"Хацелі б зрабіць на доме дах з шыферу. А сусед супраць..."

Источник материала:  

З аграгарадка Залессе Смаргонскага раёна са сваёй праблемай патэлефанавала жыхарка двухпавярховага блакіраванага дома на дзве кватэры. Яе сям'я якраз жыве ў прыватызаванай кватэры на другім паверсе. "Дах у дома пляскаты. Літаральна штогод самі мусім яго рамантаваць, мяняць руберойд. Аднак ён усё роўна цячэ. Надакучыла гэта, вырашылі зноў жа самастойна — гатовыя на сто працэнтаў прафінансаваць патрэбныя работы — набыць шыфер, іншыя неабходныя будаўнічыя матэрыялы, узмацніць канструкцыю. Звярталіся ў раённы выканкам па адпаведны праект. Аднак высветлілася, што для правядзення работ патрэбная яшчэ і згода нашага суседа. А ён яе даваць катэгарычна адмовіўся, як мы яму ні тлумачылі, што новы дах для нас вельмі важны. Падкажыце, якім чынам можна паўплываць на суседа, якія законныя шляхі вырашэння праблемы могуць быць?"

Пераадрасаваўшы гэтае пытанне работнікам Смаргонскага райвыканкама, мы, на сваё здзіўленне, асаблівага паразумення там не знайшлі. У прыватнасці, загадчык сектара па працы са зваротамі грамадзян Віктар ЗАЯНЧКОЎСКІ, які зняў слухаўку, адразу замест адказу, па сутнасці, сам паставіў пытанні рубам. Маўляў, а чаму заяўніца тэлефанавала ў газету? Чаму не звярталася ў сельскі Савет, у райвыканкам — на трэці паверх, пакой 308? І далей у тым сэнсе, што прынамсі за апошнія шэсць гадоў, з прыходам новага старшыні, не было такога, каб праблема чалавека, што звярнуўся па дапамогу, не была вырашанай.

У сувязі з вышэйсказаным дазволім сабе яшчэ раз паўтарыць тое, што мы ўжо гаварылі суразмоўцу: па-першае, як вынікае са слоў самой заяўніцы, яны ўжо звярталіся ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва; па-другое, у чалавека ёсць права патэлефанаваць і ў газету.

...У жыллёвым аддзеле абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі на пытанні адрэагавалі больш спакойна. Хоць вырашыць праблему, што турбуе сям'ю заяўнікаў, усё ж аказалася не так проста. Тэлефон, пакінуты для зваротнай сувязі жанчынай, аказаўся з памылкай. Нават пасля яе выпраўлення на працягу некалькіх дзён запар слухаўку так ніхто і не зняў ніводнага разу.

Так, сям'я чытачкі пражывае ў прыватызаванай кватэры. А сусед? Калі таксама, абавязаць яго нешта зрабіць будзе праблематычна. Калі ж кватэра дзяржаўная, наймальнік будзе абавязаны падпарадкавацца прынятаму рашэнню адносна рэканструкцыі даху. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Звярнуцца па праект і атрымаць яго — гэта розныя рэчы. Трэба бачыць пашпарт дома, яго цяперашні стан. Хоць заяўніца і гаварыла, што ўсе навокал ужо рэканструявалі дахі ў падобных дамах, прычым самастойна, і толькі пасля гэтага ўзаконьвалі работы, пагадзіцеся, лепш адразу ўзгадніць усе моманты.

Дарэчы, сама заяўніца між іншым заўважыла, што незадаволенасць у суседа выклікала, у прыватнасці, навіна, што пасля ўладкавання новага даху вада з ліўнёўкі будзе трапляць на яго дарожку. Выходзіць, вырашаючы сваю глабальную праблему, якая літаральна датычыцца даху над галавой, людзі адначасова ствараюць нязручнасці іншым? Няхай, магчыма, і невялікія, але факт застаецца фактам. І як ні спрабавалі мы звярнуць увагу жанчыны на гэты момант, склалася ўражанне, што яна шчыра не разумее, пра што тут гаварыць. Зноў жа, як высветлілася, сусед мае прынамсі ўскоснае ўяўленне (зыходзячы з яго прафесійнага занятку) пра асаблівасці канструкцый дамоў. І яго меркаванне варта было б таксама ўлічыць?..

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Галасы... з паднябесся

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика