А скаргу дзяўчыны, якой раздрабілі нагу, далучылі да справы аб «беспарадках».
Здымак Алеся Пілецкага.
Скаргу 21-гадовай Маі Абромчык, якой 19 снежня супрацоўнік АМАПа раздрабіў костку галёнкі, далучылі да справы «аб масавых беспарадках». Па яе словах, скаргу з раённай пракуратуры перанакіравалі ў аддзел міліцыі. А ў выпісцы са шпіталя значылася «бытавая траўма».
Галіна Абромчык: «Яны [супрацоўнікі пракуратуры] „спусцілі“ скаргу ў міліцыю і напісалі адпіску. Там згадваецца крымінальная справа па артыкуле 293 „масавыя беспарадкі“, што яе скарга далучаная да гэтай справы… Як быццам яна ўдзельнічала ў гэтых масавых беспарадках, а тое, што яе пабілі-то гэта справа 110-я».
Галіна Абромчык звяртаецца да тых, хто быў сведкамі збіцця Маі і яе сяброў, і хто можа пацвердзіць гэта ў судзе.
Нагадаем, 21-гадовую Маю Абромчык і яе сяброў збілі 19 снежня недалёка ад плошчы Незалежнасці. Ім загадалі ісці ў аўтазак, але самастойна ісці Мая не магла, і яе панёс адзін з хлопцаў. Толькі праз 3 гадзіны, праведзеных у аўтазаку, дзяўчыну перавезлі ў шпіталь. У яе былі перабітыя косткі галёнкі, зробленая аперацыя.