Пялёнка і спавівальнік

Источник материала:  

Пялёнкі ў народнай культуры параўноўвалі з тканінамі (палотнамі), якія выкарыстоўвалі падчас вяселля ці пахавальнага абраду, і таму зразумелае асаблівае стаўленне да працэсу іх вырабу і правілаў карыстання. Кантакт дзіцяці з пялёнкамі (у тым ліку і іншым дзіцячым адзеннем) меў на ўвазе "пераход" да яго пэўных якасцяў, рыс характару, хвароб, няўдач і інш.

   Паўсюдна існавала правіла, якое забараняла цяжарнай жанчыне рыхтаваць пялёнкі загадзя. Пра пялёнкі для нованароджанага павінны былі паклапаціцца свякроўка ці маці парадзіхі.

   У момант нараджэння нашы продкі практычна не выкарыстоўвалі пялёнкі. Бабка-павітуха загортвала толькі што народжанае дзіця ў бацькоўскую кашулю або матуліну спадніцу, каб сын любіў і паважаў бацькоў. Не бралі адзенне таго з бацькоў, у каго быў складаны, рэзкі характар. Часам хлопчыка загортвалі ў адзенне маці, а дзяўчынку — у адзенне бацькі, каб такім чынам усталяваліся мір і спакой у сям'і. Лічылася, што, калі загарнуць нованароджанае дзіця ў кашулю дзеда, яно будзе доўга жыць.

   Пялёнкі шылі са старога адзення ці пасцельных прыналежнасцяў. Калі для пялёнак бралі старое адзенне, то абавязкова таго члена сям'і, чый характар і стан здароўя не выклікалі трывогі.

   У замовах на здароўе кажуць, што "Сама Багародзіца пялёнкай гасподняй" агортвае (ахоўвае) нованароджанага.

   Для абраду хрышчэння пялёнкі шылі з новай, абавязкова белай (светлай) тканіны. Іх упрыгожвалі вышыўкай, карункамі. Лічылася, што "спавівальнік" (пояс, якім спавівалі дзіця) павінен быць чырвонага колеру. У царкве хросная маці на працягу ўсяго абраду трымала пялёнкі і спавівальнік, каб такім чынам "адзенне" хрэсніка таксама было асвечаным.

   "Хрэсьбінныя" пялёнка і спавівальнік былі надзейным абярэгам для немаўляці: іх клалі ў калыску, бралі з сабой, калі выносілі дзіця з хаты.

   Асаблівае стаўленне было да рытуалу першага спавівання. Меркавалі, калі дзіця ў час першага спавівання пачне крычаць, то будзе сярдзітым.

   На працягу першых 9 дзён дзіця спавівала бабка-павітуха.

   Нашы прабабулі лічылі, што тугое спавіванне надасць стройнасць фігуры і будзе спрыяць росту дзіцяці.

   З пялёнкамі прыходзілі жанчыны ў "адведкі". Пялёнкі былі абавязковым падарункам для бацькоў дзіцяці.

   Існавалі строгія правілы ў дачыненні да пялёнак. Так, на працягу 40 дзён пасля нараджэння дзіцяці пялёнкі не выносілі сушыць на двор.

   Прасці пялёнкі дазвалялася толькі раніцай. Сушыць пялёнкі таксама дазвалялася толькі да заходу сонца. Той, хто пакідаў пялёнкі на двары пасля заходу сонца, мог наклікаць на дзіця невылечныя хваробы, яно магло страціць сон, стаць плаксівым.

   Пялёнкі забаранялася выкарыстоўваць для іншых мэт — у іх можна было толькі спавіваць дзяцей.

   Пялёнкі, у якіх хрысцілі дзіця, у паўсядзённым жыцці больш не выкарыстоўвалі. Іх прасавалі і хавалі, каб выкарыстаць у час хрышчэння наступнага дзіцяці. Казалі, што дзеці, хрышчоныя ў адным адзенні, будуць сябраваць паміж сабой і клапаціцца адно пра аднаго.

   Дзіцячыя рэчы (пялёнкі, цацкі і г.д.) да года забаранялася каму-небудзь аддаваць ці прадаваць. Катэгарычна забаранялася спальваць дзіцячыя рэчы.

   Калі дзіця памірала, яго хавалі ў тых пялёнках ці ў тым адзенні, у якім хрысцілі. Бабка-павітуха заўсёды насіла з сабой пялёнкі, каб быць напагатове ў самых непрадказальных сітуацыях. Пасля смерці ў труну такой жанчыне абавязкова клалі пялёнку, каб і на "тым свеце" яна не забывала пра сваё рамяство.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←??? ????, ??????

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика