Міхаіл Кавалёў: "Калі мы працуем разам у Саюзнай дзяржаве, нам трэба навучыцца дамаўляцца..."

Источник материала:  

Пагадненне наконт паставак расійскай нафты ў Беларусь на гэты год дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў падчас відэабрыфінгу ў Мінску, арганізаванага Нацыянальным прэс-цэнтрам, назваў лепшым за папярэдняе. Разам з тым ён заявіў, што прадугледжаная пагадненнем прэмія расійскім нафтатрэйдарам абсалютна несправядлівая і не адпавядае духу і літары адзінай эканамічнай прасторы дзвюх краін.

Прафесар Кавалёў лічыць, што па любых правілах нафту ў межах агульнай мытнай тэрыторыі неабходна прадаваць па адзіных цэнах плюс надбаўкі за яе транспарціроўку, але ніяк не прэміі за тое, што Беларусь мадэрнізавала свае нафтаперагонныя заводы. "Нашы нафтаперагонныя заводы сёння працуюць больш эфектыўна, чым расійскія, і толькі таму мы павінны выплачваць прэмію ў 45 долараў за кожную тону нафты расійскім нафтатрэйдарам", — падкрэсліў Міхаіл Кавалёў. Гэта значыць, кажа ён, мы павінны дзяліцца даходамі, атрыманымі ад перагонкі нафты. "На мой погляд, гэта абсалютна несправядліва, а ў выпадку з Мазырскім НПЗ супярэчыць любому здароваму сэнсу, паколькі апошні напалову належыць таксама і расіянам". На думку прафесара, рана ці позна ў Расіі зразумеюць, што лепш на тэрыторыі Беларусі пабудаваць, напрыклад, нафтахімічны кластар для перапрацоўкі сумесна нафты і продажу нафтапрадуктаў у Еўропу, а не будаваць новыя трубы накшталт БТС-2 з мэтай пампавання сырой нафты для перапрацоўшчыкаў у Еўрасаюзе. "Калі мы працуем разам у Саюзнай дзяржаве, нам неабходна навучыцца дамаўляцца, каб гэта была сапраўды адзіная эканамічная прастора", — зазначыў ён.

Акрамя таго, Міхаіл Кавалёў, закранаючы пытанне паставак расійскага газу, выказаўся за тое, што цэны на блакітнае паліва як для расійскіх спажыўцоў, так і для беларускіх павінны быць аднолькавымі. "Цэны на газ павінны быць аднолькавымі для расійскіх і беларускіх спажыўцоў плюс кошт дастаўкі паліва ў Беларусь. Я ўпэўнены, — кажа ён, — што рана ці позна гэта адбудзецца".

Наогул, на думку эксперта, у межах АЭП для ўсіх суб'ектаў гаспадарання павінны быць створаны роўныя ўмовы, не павінна быць ільготнага крэдытавання для сваіх, не павінна быць прэферэнцый пры правядзенні тэндараў і г.д. "Галоўнае, каб дамоўленасці па адзінай эканамічнай прасторы і адзінай мытнай тэрыторыі стапрацэнтна захоўваліся, а не было б так, як з нафтай, — падкрэсліў ён. — І Беларусь выконвае ўсе дамоўленасці па адзінай эканамічнай прасторы, яна першай ратыфікавала ўсе гэтыя пагадненні, і ад сваіх партнёраў мы чакаем таго ж".

Каментуючы магчымае аб'яднанне двух вытворчых гігантаў — МАЗа і КамАЗа, Міхаіл Кавалёў не пагадзіўся з асцярогамі, якія часам выказваюцца, што размова ідзе пра паглынанне расійскім прадпрыемствам беларускага. "Я б не сказаў, што размова ідзе пра паглынанне, размова ідзе пра аб'яднанне намаганняў у канкурэнтнай барацьбе на агульных рынках, — мяркуе ён. — І, відавочна, што гэта адпавядае як інтарэсам Беларусі, так і Расіі". Паводле слоў эксперта, аўтамабільны завод пры цяперашняй канкурэнцыі можа выстаяць, калі ён вырабляе не менш за 500 тысяч легкавых аўтамабіляў у год, а грузавых — мінімум 100 тысяч. Сёння ж той жа КамАЗ выпускае каля 35 тысяч машын, што няшмат. Улічваючы гэта, лічыць Міхаіл Кавалёў, калі мы не аб'яднаем свае намаганні, то рана ці позна і расіянам, і беларусам прыйдзецца выкарыстоўваць кітайскія аўтамабілі. "Проста відавочна, што ў цяперашняй сітуацыі, калі кітайскія тавары прасоўваюцца і на расійскі рынак, і на беларускі, нам неабходна аб'ядноўваць свае намаганні, — кажа ён. — Сапраўды, ёсць прыклады як удалых, так і няўдалых аб'яднанняў аўтазаводаў. У нашых умовах важна так прапрацаваць умовы аб'яднання, каб гэта сапраўды быў моцны саюз, узаемавыгадны для абодвух бакоў".

Прафесар не адмаўляе таго, што падобнае аб'яднанне будзе дыскутавацца пэўны час: як гэта аптымальна зрабіць, у прыватнасці, ці ствараць кіруючую кампанію, якой будуць аддадзеныя пакеты акцый.

Аднак, кажа ён, узнікае наступнае пытанне: якая доля акцый будзе аддадзеная гэтай кампаніі, калі 100 працэнтаў, то ў якой прапорцыі? "Але гэта тэхнічныя пытанні, яны вырашальныя ў працэсе перагавораў, — дадае ён. — Аднак яны павінны быць вырашаныя такім чынам, каб атрымаўся моцны саюз на доўгія часы, які будзе канкурэнтным на знешніх рынках. Да таго ж, мяркуе Міхаіл Кавалёў, у гэты саюз неабходна уключаць не толькі МАЗ і КамАЗ, але і некаторыя іншыя заводы, у прыватнасці, Яраслаўскі маторны завод і Мінскі маторны. "Тады сапраўды атрымаецца транснацыянальная карпарацыя сусветнага маштабу", — падкрэсліў ён.

Не згодзен эксперт і з тым сцвярджэннем, што аб'яднанне згаданых прадпрыемстваў — банальнае ўстараненне беларускага канкурэнта. Ён патлумачыў, што ёсць сегменты, у якіх інтарэсы прадпрыемстваў не перасякаюцца: вядома, што МАЗ вырабляе не толькі грузавікі, але і аўтобусы, і шмат іншай тэхнікі. Разам з тым ён упэўнены, што ўсё трэба вельмі тонка пралічваць. "Тое ж, што аб'яднанне мяркуецца зрабіць не шляхам інвестыцый, а шляхам абмену акцый — гэта тыповая сусветная практыка, так адбываецца аб'яднанне буйных прадпрыемстваў, — нагадаў ён. — Іншая справа, што вельмі дыскусійным будзе пытанне ацэнкі КамАЗа, які сёння ацэньваюць па рынкавых каціроўках прыкладна ў 2 мільярды долараў. У МАЗа каціровак няма, а рознымі ўскоснымі метадамі расіяне ацэньваюць яго, на мой погляд, заніжана, прыкладна ў 0,5-0,7 мільярда долараў. Я думаю, што патэнцыял МАЗа большы, ацэньваць яго трэба вышэй пры вызначэнні прапорцыі абмену акцыямі".

Міхаіл Кавалёў яшчэ раз падкрэсліў, што ў выпадку аб'яднання намаганняў гігантаў будзе створана карпарацыя, кошт якой будзе вельмі вялікім і якая зможа лёгка пазычаць грошы на знешніх рынках. "Галоўная мэта КамАЗа менавіта гэтая, каб пад невялікія працэнты пазычаць грошы на знешніх рынках", — мяркуе ён.

Яшчэ адна добрая якасць аб'яднання прадпрыемстваў — "мы зможам аб'яднаць нашу навуку, як гэта было ў савецкія часы, і ўтрымліваць агульныя інстытуты, якія будуць распрацоўваць новыя тэхналогіі, навацыі і для МАЗа, і для КамАЗа". Як лічыць Міхаіл Кавалёў, адзіная перашкода на шляху да эфектыўнай працы па аб'яднанні — тое, што кантрольны пакет акцый КамАЗа належыць дзяржаве ў выглядзе карпарацыі "Растэхналогіі". Акцыі МАЗа таксама належаць дзяржаве. "Мы пакуль не стварылі адпаведную структуру ці камітэт па кіраванні дзяржаўнымі пакетамі акцый у акцыянерных таварыствах, — зазначыў эксперт. — Дзяржаве заўсёды больш цяжка дамовіцца, чым прыватным структурам, таму што палітыкі ўмешваюцца ў працэс". Ён таксама дадаў, што саўладальнікам КамАЗа з'яўляецца "Даймлер Крайслер", які мае вялікі рынкавы вопыт станоўчых і адмоўных аб'яднанняў. "Ёсць звесткі, — падзяліўся прафесар, — што менавіта апошняя кампанія настойвае на аб'яднанні, каб рэзка палепшыць свае пазіцыі сярод іншых кампаній".

Міхаіл Кавалёў таксама ўпэўнены ў тым, што Беларусь разам з партнёрамі па АЭП павінны думаць над тым, як узнавіць былую тэхнічную магутнасць агульнай калісьці дзяржавы СССР у новых формах і новых эканамічных рэаліях. Будаваць разам неабходна эканоміку ведаў, лічыць ён. І Расія, і Беларусь займаюцца мадэрнізацыяй сваіх эканомік, а таму, мяркуе прафесар, накіраваныя на гэта праграмы павінны быць партнёрамі ўзгодненыя і цэнтралізаваныя. "Зразумела, павінна больш дакладна каардынавацца наша навука, мы павінны ствараць адзіную інавацыйную сістэму, з больш-менш адзінымі правіламі дзеяння. І было б радасна, каб мы імкнуліся не столькі паглынуць заводы адзін аднаго, колькі імкнуліся ствараць агульныя венчурныя фонды, якія я б фінансавалі інавацыйную дзейнасць на тэрыторыі нашых дзяржаў. У гэтым выпадку мы сапраўды станем канкурэнтнымі ў новай эканоміцы — эканоміцы ХХІ стагоддзя", — канстатаваў эксперт.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←??? ????, ??????

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика