Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі будзе запушчаны ў сакавіку-красавіку
Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь.
Беларускі спадарожнік будзе выведзены на арбіту разам з расійскім кластарным запускам. Дзякуючы гэтаму краіна зможа стварыць самастойную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дасць магчымасць адмовіцца ад паслуг іншых дзяржаў па пытаннях атрымання і апрацоўкі касмічнай інфармацыі. Новы беларускі спадарожнік будзе больш лёгкі і манеўраны за папярэдні — яго вага складзе каля 400 кг, распазнаванне — амаль 2 м. Беларускі касмічны апарат забяспечыць поўнае пакрыццё тэрыторыі Беларусі касмічнай здымкай. У перспектыве Беларусь і Расія плануюць стварыць групоўку спадарожнікаў, якая будзе выкарыстоўвацца ў інтарэсах Саюзнай дзяржавы.