Нацыянальная эканамічная стратэгія і інвестары

Источник материала:  

Артыкул хачу пачаць з такога пасылу: мудрасць кіраўніцтва нашай дзяржавы на цяперашні момант будзе ў тым, каб убачыць менавіта зараз, што нас чакае ў найбліжэйшыя 5—10 гадоў у адносінах з нашымі суседзямі як на Усходзе, так і на Захадзе.

Мы навучыліся працаваць у прамысловасці і ў сельскай гаспадарцы (праўда, і раней гэта рабілі нядрэнна). Захавалі і аздаравілі сетку прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі. І вось, калі практычна мы выходзім на перадавыя пазіцыі сярод многіх краін, уключаючы нашых суседзяў, пачынаем здаваць свае лепшыя прадпрыемствы замежным інвестарам. Тут неабходна адзначыць, што інвестар інвестару розніца.

Пры гэтым сцвярджаю, што Беларусь была, ёсць і будзе "прынаднай цукеркай", што для Еўрасаюза, так і для Расіі. І ад нас з вамі залежыць, каб мы не аказаліся ў ролі Калабка з вядомай казкі, дзе ролю Ліскі на сябе прымярае і Расія, і аб'яднаная Еўропа. Праўда, неабходна зрабіць удакладненне, што зрабіць гэта хочуць не самі вышэйназваныя краіны, а пэўныя алігархічныя кланы ўнутры гэтых дзяржаў, якім глыбока напляваць на інтарэсы працаўнікоў і насельніцтва сваіх краін таксама, як і на інтарэсы грамадзян іншых краін, дзе яны выступаюць у ролі інвестараў. У іх адна задача — атрыманне звышпрыбытку для сябе і сваіх манаполій.

Сярод вялікага патоку інвестараў у нашу краіну неабходна вылучыць "інвестараў-мыльных бурбалак". Яны за кошт нашых прадпрыемстваў і інавацыйных рашэнняў зарабляюць не абы-якія капіталы, што знікаюць з-пад носа дырэктараў і начальнікаў маркетынгавых аддзелаў нашых фабрык і заводаў.

Штуршком да з'яўлення гэтага артыкула паслужыла сустрэча аўтара са сваім былым калегам па працы. Мой таварыш курыраваў лінію, дзе неабходна было дасканала ведаць італьянскую мову, акрамя гэтага, ён адзіны супрацоўнік нашага сектара, які валодаў венгерскай мовай. Спецыялістаў па ёй і ў нас, і ў Расіі можна па пальцах пералічыць. Менавіта з акцэнтам на венгерскую мову і прагучыць той аповед, які я хачу адрасаваць чытачу.

Гісторыя пачалася з таго, што яго, як перакладчыка з італьянскай мовы ў Маскве, нанялі дзве расійскія кампаніі для суправаджэння ў паездцы ў Беларусь двух італьянскіх бізнэсменаў. У паездцы ставілася задача наведвання дзвюх нашых швейных фабрык, а таксама фармацэўтычнай вытворчасці. Перамовы з гэтымі прадпрыемствамі вялі выканаўчыя дырэктары расійскіх кампаній, замежнікі толькі назіралі, але потым стала зразумела, што яны з'яўляюцца сапраўднымі ўладальнікамі вышэйназваных маскоўскіх фірмаў, менавіта яны накіроўвалі сваіх выканаўчых дырэктараў-расіян на тыя або іншыя крокі...

Сутнасць іх бізнэсу складаецца ў тым, што яны закупляюць нашы тавары і лекі, што само па сабе нядрэнна. Але вось нюансы... Па касцюмах і штанах: наша падкладка ў Італіі выдаляецца, і там яны ставяць ужо сваю, каб было відаць, што выраб пашыты ў Італіі. Гэта значыць, наш беларускі касцюм, набыты ў нас у раёне 100 долараў, ператвараецца з падкладкай і этыкеткай італьянскай фірмы ўжо ў выраб па цане 350—500 долараў. Наша прадукцыя спачатку ідзе ў Расію, потым адтуль у Італію. Так, транспартныя выдаткі, але гэта дробязь. Частка тавару ўжо з італьянскай маркай асядае ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Латвіі і той жа Маскве. Італьянскія бізнэсмены — выхадцы з Венгрыі, дзе ў іх ёсць і лекавы бізнэс. У паездцы яны размаўлялі паміж сабой па-венгерску, думаючы, што іх ніхто не разумее. Мой таварыш і выгляду не падаў, што ў курсе ўсяго, пра што яны гавораць... Хоць, па яго словах, чухаліся рукі — даць такім бізнэсменам па фізіяноміі, з-за іх абраз у адрас беларускага і рускага народаў. Як яны ганарыліся, што закупляюць нашы лекі. У Венгрыі нашу ўпакоўку мяняюць на венгерскую і прадаюць у краінах СНД і Усходняй Еўропе па цане, якая ў дзясяткі разоў перавышае тую, па якой закупілі лекі ў нас або ва Украіне. Іх "фішка" яшчэ ў тым, што абалонку нашым таблеткам яны робяць з вітаміннага пакрыцця, а асяродак таблеткі наш. Робяць свой бізнэс, нічым не рызыкуючы, бо нашы лекі прайшлі жорсткі дзяржкантроль якасці. Маючы ў Італіі і Венгрыі невялікія заводзікі, дзе за невялікую плату працуюць некалькі дзясяткаў украінцаў, румын, сербаў, яны мараць пад выглядам расійскіх кампаній стаць інвестарамі ў Беларусі і ва Украіне — з мэтай набыцця нашых прадпрыемстваў. Прычым намеры вельмі сур'ёзныя, бо, па іх словах, хто мае ў Еўропе доларавыя актывы, праз год—два стануць банкрутамі, калі своечасова не пазбавяцца ад доларавых знакаў. Таму трэба тэрмінова скінуць гэтыя паперкі рускім, беларусам і ўкраінцам, якія ганяюцца за доларамі. Яны здзекаваліся з нас і нашых суседзяў. Па іх словах, дырэктары прадпрыемстваў у Беларусі і ва Украіне за некалькі дзясяткаў тысяч баксаў гатовыя прадаць сваё прадпрыемства...

Гісторыю, расказаную мне маім таварышам, я магу працягнуць на іншым прыкладзе. У нашым горадзе, усім гэта вядома ў рэспубліцы, размешчаны другі па велічыні ў былым СССР лакафарбавы завод. Дзялкі з-за мяжы, па аналогіі з вышэйназванымі італьянцамі, закупляюць на лідскім заводзе цыстэрнамі фарбу. У Польшчы разліваюць фарбу ў свае прыгожа аформленыя бляшанкі — і выдаюць выраб за свой. Цана, праўда, ужо падскоквае ў два разы. Не саромеюцца на этыкетках паказваць і "завод", які ёсць у тым жа Беластоку. Хоць увесь гэты "завод" уяўляе сабой некалькі кантэйнераў-гаражоў, дзе ўручную разліваюць фарбу ў бляшанкі. Вось так, палец аб палец нават не ўдарыўшы, можна добра зарабіць! Хто прайграе? Вядома, наша дзяржава — з-за непаваротлівасці і недальнабачнасці нашых менеджараў...

Прывяду гістарычны прыклад. У 19 стагоддзі па ўсёй Еўропе славілася галандскае сметанковае масла ў прыгожай упакоўцы. Вось толькі гэтае масла паступала ў Галандыю з Волагды і Кастрамы. Галандскія купцы завозілі масла ў дубовых 200-літровых бочках, якія адыгрывалі ролю тары (прычым згаджаліся купляць масла замежнікі толькі ў дубовых бочках). Затым, як вы правільна зразумелі, масла пакавалі ў сваю абгортку, а бочкі прадавалі французскім вінаробам і каньячным майстрам па вялікай цане, бо па ўсёй Еўропе дубравы былі высечаныя яшчэ ў 18 стагоддзі. Бізнэс працвітаў, а дурнямі, на думку галандцаў, — хто быў? Правільна, гісторыя паўтараецца...

Дарэчы, мой таварыш спытаў мяне: "Чаму ні ў Маскве, ні ў Піцеры не стала вашага славутага Лідскага піва?" Калісьці завод грымеў на ўвесь Саюз па якасці піва, за ім ганяліся, і дастаць яго можна было па вялікім блаце. Цяпер яго можна дастаць толькі ў тых, хто вяртаецца з гасцей з Беларусі. Ён так і заявіў: "Вы страцілі свой нацыянальны здабытак і брэнд!". На пытанне "Навошта паспяховае прадпрыемства аддалі?" адказаць я не змог.

Цяпер станоўчы прыклад інвестара. Гэта г. Бабруйск, дзе і піва пайшло якаснае, ды і другая па велічыні хакейная арэна ў краіне за кошт тых жа інвестараў пабудавана... Завод быў закладзены з нуля. А ўсё чаму? Таму што тут мясцовыя чыноўнікі зрабілі па-дзяржаўнаму; і дзяржава, і людзі выйгралі, ды і інвестар не ў пройгрышы, плюс — павага людзей, а гэта даражэй за грошы будзе...

Дык давайце цаніць і паважаць свой нацыянальны здабытак, які ствараўся рукамі нашых дзядоў і бацькоў!

З павагай да чытачоў Уладзімір Ксенз,

г. Ліда.  

←Тры дзясяткі маршрутаў будуць працаваць інакш

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика