Каб бяда не падвоілася

Источник материала:  

Калі ў хаце паміраў чалавек, неабходна было завесіць ці перавярнуць люстэрка да сцяны. У момант прыхода "смерці" ў хату нашы продкі не раілі глядзецца ў люстэрка, каб мы не ўбачылі мяжу паміж тым і гэтым светам адкрытай. Чалавечая свядомасць можа не вытрымаць, калі ўбачыць, што адбываецца там — у іншым свеце.

 Акрамя гэтага, лічылася, што смерць можа "падвоіцца", г.зн. забярэ яшчэ кагосьці — звычайна, таго, хто першым паглядзеў у люстэрка. Таму ў некаторых рэгіёнах, каб захаваць сваю сям'ю ад новай смерці, пасля пахавання да люстэрка першай падносілі кошку.

 Часам люстэрка завешвалі яшчэ да надыходу смерці — каб палегчыць адыход чалавека ў іншы свет.

 Люстэркі ў хаце заставаліся завешанымі да таго моманту, пакуль з хаты не вынеслі нябожчыка, часам — да 9 ці 40 дзён пасля смерці, радзей — на працягу ўсяго памінальнага года.

 Акрамя экранавання люстэрак, значную ўвагу надавалі вадзе, якая была ў хаце, з-за той жа здольнасці адлюстроўваць выявы. Ваду неабходна было выліць ці закрыць.

 У святы, якія звязаны з ушанаваннем памерлых, таксама забаранялася глядзецца ў люстэрка. Асаблівая забарона тычылася панядзелка на Пакутным тыдні.

 Забаранялася глядзецца ў люстэрка ноччу, а таксама ў час навальніцы і ўдараў маланкі. Лічылася, што ў такія хвіліны можна ўбачыць сваю смерць, пасталець раней часу, страціць сваю прыгажосць і здароўе, пачаць бачыць дрэнныя, "цяжкія" сны.

 Тыя ж забароны на кантакт з люстэркам існавалі і ў момант нараджэння дзіцяці. Парадзісе катэгарычна забаранялася глядзецца ў люстэрка.

 На працягу першага года жыцця дзіцяці забаранялася кантактаваць з люстэркам. Лічылася, што дзіця ўбачыць там сваю сталасць, згубіць спакой і сон, доўгі час не будзе размаўляць, будзе заікам, спужаецца, яго жыццё "перавернецца" і яно перастане расці і развівацца.

 Разам з тым да маладых пасля вянчання падносілі люстэрка, у якое яны павінны паглядзець разам — "каб жыць у пары".

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Галасы... з паднябесся

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика