Генетычны код

Источник материала:  

Імя — Рагнеда... Прыдумалі ж бацькі так дзяўчынку назваць! Кажуць — падабаецца. Але ж, напэўна, не проста падабаецца імя жыхарам Віцебшчыны, адкуль прыехала да нас пераможца конкурсу апавяданняў за 2010 год, відаць, асабліва блізкія ім справы адной іх зямлячкі, якая жыла шмат стагоддзя таму. Кажуць жа: як дзіця назавеце, так яно і пражыве...

Рагнеда Юргель — зусім юная дзяўчынка, вучыцца ў 11-м класе Глыбоцкай школы. Маладая, ды разумная. І як тут не падумаць, што імя накладвае пэўны абавязак?

"Імя адразу зачапіла, — прызнаецца вядучы конкурсу, пісьменнік Віктар Казько. — І апавяданне зацікавіла. Прывабіла нейкай свежасцю, маладым падыходам да ўжо вядомай тэмы. Гэта падыход да тэмы Вялікай Айчыннай вайны — праз пакаленне, якое не забывае таго, што было раней з іх папярэднікамі. Гэта было сачыненне, і адчуваўся клопат настаўніцы пра сваю вучаніцу. Адчувалася ў гэтым аповедзе культура пісьма і пэўная сталасць пяра. Сама прадмоўка была цікавая: у ёй былі пастаўлены імёны настаўнікаў, як падзяка за навуку і падтрымку. Гэтая перамога — насамрэч спалучэнне шмат якіх абставін."

Вельмі захацелася паглядзець на гэтую дзяўчынку. І спытаць: адкуль узялося жаданне пісаць пра мінулае?

Рагнеда Юргель, уладальніца І прэміі конкурсу апавяданняў "Звязды":

— Я вельмі цікаўлюся гісторыяй майго краю. Супрацоўнічаю з музеем. Наша вёска Шуневічы даволі вялікая, знаходзіцца недалёка ад раённага цэнтра. У ёй вельмі многа цікавых мясцін, іх толькі трэба адкрыць. Часта ў мяне самой з'яўляюцца такія пытанні: адкуль усё ўзялося?.. Хочацца ведаць сваіх продкаў, хочацца ведаць, што яны былі за людзі. Хочацца быць годнай іх. Сапраўды, проста захацелася распавесці гісторыю, якая жыве ў нашай сям'і.

Генетычны код Таццяна Дземідовіч, Віктар КАЗЬКО, Рагнеда ЮРГЕЛЬ, Алесь МАКОЎСКІ.     Ціхую і сціплую Рагнеду дапаўняе настаўніца Марыя Літвін — гэта па яе "наводцы" апавяданне школьніцы патрапіла ў наш конкурс:

— Рада з малых гадоў пісала казкі, і гэта было цікава. Усе здзіўляліся таму, што малая дзяўчынка можа напісаць цікавую казку. Усе разумелі, што ў дзяўчынкі талент. У часопісе "Роднае слова" яна была ўзнагароджана за навукова-даследчую працу "Традыцыйная культура беларусаў". Рада вельмі любіць мастацкае слова, на ўроках гараць у яе вочкі, ловіш сябе на думцы, што гаворыш толькі ёй. А вытокі яе здольнасцяў мне вядомыя. Мама — настаўніца, выкладае маляванне ў школе. Насамрэч, сябе праяўляюць моцныя гены. У іх вельмі добрая працоўная сям'я, у якой культ духоўнасці. Таму ў мяне няма сумневу ў тым, што ўсё будзе цудоўна ў маёй вучаніцы. Насамрэч яе імя Рагнеда — не выпадковае. І да Рады ўжо "жаніхі" заляцаюцца. Напрыклад, работу па творчасці Уладзіміра Караткевіча паслалі ў Віцебскі педінстытут, адтуль патэлефанаваў дэкан факультэта: каб такі талент не прапаў, няхай паступае ў Віцебск. Але ўжо было позна: яна пра іншых "жаніхоў" думае, таму вырашыла звязаць жыццё з мастацкім словам і марыць паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у Інстытут журналістыкі...

З журналістыкі прыходзіць да літаратуры ўладальніца ІІ прэміі Таццяна Дземідовіч з Брэста. Яна была ўласным карэспандэнтам "Інтэрфакса" па Брэсцкай вобласці. Пакуль не пайшла ў "дэкрэт" — адзін, другі... Журналісцкая кар'ера на гэтым скончылася. Цяпер жанчына — індывідуальны прадпрымальнік, займаецца гандлем. Але жаданне пісаць такое моцнае, што часам хочацца закінуць усе самыя важныя справы.

Таццяна Дземідовіч:

— Я доўга не асмельвалася адправіць свой твор у газету "Звязда". Даведалася аб конкурсе ад брэсцкіх пісьменнікаў, якія раней удзельнічалі. І я адзін год чытала газету, другі год чытала і толькі на трэці год адважылася адправіць сваё апавяданне... У мяне атрымалася так, што спачатку я пачала пісаць на беларускай мове. Але пераканалася ў тым, што нікому гэта не цікава. Насамрэч даводзіцца шмат апавяданняў перакладаць на рускую мову, каб адправіць у часопісы, напрыклад, у "Мурзілку" (я для дзяцей пішу), бо тут надрукавацца цяжка. Хісталася, адпраўляла свае апавяданні ў Расію. Зразумела, што гэта не мая суполка: яны пра нешта гавораць, а мне нецікава. Друкавалася ў Амстэрдаме, але гэта таксама не маё.

У нас сфарміраваўся літаратурны клуб пры гарадскім Доме культуры, сваё кола аўтараў. У асноўным, прыходзілі сталыя людзі, моладзь хацелі прыцягнуць, але яна амаль не піша на беларускай мове. Я кажу: а чаго не пісаць па-беларуску? Ёсць часопіс "Верасень", дзе маладым сёння можна надрукавацца. Ды і ў нас выходзіў альманах "Свая стыхія". Пры клубе выдалі кніжку "Карусель" для маленькіх. Мая мама, творчы чалавек, стварыла малюнкі для гэтай кніжкі, тут яе вершыкі. Бацькі мяне падтрымліваюць у жаданні пісаць па-беларуску. А я насамрэч "падсела" на "Звязду" — тут шмат цікавых матэрыялаў на розную тэматыку... Гэта як нейкая хвароба. Захацелася штосьці напісаць — і ўсё: хатнія справы адыходзяць на другі план. Я зразумела, што беларускаму аўтару трэба беларускае асяроддзе, у якім можна штосьці абмеркаваць, падзяліцца сваімі думкамі. Нам трэба вучыцца ў беларускіх пісьменнікаў.

Гэтую думку падтрымаў Алесь Макоўскі, які атрымаў ІІІ прэмію ў нашым конкурсе:

— Мне падаецца, што звяздоўскі праект надзвычай удалы. Ён будзе ў свой час вельмі высока ацэнены. Ёсць у нас часопісы "Полымя", "Маладосць". Яны пераважна паступаюць у бібліятэкі. А "Звязда" — гэта бадай адзіная пляцоўка, дзе літаратару можна выступіць і адразу атрымаць шырокую чытацкую аўдыторыю. Гэта ў складаных варунках нашага жыцця надзвычай важна і для маладых, і для сталых пісьменнікаў: далучыць беларускага чытача да мастацкага слова і самому далучыцца, таму што, як ні круці, а пісьменнік піша не для сябе, а хоча, каб яго чыталі. Я лічу, што гэта самая ўдзячная аўдыторыя, таму што газету выпісваюць людзі, неабыякавыя да роднага слова. Абнадзейвае, што сапраўды ёсць генетычная памяць, яна праяўляецца нават праз пакаленні. Калі ў свой час Акадэмія навук збірала матэрыялы пра Максіма Багдановіча, яны звярнуліся да яго бацькі, каб ён патлумачыў, адкуль у чалавека, які гадаваўся ў рускамоўным асяродку, раптам праявілася такая незвычайная здольнасць да роднай мовы? Той у адказ прызнаўся, што сам не ведае, але лічыць, што гэта генетычная памяць, генетычны код. Мяне як і кожнага літаратара, неабыякавага да роднага слова, турбуе моўная сітуацыя. Але яна не безнадзейная. А за тое, што "Звязда" сёння робіць для беларускай мовы, хачу нізка пакланіцца.

Алесь Макоўскі таксама вядомы як журналіст — працаваў калісьці ў беларускамоўнай "Чырвонцы". Але яшчэ адзін наш сталы і даўні аўтар Васіль Шабалтас, які таксама атрымаў трэцюю прэмію, прыйшоў у літаратуру з працоўных прафесій. На жаль, ён не змог быць з намі ў дзень віншавання. Але Віктар Казько ўзгадаў, як Васіля Канстанцінавіча прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Адзначыў яго тонкую літаратурную працу, якая чытачам не надта бачная. У Васіля Шабалтаса выходзілі кніжкі ў Беларусі, але гэты чалавек больш вядомы на прасторах Расіі. У яго былі добрыя сувязі з саюзам пісьменнікаў Смаленшчыны, дзе ў яго выходзілі кніжкі, таксама і ў Маскве. Апавяданне "Фельчар", якое летась надрукавала "Звязда", у нечым аўтабіяграфічнае. Яго брат працаваў фельчарам у глыбіні Палесся. Вельмі неспакойны чалавек быў, вынаходніцтвы нейкія рабіў, спрабаваў прыдумаць лекі, якія зубны боль здымаюць адразу. Стукаўся ва ўсе дзверы...

Дзверы літаратурнага конкурсу "Звязды" заўсёды адкрытыя для нашых пастаянных аўтараў, але і новыя імёны мы з задавальненнем адзначым.

Віктар Казько:

— Відавочнае імкненне "Звязды" не забываць ужо сталых сваіх аўтараў і падтрымліваць, весці маладых. Гэта самае галоўнае ў нашым конкурсе апавяданняў. Гэта ці не адзіная беларуская газета, якая вядзе конкурс чытачоў. Такім чынам ідзе далучэнне да беларускай мовы, да беларускай газеты, да беларускасці. Ёсць выяўленне таго лепшага, што нараджаецца ў творчых людзей не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах, па-за межамі сталіцы. Летась аўтары былі надзвычай актыўнымі: каля 60 апавяданняў давялося прачытаць. Безумоўна, надрукавана менш — газета не ўсё можа змясціць. Але ёсць і такі момант: колькасць павялічылася, а якасць застыла на месцы. Будзем спадзявацца, што ў 2011 годзе колькасць пяройдзе ў якасць.

Пра тое, што конкурс патрэбны нашым чытачам, сведчыць рэдакцыйная пошта. Вось урывак з аднаго ліста, які таксама тлумачыць вынікі конкурсу за мінулы год:

<І>"Апавяданні на конкурс, якія час ад часу друкуе "Звязда" (вялікі ёй дзякуй) я заўсёды з цікавасцю чытаю. Гэта адзіная танюсенькая нітачка, што звязвае нас, жыхароў сельскай глыбінкі, з родным словам, дае адчуць, чым жыве, дыхае наша мастацкая сучасная літаратура. Асабліва ўразіла і прыемна здзівіла сваёй арыгінальнай кампазіцыяй, непаўторнай мастацкай свежасцю і навізной апавяданне "У часіну горкага хлеба" Рагнеды Юргель. Выходзіць, тэма Вялікай Айчынная вайны не згубіла сваёй цікавасці, яна невычарпальная, як Сусвет. Ужо першыя радкі твора захопліваюць, паланяюць прыгажосцю і вобразнасцю... Дыханне роднай зямлі, якая стогне ў няволі, адчуваецца на працягу ўсяго аповеду. Аўтар умела выкарыстоўвае народную мудрасць: "Паміраць збірайся, а жыта сей". І пашырае яе дыяпазон: "Ну, калі пасеяў, то трэба і жаць". Такі народ не скарыць, не перамагчы... А якая сакавітая і пявучая мова апавядання! Проста струменіць духмяны водар роднага слова. Апавяданне чытаецца на адным дыханні... Па водгуках маіх знаёмых і сяброў гэтае апавяданне ўзбудзіла непадробную цікавасць чытачоў да беларускай літаратуры і да роднай газеты "Звязда". (Міхась Алейнікаў, а.г. Любонічы, Кіраўскі раён.)

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Восприятие на слух

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика