць стул па-беларуску — гэта (прабачце за фізіялогію) толькі дзеянне кішэчніка.

Большасць з прыведзеных (і не прыведзеных!) рэдка ўжывальных слоў у тлумачальных слоўніках пазначана кароткім "абл." Гэта значыць, што яны, гэтыя моўныя скарбы, характэрны для пэўных мясцін: ужываюцца, напрыклад, на той самай Гродзеншчыне альбо... Гомельшчыне, дзе жыве шаноўная чытачка з прыгожым прозвішчам Міхута, дзе, цалкам магчыма, жылі, ужываючы гэтыя словы, яе бацькі, яе дзяды і прадзеды...

Не веру, што ёй, наступніцы, любячы беларускую, не хочацца чуць, не хочацца бачыць на старонках газеты словы сваіх прашчураў ( альбо і свае). Іншая справа — чужыя. Рэжуць, магчыма, вуха, раздражняюць вока. Бо не заўжды разумееш сэнс.

Значыць, у гэтым і наша віна, — паспрабуем тлумачыць: у бліжэйшы час у газеце, дасць Бог, з'явіцца адпаведная рубрыка.

Але ж ёсць, на жаль, рэчы, якія тлумачыць цяжка. У чарговым канверце — ліст з фатаграфіяй. "Людзі абураюцца — і справядліва — калі чуюць слова дзярэўня, піша спадар Лукша з Пастаўшчыны. — У нас жа яго не проста гавораць, а, як бачыце, пішуць. З'явіўся гэты паказальнік на месцы ранейшага "Старая вёска" не так даўно, пасля капітальнага рамонту дарогі Камарова (Мядзельскі раён) — Лынтупы (Пастаўскі) і, безумоўна ж, стаў рэзаць вочы. Але ж я, напэўна, змаўчаў бы, калі б не публікацыі ў "Звяздзе". Пасля іх — не хачу, бо дарога гэта вядзе да заказніка "Блакітныя азёры", летам туды цугам ідзе і едзе народ. Чым для яго стане гэта дзярэўня? Ну, безумоўна ж, аб'ектам насмешак і лыжкай дзёгцю, здольнай сапсаваць усе ўражанні".

Не думаю, што з'явілася яна, гэтая лыжка, ад непісьменнасці. Вёску, мо, і насамрэч звалі вось так — Старой Дзярэўняй. Ну былі ж на карце Хрэнава, Ліхадзеі, Плевакі... А колькі засталося — Пабядзіцеляў, Акцяброў, Ленінаў, Лучоў, Дзвігацеляў, Залогаў Пяцілеткі... Ёсць нават Сярэнеўка, з якой, па чутках, дзяўчатак замуж не бяруць... З гэтым рабіць нешта трэба, а вось са Старою Вёскай?..

Колькі галоў, — столькі меркаванняў.

←??? ????, ??????

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика