Белы замак
03.03.2011
—
Новости Общества
4-6 сакавіка ў гісторыка-культурным цэнтры "Рыцарскі замак", які знаходзіцца ў вёсцы Астрашыцкі гарадок (15 кіламетраў ад Мінска) пройдзе 11-ы міжнародны рыцарскі фестываль "Белы замак". Плануецца, што фестываль збярэ каля трохсот удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца 4 сакавіка ў 17 гадзін, на гэты ж дзень запланаваны конкурс касцюма і вялікі касцюмаваны бал. У замку пройдуць конкурс пастановачных паядынкаў, турніры лучнікаў, бугурты і конны турнір. Што тычыцца апошняга, дык, па словах Міхаіла Мілаванава, у рыцарскім асяроддзі вядомага як маршал Ордэна Паўночнага храма Эверар дэ Мантэгю, коннага турніру такога ўзроўню, як плануецца, на Беларусі яшчэ не было. Сёння ў рыцараў ёсць коні, пра якіх яшчэ гадоў пяць таму можна было толькі марыць. На іх падрыхтоўку затрачана шмат часу. Сюды з'едуцца лепшыя супернікі з Расіі і Беларусі. Турніры будуць праводзіцца па рыцарскіх канонах сярэднявечча. "Мы адмаўляем спартыўныя мерапрыемствы, якія з'яўляюцца зараз дастаткова моднымі. Нам не хочацца, каб нас называлі зборнай Беларусі ХІІІ—ХІV стагоддзяў. Нам хочацца, каб да нас ставіліся як да людзей з Сярэднявечча, каб дух рыцарства жыў у тым выглядзе, як гэта дайшло да нашых дзён", — заўважае Міхаіл. На тры дні замак будзе ператвораны ў рыцарскі стан, мерапрыемствы будуць перацякаць адно ў другое. У каміннай зале распачнуцца піры. Заўважу: падчас "Белага замка" будуць працаваць тры таверны, і арганізатары абяцаюць шмат розных прысмакаў. У межах фестывалю — майстар-класы па танцах, паказ кліпаў і відэафільмаў на гістарычную тэматыку, ролікаў, якія здымалі рыцарскія клубы, выстава сярэднявечнай мініяцюры, сярэднявечны кірмаш, музычна-тэатральная праграма, якая ўключае канцэрты менестрэляў і груп, якія выконваюць сярэднявечную музыку, і іншае. Найперш трэба адзначыць, што тут будуць задаваць настрой удзельнікі маладога гродзенскага калектыву "Ірдорат" (дарэчы, гурта, у складзе якога адзіная на Беларусі дзяўчына-валыншчыца). Між іншым, "Ірдорат" стане гуртом "Рыцарскага замка" і будзе задзейнічаны ва ўсіх яго праграмах. Пройдзе некалькі сярэднявечных спектакляў, што дарэчы, было распаўсюджана ў старадаўнія часы, калі мужчыны хадзілі ў даспехах і пакланяліся прыгожым дамам. У межах фестывалю адбудзецца і прэзентацыя новай канцэртнай праграмы "Масленіца з Аляксандрай і Канстанцінам". Як паведамілі самі выступоўцы, плануецца, што гэта будзе цікавае, вясёлае свята, дзе гасцей будуць частаваць блінамі, вадзіць з імі карагоды і паліць пудзіла. Алена Дзядзюля.