"А Дзед Мароз — цвярозы?!"
Зусім не навагоднія нататкі
Літаральна сёння ў абедзенны перапынак у бліжэйшай кнігарні жанчына купіла цэлы стос — як толькі панесла — плакатаў, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны. Міжволі падумалася: хіба яна ў арміі палітработнікам служыць? Але няўжо ў часці не знайшлося салдата, прапаршчыка, афіцэра, каб паднёс нялёгкую паклажу? Ды і не ў вайсковай форме была пакупніца, а ў звычайным адзенні. Няўжо нястомны прафорг якой-небудзь вялікай арганізацыі ці прадпрыемства рыхтуецца да свята 23 лютага? Магчыма. І гэта толькі пачатак вялікай падрыхтоўкі.
Нездарма ж таварыш Троцкі падпісаў загад Рэўваенсавета аб неабходнасці стварэння ўзброеных сіл 23 лютага 1918 года. Пазней, калі таварыш Троцкі быў не ў пашане, таварыш Варашылаў спрабаваў аспрэчыць мэтазгоднасць вышэйназванай даты, нават выступіў з гэтай нагоды ў газеце "Правда". Ды было позна, працэс пайшоў. І ў значна змененым выглядзе дайшоў да нашых дзён. Спачатку гэта быў найбольш дзень агледзін баявой і палітычнай падрыхтоўкі, дзень маршаў ды ўзнагарод людзей мужнай і патрэбнай кожнай краіне прафесіі. Але з паступовым ростам дабрабыту насельніцтва ён ператварыўся ў мужчынскі дзень з усімі яго атрыбутамі: шкарпэткамі, дэзадарантамі, крэмамі для галення, каньякамі ды піўнымі кубкамі. Ужо і анекдот склалі: "23 лютага — Дзень мужчынскага дэзадаранту, 8 Сакавіка — Дзень помсты за гэты дэзадарант". Пасля навагодніх свят гэта першы ўсеагульны ператрус сямейных бюджэтаў. Зноў надыходзіць крыху забыты пасля Новага года вясёлы тлум, апаноўваюць клопаты, робяцца пакупкі. А ў выйгрышы, вядома, гандляры і вытворцы. І найперш, вытворцы гарэлкі.
І калі пазначаную дату як у сем'ях, так і ў калектывах адзначаюць больш сціпла, то ўсенароднаму вясноваму святу аддаецца належнае з усім размахам. Тонамі закупляецца парфума і мімоза, шампанскае і цукеркі, ладзяцца карпаратывы. І ўжо хто там успомніць прамаці гэтага свята Клару Цэткін, яе паслядоўніц, якія змагаліся за жаночыя правы. А дарэмна. Каб помнілі палымяных рэвалюцыянерак ды іх прамовы на жаночых канферэнцыях, можа, хутчэй вынайшлі б пральныя ды посудамыйныя машыны. А то апошнія гадоў пяцьдзясят толькі ведалі, што славілі жанчыну-працаўніцу ў адпаведны дзень, а самі будавалі касмічныя караблі, атамныя станцыі. На банальную машыну з барабанам, што памые бялізну, не лічылі патрэбным нават траціць канструктарскія мазгі. Лічылі, што жанчына-працаўніца і рукамі памые як мае быць. А калі гэты цуд тэхнікі прывезлі з далёкага замежжа і пасарамацілі айчынных вытворцаў, тады і свае ўзяліся за выраб. Затое святкавалі жаночы дзень заўсёды шчыра і з размахам. У выйгрышы, вядома, заставаліся гандляры і вытворцы сувеніраў, парфумы, кветак. І, найперш, вытворцы гарэлкі.
А яшчэ ў нас ёсць розныя спецыяльныя дні: Дні дэсантніка і памежніка, Дні медыка і настаўніка, Дні будаўніка і працаўніка сельскай гаспадаркі. Увосень ад душы святкуюць аграрыі. Пасля напружанага сельскагаспадарчага года, пасля гарачай бітвы за ўраджай не грэх бывае і разняволіцца. Не адстаюць і будаўнікі. Пасля здачы чарговых аб'ектаў, якія ўзводзяцца, як правіла, раней за ўсе нарматыўныя тэрміны, чаму б не ўшанаваць перадавікоў, а за імі ўсіх астатніх? У выйгрышы, як вы разумееце, застаюцца вытворцы гарэлкі. Як сказаў адзін кіраўнік прадпрыемства, юбілей якога прыйшоўся якраз на вербную нядзелю: "Гарэлка ж посная".
Юбілеі агульныя і ўласныя, сямейныя святы — асобная тэма. Тут у выйгрышы, акрамя вышэйадзначаных суб'ектаў гаспадарання, застаюцца яшчэ і рэстаратары. Яны добра зарабляюць на лічбах: круглыя даты прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і асобных грамадзян святкуюцца, як правіла, у кавярнях і рэстаранах. Адна мая сяброўка, дама пры саліднай пасадзе, бядуе, як неўзабаве перажыць уласнае 50-годдзе. На працы намякаюць, што трэба збіраць шматлюдную вечарынку. Каб не адстаць ад іншых калег, давядзецца здымаць залу ў лепшым рэстаране. А жыццёвая сітуацыя апошнім часам склалася так, што тэрмінова давялося браць некалькі крэдытаў. Ды і праблемы, што зваліліся як снег на галаву, не прыбавілі пазітыўнага настрою. Ды праблемы мусіш вырашаць. А тут яшчэ і гэта... Кажу ёй: "Узваж усё. Калі гэта ўрачыстасць зробіць цябе шчаслівай хоць на нейкі час, варта ўзяць хоць бы яшчэ адзін крэдыт, замовіць залу з белым раялем". "Што ты, — адказвае, — якое шчасце — слухаць няшчырыя прамовы, штучна ўсміхацца ў адказ? Я вельмі хацела б паехаць на той час на чарнаморскае ўзбярэжжа Балгарыі да сваіх старых знаёмых, пасядзець у цішы, паслухаць шум мора і адпачыць ад усяго тлуму апошняга года". Дык што ж перашкаджае гэта зрабіць? Ну як жа, а што людзі скажуць? Іншымі словамі, як можна падвесці рэстаратараў і вытворцаў гарэлкі?
Пра траты да навагодніх свят нават гаварыць не даводзіцца. Гэта для нашага чалавека ўспрымаецца як нешта звычайнае, нібы хадзіць на працу альбо адпраўляць дзяцей у школу. Прадавачка крамы-павільёна каля дома казала, што калі ў звычайныя дні яны рэалізуюць да трох скрыняў гарэлкі, то ў навагоднія і пераднавагоднія — каля дваццаці штодзень. І ўжо нават дзеці ўспрымаюць са здзіўленнем тое, што не ўпісваецца ў гэты сцэнарый.
Якраз перад Новым годам пушчанскі Дзед Мароз расказваў нядаўні выпадак. Пад'ехалі турысты, расійская група, у асноўным, бацькі з дзецьмі. Дзед, як заўсёды, стаў вітаць гасцей, гаварыць аб прыгажосці пушчы і свайго памесця. А хлапчанё гадоў пяці-шасці раптам як закрычыць: "Тата, а Дзед Мароз — цвярозы?!" Бацька, вядома, сумеўся, потым стаў выбачацца, тлумачыць: "Ведаеце, мы заўсёды замаўляем для сына Дзеда Мароза дадому. І, звычайна, калі ён прыходзіць пазнавата, то яго бывае хоць ты падтрымлівай альбо калком падпірай. Вось малы і прывык..."
Традыцыя адзначаць кожны новы год пайшла, як вядома, з часоў Пятра І. Потым да старых звычаяў дадаваліся новыя — такія, як паліць з рознай піратэхнікі, дарыць сімвалы года па ўсходніх календарах з выгадай, няцяжка здагадацца, для каго. І вось апошнімі часамі нам нават спрабавалі падкінуць усялякія хэлоўіны да ўсталяваць Дзень закаханых. І калі маскарады з д'ябальскімі атрыбутамі не вельмі прыжыліся ў нашых мясцінах, то паштоўкі-сардэчкі паспяхова прадаюцца, асабліва ў асяродку школьнікаў. Бо кожнае свята — гэта перш за ўсё свята гандляроў і вытворцаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ.