Лепшыя сябры дзяўчыны — мінералы

Источник материала:  

Маладая жыхарка Касцюковічаў, насуперак вядомаму сцвярджэнню, аддае перавагу зусім не брыльянтам, а прыродным камяням. Марына Канапля паказала карэспандэнту "Звязды" свой збор прыгожых мінералаў.

Яе незвычайнае захапленне пачалося ў Маскве. Старэйшая школьніца трапіла ў госці да сябра сям'і, расійскага акадэміка, і ўпершыню ўбачыла вялікую калекцыю мінералаў.

Лепшыя сябры дзяўчыны — мінералы— У мяне проста мову адняло, — узгадвае Марына падзеі 6-гадовай даўніны. — Тая калекцыя шыкоўная, ацэньваецца ў 60 тысяч долараў, але справа не ў цане. Камяні такія прыгожыя, што застацца абыякавай проста немагчыма было!

Дзяўчына не здолела ўстаяць перад камянямі. Акадэмік убачыў вялікі інтарэс і падараваў ёй першы мінерал, каб тая пачала сваю калекцыю. Гэта крышталі кальцыту, якія новая гаспадыня назвала "Востраў скарбаў".

З тых часоў калекцыя жыхаркі Касцюковічаў папаўняецца штогод: акадэмік дасылае новыя асобнікі з усяго свету, бацька набывае мінералы на выставах, і сваякі больш не раздумваюць, што падараваць дзяўчыне на свята. "Так, я рада кожнаму прыгожаму каменю!" — пагаджаецца Марына.

За што ж маладая і прыгожая жанчына можа любіць камяні?

— Ой, нездарма гавораць, што мінералы — гэта нібыта каменныя кветкі. А ў маёй калекцыі ёсць доказ — каменная ружа. Гэта пласціністы кальцыт. І кожны мінерал нешта нагадвае. Напрыклад, у кварцы крышталі нібыта стрэлы. Марказіт (прыроднае жалеза), знойдзены на Курскай магнітнай анамаліі, нагадвае мне дажджавыя грыбы. Кожны камень па-свойму прыгожы.

Марына вядзе экскурсію па сваёй калекцыі.

— Вось крэмній, які выкарыстоўвалі першыя людзі. Калі біць адзін кавалак аб другі, то можна ўбачыць іскры, і пры гэтым пахне паленай курыцай.

Любімы мінерал гаспадыні — папяровы шпат, лёгкі як пер'е. Далей — чорная і нібыта лакавая вулканічная магма. Мігціць высакародны фіялетавы аметыст. Сярод мінералаў трапляюцца некаторыя абсалютна "іншапланетнага" выгляду: адзін падобны на мох ці скуру нейкай жывёлы, іншы — на экзатычную марскую расліну, трэці — на шэры кавалак дрэва альбо халву.

Лепшыя сябры дзяўчыны — мінералыКамяні розных колераў нібыта прысыпаны блёсткамі. Сярод іх вылучаецца адзін, з крыжам.

— Гэта стаўраліт з Кольскай паўвыспы: яго яшчэ называюць крыжовым каменем, альбо "Смерцю святара", — расказвае Марына. — У старадаўнія часіны святар знайшоў гэты мінерал, дзе карычневыя крышталі часта ўтвараюць крыжы, і вырашыў на знак веры дадаць яго ў ежу. Чалавечы арганізм не вытрымаў, святар памёр — адсюль і назва.

Старажытныя акамянелыя ракавінкі. Кавалак серы, якую дзяўчына з аднакласнікамі спрабавала падпаліць на школьным уроку хіміі. Незвычайны кавалак пласціністага кальцыту, падобны на валасы чалавека альбо на марозныя ўзоры на шкле. Цынк, які часта выкарыстоўваюць у аздараўляльных бранзалетах для зніжэння крывянога ціску. Крышталі розных колераў і формаў пераліваюцца ў святле фотаўспышкі.

Марыне цяпер 21 год, яна замужам, мае маленькую дачку Вераніку. З будучым мужам дзяўчына стала сустракацца яшчэ ў школе і спачатку была пакрыўджана абсалютна абыякавым стаўленнем хлопца да мілых яе сэрцу камянёў. Нават меркавала: а ці варта мець стасункі з такім чалавекам? Але мноства станоўчых якасцяў усё ж вымусілі зрабіць выбар на яго карысць. І цяпер муж "пацяплеў" да жончыных камянёў: нядаўна падараваў ёй кавалак мергелю — пароды, якую здабываюць для патрэб мясцовага цэментнага завода. Мергель папоўніў калекцыю цікавых беларускіх камянёў, некаторыя з якіх знойдзены на возеры Нарач.

Марына ведае, што сёння яе калекцыя, якая налічвае 120 мінералаў, каштуе прыстойных грошай. Ёй нават прапаноўвалі прадаць збор і набыць аўтамабіль. Аднак аматарка камянёў катэгарычна адмаўляецца рабіць такі практычны ўчынак: дзяўчына лічыць, што менавіта яе любімыя камяні дапамогуць ёй і яе сям'і ў ажыццяўленні далейшых планаў і мар.

— Кожны камень мае сваю энергетыку, — гаворыць дзяўчына. — Калі мне млосна альбо няма настрою, то я іду да сваіх камянёў, трымаю іх у руках, перакладаю з месца на месца. І ўрэшце становіцца спакойна і добра. Яны дапамагаюць мне ў цяжкую хвіліну.

Касцюковіцкія журналісты даведаліся, што аметыст прыносіць удачу ў спорце і спаборніцтвах. Таму Марына падаравала спартсменам некалькі асобнікаў аметысту.

— А я сама найбольш люблю агаты — гэта для мяне самыя важныя "брыльянты", — смяецца Марына.

Яна паказвае агаты, якія выглядаюць як звычайныя камяні на дарозе. А іх асаблівую прыгажосць можна зразумець толькі ў разрэзах, дзе адкрываюцца каляровыя ўзоры і нават цэлыя карціны.

— Я хачу паказваць людзям сваю калекцыю, каб яны болей ведалі пра мінералы, — гаворыць Марына Канапля. — Камяні — гэта незвычайна і цікава. Яны, народжаныя прыродай і некранутыя цывілізацыяй, нясуць у сабе асаблівую прыгажосць.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

г. Касцюковічы.

←Восприятие на слух

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика