Ці ўваходзіць рамонт пад'езда ў тэхнічнае абслугоўванне?
03.03.2011
—
Новости Общества
Пытанні наконт тэхнічнага абслугоўвання не перастаюць бянтэжыць нашых чытачоў. "Нашаму дому больш за 21 год. І ні разу за гэты час у нас не рабіўся рамонт пад'езда, — расказала па тэлефоне чытачка Марына, што жыве па сталічнай вуліцы Нікіфарава. — Пару разоў мянялі лінолеум у ліфце. А зараз да нас прыйшлі прадстаўнікі ЖЭСа і прапанавалі за наш кошт зрабіць рамонт пад'езда. Маўляў, яны за свае грошы толькі першы паверх змаглі замазаць. Чула, што рамонт пад'езда павінен рабіць ЖЭС з рэгулярнасцю раз у пяць гадоў. І толькі калі жыльцы хочуць зрабіць часцей, то яны павінны "скідвацца". А нашто ўвогуле тады мы плацім за тэхнічнае абслугоўванне?" Праясніць сітуацыю "Звязда" папрасіла начальніка аддзела жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Эдмунда Грышкевіча. — Разумееце, грошы, якія вы плаціце за тэхабслугоўванне, не ідуць на рамонт пад'езда, — тлумачыць спадар Грышкевіч. У тэхнічнае абслугоўванне ўваходзіць усё, што датычыцца ўтрымання дома. Гэта прыбіранне месцаў агульнага карыстання, тэрыторыі, пад'ездаў. Тэхнічнае абслугоўванне ўсяго інжынернага абсталявання. Гэта сантэхніка і электрычнае абсталяванне, а таксама аварыйнае абслугоўванне і інш. Па адной прыборцы па горадзе Мінску я налічыў 26 відаў работ. Асноўныя — санітарнае ўтрыманне домаўладання, г.зн. дворнік павінен падмесці асфальт і тэрыторыю каля дома. Сюды таксама адносіцца скошванне травы, выдаленне смецця са смеццепрымальнай камеры, прыборка снегу зімой, пасыпанне тэрыторыі супрацьгалалёднымі сродкамі. Не забудзем пра вільготнае падмятанне лесвічнай пляцоўкі — 1 раз на дзень, мыццё і дэзынфекцыю лесвічнай пляцоўкі — адзін раз на тыдзень, мыццё вокнаў — два разы на год. У тэхнічнае абслугоўванне ўключаны тэхнічны агляд і абслугоўванне тэхнічных элементаў будынка. Той жа дах нехта павінен абследаваць і сачыць, каб ён быў у нармальным стане. Вы плаціце і за тэхнічны агляд дзвярных і аконных запаўненняў, унутранай і знешняй тынкоўкі, дзіцячай пляцоўкі. Нехта павінен паглядзець, вісяць арэлі ці не, у якім яны стане. Тое самае і з завозам пяску, афарбоўкай і г.д. Гэта таксама і агляд інжынерных сістэм — цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння, ацяпляльных прыбораў, запорна-рэгулюючай арматуры, сістэмы водаадвядзення, цеплаізаляцыі, а таксама воданагравальнікаў, гідраўлічных сістэм, стан электраправодкі гарышчаў ды падвалаў. А таксама паказанні кантрольна-вымяральных прыбораў. Возьмем плату за тэхнічнае абслугоўванне. Напрыклад,120 кватэр, калі ў сярэднім узяць па 50 кв.м, то будзе 6000 кв м. Памнажаем гэтую лічбу на 309, атрымліваем каля 1,9 млн руб. у месяц. Прыбіральшчыцы патрэбна мінімум 600 тыс., пасля туды трэба дадаць 140 тысяч на сацстрах. Халат трэба раз у год купіць, вядро, мяцёлку, ваду трэба аплаціць. І атрымаецца каля 800—900 тыс. Засталося 1,1 млн. Пасля пайшлі выдаткі на электрыка, сантэхніка і г.д. Вось куды ідуць вашы грошы. Нічога лішняга не траціцца, таму грошай на рамонт пад'ездаў у ЖЭСаў не хапае. З-за гэтага і была прыдумана такая форма, як долевы ўдзел жыхароў у рамонце. Вы можаце за свой кошт зрабіць сабе чысціню, а можаце пачакаць капітальнага рамонту. <І>У мяне маленькае дзіця (1,4 года). Суседзі знізу робяць рамонт, пастаянна гудзе дрыль. А дзіця спіць прыкладна з 13.00 да 15.00. На просьбу жонкі не свідраваць яе ў літаральным сэнсе паслалі на тры літары. Ці існуюць нормы для правядзення рамонтных работ у кватэры? І што рабіць у такіх выпадках? Вадзім , Брэст — Згодна з пастановай Савета Міністраў 31.12.2008 праводзіць рамонтныя работы можна з 9.00 да 19.00 у працоўныя дні. Так што фактычна ваш сусед нічога не парушае. Аднак калі сітуацыя становіцца крытычнай, можаце патэлефанаваць у ЖЭС, каб прыйшлі і правялі прафілактычную размову. — Я і мая сяброўка жывём у абсалютна аднолькавых кватэрах у тыпавых дамах. Аднак чамусьці нам прыходзяць розныя сумы на ацяпленне. Мы абслугоўваемся ў ЖЭСе. У чым прычына? Таццяна , Гомель . — Розніца ў аплаце можа быць з-за рознага стану дамоў, — адказаў Аляксандр Маркевіч, дырэктар інстытута "Белжылпраект". — Ад таго, наколькі якасна і добра праводзіцца эксплуатацыя дома, наколькі добра адрэгуляваныя яго сістэмы, залежыць і эканомія цяпла. Таксама на цепластраты ўплывае якасць правядзення бягучага і падтрымальнага рамонту. У адным доме, магчыма, даўно труба была зламаная, і вада зацякала паміж стыкамі. Гэта так парушыла канструкцыю, што яна стала больш цяпла праводзіць. Яшчэ ўплывае адзін момант — рэгуляванне сістэмы. Не заўжды злёту атрымліваецца. Таму дзесьці перапал бывае. Таксама, калі стаіць аўтаматыка, то розныя віды прыбораў законна маюць розныя пагрэшнасці: у аднаго плюс тры адсоткі, а ў другога мінус тры адсоткі. А розніца ж ужо шэсць адсоткаў... На працягу якога часу ЖЭС павінен адрэагаваць на заяўку (пакідала заяўку на прыёме ў дырэктара)? Алена, Бяроза, Брэсцкая вобл. — Нейкага спецыяльнага дакумента, які б рэгламентаваў час прыходу таго ж сантэхніка ці электрыка, няма. Ёсць проста аварыйныя заяўкі, на якія мы рэагуем, па магчымасці вельмі хутка, — патлумачылі ў ЖРЭА Першамайскага раёна сталіцы. — Па звычайнай заяўцы час прыходу вы ўдакладняеце індывідуальна. Ці вам яго паведамляюць у дыспетчарскай службе, дзе рэгіструюць вашу заяўку (не забудзьце запісаць рэгістрацыйны нумар, час і дату заяўкі). Калі вы пакінулі заяўку, аплацілі, але ніхто да вас не прыйшоў, то можаце пісаць скаргу ў ЖЭС на падставе квітанцыі аб аплаце. Калі ў вас ёсць што спытаць ці падзяліцца праблемай, можаце пісаць на электронныя скрыні іnfо@zуаzdа.mіnsk.bу, nаstаzаnkо@gmаіl.соm з паметкай "Жылплошча" альбо тэлефанаваць па нумары 8 (017) 287 18 64. Настасся Занько.