"Працую голасам"

Источник материала:  

"Я выкладаю замежную мову, выступаю на семінарах, працую перакладчыкам. Бываюць перыяды, калі я гавару, амаль не змаўкаючы, цэлы дзень. Варта хоць крыху прамерзнуць пасля некалькіх гадзін "гаварэння" — і пішы прапала: у горле пачынае пяршыць, голас становіцца сіпатым, а потым і зусім знікае. Ці можна гэтага пазбегнуць?"

Людміла, г. Пружаны.

Стан галасавога апарату (да яго адносяцца насаглотка, глотка, міндаліны, усе тры аддзелы гартані, у тым ліку галасавыя звязкі) залежыць не толькі ад працягласці "гаварэння", але і ад таго, як мы гэта робім.

Дарэчы, раней італьянскія маэстра трэніравалі будучых спевакоў, падносячы да рота вучня запаленую свечку. Калі падчас спеваў полымя патухала, гэта азначала, што вучань марна выдыхае вельмі шмат паветра. Падчас трэніровак спевакі вучыліся эканомна расходаваць паветра, выдыхаючы марудна і паступова, што і дазваляла ім падоўгу трымаць высокія ноты, прыводзячы слухачоў у захапленне. І сёння ў оперных тэатрах працуюць урачы-фаніятры, якія сочаць за здароўем галасавога апарату артыстаў, дапамагаюць ім "распрацоўваць" голас, вучаць правільна дыхаць.

"Працую голасам"Няўменне валодаць сваім голасам, няправільнае дыханне, нервовыя перагрузкі, частыя прастуды, нават прыём пэўных лекаў — усё гэта фактары, якія павышаюць рызыку ўзнікнення ларынгітаў і фарынгітаў. Таксама ў людзей "галасавых" прафесій на галасавых звязках нярэдка з'яўляюцца так званыя пеўчыя вузялкі. Гэтыя і іншыя дабраякасныя ўтварэнні рэдка перараджаюцца, аднак праходзіць рэгулярны агляд у ЛОРа неабходна.

Асабліва цяжка перакладчыкам — ім даводзіцца гаварыць на няроднай для іх мове, а гэта само па сабе стамляе галасавы апарат. Старайцеся не перавышаць норму галасавой нагрузкі — тры акадэмічныя гадзіны ў дзень (у халодную пару года на вуліцы — не больш чым паўтары гадзіны). Калі даводзіцца доўга гаварыць, абавязкова рабіце паўзы (падчас лекцыі гэта можа быць, напрыклад, дыялог з аўдыторыяй), час ад часу выпівайце пару глыткоў вады без газу (пры інтэнсіўным "гаварэнні" слізістая абалонка глоткі перасушваецца). Сачыце за тым, каб не перанапружваць голас (не выступайце ў шумнай абстаноўцы), гаварыце толькі на выдыху (гэта больш фізіялагічна). Пажадана прайсці трэнінг прамоўніцкага майстэрства — акрамя іншага, на такіх занятках вучаць размаўляць з мінімальнай затратай энергіі, паказваюць прыёмы расслаблення галасавога апарату. Не менш важнае і правільнае дыханне — дыяфрагменнае (яно таксама фарміруецца пры дапамозе спецыяльных практыкаванняў, якія лепш рабіць пад наглядам спецыяліста). Акрамя таго, стан глоткі цесна звязаны са стрававальнай сістэмай: захворванні органаў ЖКТ вельмі часта выклікаюць непаладкі з горлам.

Пры функцыянальных і запаленчых захворваннях гартані добры эфект даюць лекавы электрафарэз, лазерная тэрапія. Каб спыніць немач на пачатковай стадыі, заўсёды ў вас пад рукой павінны быць ледзянцы з экстрактам лекавых траў (мята, эўкаліпт). Адчуўшы пяршэнне ў горле, рассмакчыце пару такіх цукерак. Падлячыць гартань і глотку дапамогуць інгаляцыі (з алеем шыпшыны, чайнага дрэва, сасны), травянымі настоямі (рамонку, шалфею), якія робяць на ноч. У якасці прафілактыкі ў асенне-зімовы перыяд можна 10 дзён запар праводзіць інгаляцыі, затым на 20 дзён зрабіць перапынак. Змякчае запаленае горла і аліўкавы алей (выпіце перад сном 1—2 ч. лыжкі) або вітаміны А і Е ў алейнай форме (іх можна закапваць у нос). Або такі напой: у шклянцы цёплага малака (лепш казінага, але можна і каровінага) распусціце па 1 ч. лыжцы мёду і алею.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←Восприятие на слух

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика