Люстэрка

Источник материала:  
Здольнасць адлюстроўваць навакольны свет нарадзіла ў дачыненні да гэтай рэчы шмат рэгламентацый. Люстэрка як сімвал адлюстравання і падваення рэчаіснасці ў народнай культуры атрымала статус мяжы паміж зямным і "іншым" светам, светам духаў. Нашы продкі лічылі, што ў люстэрку можна ўбачыць мінулыя, цяперашнія і будучыя падзеі, надзялялі яго звышнатуральнай сілай. Тым самым падкрэслівалася асаблівая значнасць гэтай рэчы.  Здольнасць падвойвацца ўспрымалася ў народнай культуры як станоўчая якасць. Лічылася, што нячыстая сіла страчвае сваю магічную здольнасць шкодзіць чалавеку, калі адаб'ецца ў люстэрку. Таму разам з іншымі абярэгамі (напрыклад, асвячонай вярбой, крапівой, чацвярговай соллю і інш.) невялікае люстэрка як абярэг ад нячыстай сілы клалі ў калыску дзіцяці, насілі ў кішэні, вешалі ў хляве.  Сучасная традыцыя вешаць люстэрка побач з уваходнымі дзвярыма тлумачыцца тым, што нашы продкі верылі ў тое, што нячыстая сіла не пажадае "адлюстравацца" (значыць, памерці, знікнуць) і не пойдзе ў хату.  Менавіта люстэрка часцей за ўсё выкарыстоўвалі ў варожбах. Для гэтага неабходна было на святкі з захадам сонца (не ў хаце, а, напрыклад, у лазні) зірнуць у люстэрка, каб там убачыць нарачонага. Часам для таго ж бралі два люстэркі, такім чынам ствараючы калідор паміж тым і гэтым светам.  Рытуальным дзеяннем лічыўся позірк у люстэрка — трэба было "нейтралізаваць" адмоўныя наступствы, калі перад далёкім шляхам вам давялося вярнуцца дадому па нейкіх прычынах.  Разбітае, трэснутае люстэрка ў хаце (г.зн. парушэнне гэтай нябачнай "мяжы") заўсёды выклікала трывогу і лічылася прадказальнікам бяды, хуткай смерці кагосьці са сваякоў.  У народзе лічылася: "Калі разаб'еш люстэрка, цябе чакае сем няшчасцяў". Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, народныя знахары раілі кінуць чацвярговую соль праз левае плячо, а рэшткі люстэрка кінуць у ваду (раку ці возера). Аксана Катовіч, Янка Крук.
←Ці ўваходзіць рамонт пад'езда ў тэхнічнае абслугоўванне?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика