Двайное свята ў глыбінцы
Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі павіншаваў жанчын з глыбінкі са святам, уручыў падзячныя лісты Міністэрства за значны асабісты ўклад, за рэалізацыю інфармацыйнай палітыкі.
Учора ён наведаў Новалукомль, сталіцу беларускай энергетыкі. Невыпадкова член урада прыехаў у Чашніцкі раён, бо жыхары менавіта гэтага раёна выбралі яго дэлегатам Усебеларускага Сходу. І на працягу пяці гадоў міністр будзе прадстаўляць інтарэсы рэгіёна: сустракацца з людзьмі, па магчымасці дапамагаць у вырашэнні праблем. У сваім звароце да прысутных міністр нагадаў, што жанчыны ніколі не падводзяць, і калі бяруцца за справу, даводзяць яе да канца.
У другой палове дня ў Новалукомльскім Палацы культуры энергетыкаў пачалася святочная акцыя. Упершыню ўшанавалі сёлетніх уладальнікаў тытула "Чалавек года Чашніччыны" — самых годных людзей, прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі, а таксама жанчын — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, шматдзетных маці. Дарэчы, сярод 16 намінантаў амаль палова жанчыны. Адбыўся канцэрт, выступіць у якім запрасілі вядомую вакальную групу "Чысты голас". Сваё майстэрства прадэманстравалі і лепшыя калектывы раёна.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.