Аднаўляецца попыт на індывідуальныя дамы і дачы

Источник материала:  

Кошт садовых домікаў у сакавіку—красавіку можа нават павялічыцца на 2-5 працэнтаў

Менавіта з трэцяй дэкады студзеня жыхары сталіцы пачынаюць больш актыўна цікавіцца загараднай нерухомасцю. Як паведамілі рэдакцыі спецыялісты агенцтва нерухомасці "Загарадны дом", сёння на рынку пачынае аднаўляцца (пасля навагодніх свят) стабільны попыт на такое прыватнае жыллё.

Ужо зараз работнікі агенцтваў адзначаюць значнае павелічэнне колькасці заявак з боку кліентаў на набыццё звычайных жылых дамоў у прысталічных вёсках, на недарагія катэджы ў катэджных пасёлках і на невялікія ўтульныя дачы ў садаводчых таварыствах.

Істотнае патанненне такой нерухомасці да 30—40 працэнтаў адбылося яшчэ год—два таму. А вось зараз працягваецца карэкціроўка цэн, калі на фоне вялікай прапановы гаспадары жыллёвай нерухомасці вымушаны набліжаць свае завышаныя цэннікі да рэальнага рыначнага ўзроўню. Разам з тым і сёння сапраўды ліквідныя загарадныя дамы каштуюць нятанна. Самыя танныя жылыя дамы і катэджы да 20 кіламетраў ад Мінска каштуюць не менш чым 50 тысяч долараў. Істотна такая нерухомасць пачынае таннець ужо за 50-кіламетровай мяжой ад сталіцы. Стандартнае індывідуальнае жыллё там ужо можна адшукаць і за 300-400 долараў за квадратны метр агульнай плошчы дома. Самыя танныя дачы на зямельных участках плошчай 4-5 сотак недалёка ад Мінска прапануюцца за 15-17 тысяч долараў. Калі невялікая дача са звычайным "наборам камфорту" знаходзіцца ўжо за 30-кіламетровай мяжой ад МКАДа, то каштаваць яна можа і ўсяго 7-10 тысяч долараў.

Існуюць пад Мінскам і даволі вялікія па плошчы катэджы (200—250 кв. м), якія выстаўляюцца за 200—300 тысяч долараў. Такая нерухомасць шукае менавіта "свайго" пакупніка даволі працяглы час, таму цяпер яна крыху танней. Аднак сёння і на дарагія якасныя катэджы масавага зніжэння цэн пакуль не назіраецца.

Што датычыцца дачных домікаў эканом-класа ў садаводчых таварыствах, то пік продажу іх традыцыйна прыпадае на першыя два месяцы вясны. Магчыма, таму ўжо ў красавіку яны могуць нават падаражэць, аднак не больш чым на 2—5 працэнтаў, лічаць эксперты АН "Загарадны дом".

Сяргей КУРКАЧ.

←Восприятие на слух

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика