Праца педагогаў у выхадныя дні будзе аплачвацца?

Источник материала:  
(Аб іншых сацыяльных праблемах работнікаў адукацыйнай галіны, якія ўзнімаліся падчас калегіі, чытайце ў бліжэйшых нумарах "Звязды"). "Прыцягненне работнікаў галіны адукацыі ў выхадныя і святочныя дні да выканання абавязкаў, не прадугледжаных службовай інструкцыяй, дапускаецца ў выключных выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мясцовымі пагадненнямі ці калектыўнымі дагаворамі, са згоды работніка, з афармленнем загада кіраўніка арганізацыі, у якім згадваюцца падставы для прыцягнення да гэтай работы, тэрміны, умовы аплаты і (ці) прадастаўлення іншага дня адпачынку ў адпаведнасці з артыкуламі 69, 146 і 148 Працоўнага кодэкса", — такі пункт быў унесены ўчора ў Пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2010—2012 гады. Свае подпісы пад дапаўненнямі ў двухбаковае Пагадненне паставілі сацыяльныя партнёры — міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч і старшыня ЦК галіновага прафсаюза Аляксандр Бойка. Як вядома, і прафсаюз, і Парламенцкая камісія па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе настойвалі на ўнясенні ў Кодэкс аб адукацыі пункта, які б забараняў прыцягваць педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не ўваходзяць у іх непасрэдныя службовыя абавязкі і не прадугледжаны працоўным дагаворам. Дэпутаты справядліва лічылі, што педагог павінен займацца, найперш, выхаваннем і навучаннем дзяцей, а не дзяжурыць на дыскатэках, фарбаваць сцены ці правяраць спраўнасць печак у дамах сваіх вучняў. Аднак гэта ініцыятыва, на жаль, не знайшла адлюстравання ў Кодэксе аб адукацыі. Затое цяпер, згодна з галіновым Пагадненнем, работа педагогаў у іх законныя выхадныя дні будзе аплачвацца. Ці, як варыянт, яны змогуць разлічваць на кампенсацыю свайго страчанага выхаднога дня ў выглядзе дадатковага дня для адпачынку. Менавіта з падачы прафсаюза з'явілася і сёння паўсюдна абмяркоўваецца такое паняцце, як "сацыяльны пакет для педагога". На калегіі ў Міністэрстве адукацыі праблема напаўнення сацыяльнага пакета для педагогаў таксама ўзнімалася. — Да нас у прафсаюз паступае шмат прапаноў з месцаў, — паведаміў Аляксандр Бойка. — Для прыкладу, прапануюць вярнуцца да кампенсацыі настаўнікам камунальных паслуг, да кампенсацыі транспартных выдаткаў у тых выпадках, калі настаўнік вымушаны дабірацца, напрыклад, з райцэнтра ў сельскую школу ці наадварот (калі школа ў вёсцы зачынілася). Але ўсе сыходзяцца ў адным: сацыяльны пакет трэба прадугледзець не толькі для школьных настаўнікаў, але і для работнікаў дашкольных устаноў, для інстытуцкіх спецыялістаў і іншых работнікаў адукацыйнай галіны. Бо толькі ў гэтым выпадку можна будзе спадзявацца на прыцягненне ў галіну высокакваліфікаваных спецыялістаў, на прыцягненне ў педагагічныя ВНУ "якасных" абітурыентаў і на спыненне адтоку з галіны педагогаў-мужчын. Намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно падкрэсліў, што трэба аддзяляць бонусы сацыяльнага пакета ад непасрэдных абавязкаў наймальнікаў. — Паняцце "сацыяльны пакет" у заканадаўстве не замацавана, тым не менш у Працоўным кодэксе ёсць цэлая глава, прысвечаная гарантыям і льготам для працаўнікоў, — патлумачыў Казімір Фарыно. — Сярод гарантый, якія наймальнік абавязаны прадастаўляць кожнаму работніку, — аплата бальнічных лісткоў, адпачынак, які аплачваецца працягласцю не менш як 24 каляндарныя дні, сацыяльнае страхаванне, кампенсацыя выдаткаў, звязаных з камандзіроўкамі, і іншыя. А дадатковыя гарантыі, на думку Казіміра Фарыно, установы адукацыі ці аддзелы адукацыі могуць вызначаць, зыходзячы з уласных магчымасцяў, выкарыстоўваючы для гэтага пазабюджэтныя сродкі. Казімір Фарыно прывёў канкрэтны прыклад, калі ў вёску па размеркаванні прыехала працаваць маладая сямейная пара: адзін малады спецыяліст працаваў у школе, а другі — у Доме культуры. Прадастаўленае маладым жыллё не вытрымлівала аніякай крытыкі. Між тым, усяго за тры кіламетры, у аграгарадку, пуставалі два домікі. Аднаго званка хапіла для таго, каб маладая сям'я атрымала годнае жыллё, а вёска займела гарантавана двух спецыялістаў. "Незразумела толькі, чаму гэта пытанне нельга было вырашыць непасрэдна на месцы? Куды глядзелі мясцовыя кіраўнікі?" — дадаў намеснік міністра. Надзея НІКАЛАЕВА.
←Этот день в истории 24 февраля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика