РОЗГАЛАС
24.02.2011
—
Новости Общества
Сярод нежаданых падарункаў да 23 лютага мужчыны назвалі пены для галення і ласьёны Сярод жаданых падарункаў мужчыны называюць рэдкія выданні кніг і падборкі любімых фільмаў, камп'ютарную тэхніку, пачынаючы ад бесправадной мышкі і заканчваючы флэшкай. Узрадуюць мужчыну білеты на канцэрт яго любімай групы або на спартыўны матч. Але самым прыемным падарункам моцны пол лічыць рамантычную вячэру пры свечках з каханай. Памылковым аказалася меркаванне жанчын, што мужчыны не любяць атрымліваць у падарунак кветкі. Амаль 60 працэнтаў прадстаўнікоў моцнага полу заявілі, што былі б вельмі рады атрымаць у падарунак цікавую фларыстычную кампазіцыю. БЕЛТА. Смерць у саломе Корм для жывёлы на трактары МТЗ-82 раздаваў механізатар сельскагаспадарчага прадпрыемства "Міхайлаўскае-агра", што ў Светлагорскім раёне. 58-гадовы мужчына не заўважыў, што ў саломе ляжыць 42-гадовы рабочы гэтай жа гаспадаркі. У выніку няшчаснага выпадка грамадзянін загінуў пад коламі сельскагаспадарчай машыны, -- паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама. Ірына АСТАШКЕВІЧ. Веласіпедыст пад коламі Аўтобус ПАЗ рухаўся па в. Тэўлі (Кобрынскі раён), а перад ім ехаў веласіпедыст. Кіроўца ПАЗа вырашыў аб'ехаць веласіпедыста, але той нечакана змяніў кірунак і апынуўся пад коламі аўтобуса. Веласіпедыст загінуў на месцы. Сымон Свістуновіч. Дым забівае У вёсцы Вітчын Лунінецкага раёна 56-гадовы токар мясцовага прадпрыемства заснуў на канапе з цыгарэтай. Пажар, які не паспеў набраць сілу, хутка патушылі аднавяскоўцы. Але ратаваць не было ўжо каго. І гаспадар дома, і яго маці-пенсіянерка атруціліся прадуктамі гарэння. А ў вёсцы Сакалова Жабінкаўскага раёна пажару наогул ніхто не заўважыў. Пенсіянер закурыў і заснуў. Агонь жа пашкодзіў толькі квадратны метр падлогі і пагас. Але гаспадар задыхнуўся ў дыме. Услед за маці У вёсцы Белянок Драгічынскага раёна ў пятлі знайшлі цела 19-гадовага студэнта. Пракуратура праводзіць расследаванне трагедыі. Але вядома, што хлопец апошнія восем гадоў жыў у бабулі з дзядулем. Менавіта столькі гадоў таму яго бацька забіў жонку і адправіўся за краты. Увесь час сын глыбока перажываў страту маці і гэтае кляймо, што ляжала на сям'і. У нейкі момант пакуты аказаліся юнай душы не пад сілу... А пра дзіця падумаў? У звычайнай кватэры звычайнага дома ў Пінску разыгралася крывавая драма. Паводле галоўнай версіі следства, падставай для сваркі, а потым і забойства стала рэўнасць. Мяркуецца, што 61-гадовы муж спачатку забіў нажом 35-гадовую жонку, а потым скончыў жыццё самагубствам. Целы іх знайшлі ў кватэры, калі туды зайшла міліцыя. Сын сужэнцаў вярнуўся са школы і не мог трапіць дадому, бо кватэра была зачынена знутры. Тады хлопчык пайшоў да суседзяў. Яны і выклікалі міліцыю. Цікава, што сям'я ніколі не лічылася праблемнай. Пра мужа і жонку толькі станоўча гавораць суседзі. Што падштурхнула гаспадара на такую страту розуму, зараз спрабуе высветліць пракуратура. Але хто цяпер верне дзіцяці бацькоў? Яна СВЕТАВА.