Плынь пяшчоты
Жыццё заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Раманскай складваецца, як песня. Як беларуская песня. А ў ёй — за няспешным разгортваннем жыццёвых падзей раскрываецца эмацыйна напружаны, пачуццёва багаты духоўны свет. Знешне яе творчы шлях выбудоўваецца роўным, нават магістральным: без перапынку змяняюцца школа — універсітэт — харавы калектыў. Але кожны крок напоўнены душэўна-трапяткой прачуласцю.
Палеская прастора песціла будучую зорку шырока вядомага ансамбля народнай музыкі "Бяседа". Яна нарадзілася 27 студзеня 1961 года ў вайсковым гарадку Мышанка Петрыкаўскага раёна. Неўзабаве бацьку Міхаіла Пятровіча Раманскага перавялі па службе, і сям'я — маці Зоя Васільеўна з дочкамі Сашай і Натай — пераехала следам у раённы цэнтр. Ад прыроды чыстая, высокадухоўная энергія спрыяла развіццю артыстычнага таленту Наталлі, гартавала яе характар. З мілай асалодаю згадваецца і цяпер ёй сярэдняя школа № 3, суладны педагагічны калектыў і ў ім — першая настаўніца Антаніна Сафронаўна Дземітко і класны кіраўнік Ксенія Фёдараўна Целюкова. А пасля школьных заняткаў дзяўчына спяшалася ў музычную сямігодку, дзе авалодвала фартэпіянным мастацтвам.
Беларускі ўніверсітэт культуры, які Наталля паспяхова закончыла ў 1982 годзе, пашырыў кругагляд, а песня ўвайшла ў яе жыццё трывала і змястоўна. Сапраўднай акадэміяй спеваў для маладой выпускніцы стаў Дзяржаўны народны хор імя Генадзя Цітовіча. На сцэне ў абліччы песні панарамна вымалёўвалася ўся Беларусь — працавітая, духам нязломная, разнастайна спеўная. Тут вырашыліся яе асабістыя сямейныя справы, прыйшло грамадскае прызнанне — атрымала ганаровае званне (1997).
Усебакова выявіўся талент Наталлі Раманскай у ансамблі народнай музыкі "Бяседа". Яна мае прыгожы, пранікнёна светлы голас, выключную музыкальнасць. Надзвычай тонка перадае спявачка душэўныя хваляванні ў лірычных песнях. Многія кампазітары даручылі ёй першай выканаць іх творы, і яны загучалі і за межамі нашай краіны. Ужо трэцяе дзесяцігоддзе яны плённа працуюць у суладдзі — "Бяседа" і заслужаная артыстка краіны Наталля Раманская.
Плынь пяшчоты
Верш Галіны Кутас Музыка Леаніда Захлеўнага
Ноч пуховым пледам туману
Заклапочана нас ахіне.
Паміж намі не будзе,
не будзе падману,
Шчасце зоркаю
зноў падміргне.
Ад пявучай тваёй гаворкі
І пралескавай сіні вачэй
Знікне прысмак мінулага
крышачку горкі,
Стане неяк на сэрцы лягчэй.
Плынь пяшчоты
тугу заглушыць,
Ды расстанне усё ж настае.
Нас, нібыта бы птушак,
прыручаных птушак,
Час вяртае у гнёзды свае.
Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.