Лірычная камедыя пра веру - Чаму Бог не чуе малітвы людзей?

Источник материала:  

"Прыпавесці" — першы беларускі мастацкі праваслаўны фільм. Яго вытворца — Студыя імя св. Іаана Воіна. Гэта творчая майстэрня Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску была заснавана ў 2006 годзе. Яе кіраўнік — матушка Іаана (Арлова) — нядаўна скончыла рэжысёрскія курсы Аляксандра Карпава пры Акадэміі мастацтваў. Фільмаграфія Студыі за такі пакуль яшчэ непрацяглы перыяд існавання налічвае ўжо больш за 10 фільмаў. Сярод якіх, дарэчы, выдатная дакументальная стужка Галіны Адамовіч "Інакіня".

Лірычная камедыя пра веру - Чаму Бог не чуе малітвы людзей?"Прыпавесці" сталі першым мастацкім фільмам у беларускім праваслаўным кінематографе. Гэта тры "карысныя для душы" гісторыі, якія ў лёгкай ігравой форме распавядаюць тры сур'ёзныя прыпавесці: "Незвычайны послух" (паводле прыпавесці са Старадаўняга патэрыка), "Нямая малітва" (паводле апавядання Васіля Кіняшэмскага) і "Як Збавіцель у госці хадзіў" (з пропаведзі архімандрыта Паўла Груздзева). Рэжысёр фільма Віталь Любецкі, які працуе ў студыі з часу яе заснавання, раскрыў сакрэт: жанрам "Прыпавесцяў" у свецкай трактоўцы з'яўляецца лірычная камедыя. З дапамогай такой ненавязлівай жанравай інтэрпрэтацыі сур'ёзныя філасофскія прыпавесці, якія выкрываюць чалавечыя памылкі і недасканаласць, павінны лепш спрацоўваць. Уцаркоўленыя людзі гавораць, што калі няма адкрытай агрэсіўнай рэлігійнай дыдактыкі, боская ісціна лепш успрымаецца чалавекам, далёкім ад царквы.

Найбольшую ўвагу сваёй філасофскай глыбінёй і смеласцю ў крытыцы паводзін некаторых вернікаў людзей прыцягвае другая прыпавесць. Яна распавядае пра тое, чаму Бог не чуе малітвы людзей, і хоць і ў гумарыстычнай, добразычлівай форме, але выкрывае чалавечыя заганы. Аказваецца, малітвы не дасягаюць неба, таму што людзі, молячыся ў храме, думаюць пра выпадковыя мітуслівыя рэчы: як набыць новы "лексус", як спакусіць дзяўчыну, якія сваркі адбываюцца ў суседзяў і г. д. За гэтымі недарэчнымі ў храме думкамі Богу не чуваць нашых малітваў, таму і не прыходзіць палёгка, не знаходзіцца рашэнне. Анёл адкрывае веды пра гэта Старцу, якога ў фільме сыграў народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак і які дзейнічае ў кожнай з трох прыпавесцяў.

— Сама падача гэтага фільма павінна прывабліваць і выклікаць добрую прыязную ўсмешку, — перакананы Аляксандр Ткачонак. — У "Прыпавесцях" няма катэгарычнага павучання: вось рабі менавіта так! У іх прысутнічае гумар, іронія, таму яны лёгка ўспрымаюцца. У Маскве ўжо двойчы была прэзентацыя фільма, і я бачыў, як людзі розных узроставых катэгорый вельмі па-рознаму яго ўспрымаюць: і смяюцца, і плачуць, асабліва, пасля трэцяй гісторыі... Але з гэтым смехам, гумарам глядач успрымае той духоўны сэнс, які закладзены ў гэтых прыпавесцях.

Прыпавесць "Як Збавіцель у госці хадзіў" распавядае пра тое, як жанчыне Марыі жабрачка прадказала прышэсце Хрыста: маўляў, чакай, сёння Збавіцель прыйдзе да цябе ў госці за тое, што ты мне грошай дала. Марыя нарадавацца не можа, бо гэта для яе вельмі шмат значыць: яна паслухмяная верніца, прытрымліваецца ўсіх пастоў, чытае ўсе малітвы. Марыя прыбірае ў хаце, рыхтуе багаты стол для Хрыста, але Хрыстос так і не прыходзіць... Затое цягам дня Марыя сутыкаецца з трыма людзьмі, якім неабходна дапамога: малым, які ратуецца ад пераследавання аднагодкаў; п'яніцам, які просіць паесці; маладой жанчынай з дзіцем, якую пабіў і выгнаў з дому дрэнны муж. Марыя не дапамагае ніводнаму з гэтых людзей, а толькі наракае на іх і сварыцца. Усіх небарак прытуляе сусед Марыі хлопчык Васятка, які, даведаўшыся, што да Марыі павінен прыйсці Хрыстос, таксама яго чакае, каб папрасіць Бога вярнуць яму з неба матулю... Ноччу Бог звяртаецца да Марыі з пытаннем: чаму яна не прытуліла яго, калі ён тры разы прыходзіў?..

Вядома, у мастацкім сэнсе "Прыпавесці" недасканалыя, але яны шчыра вучаць дабру, спачуванню і іншым — не толькі праваслаўным, але агульначалавечым — гуманістычным каштоўнасцям. Таму да іх варта прыслухацца кожнаму. Наогул, паглядзець гэты фільм самакрытычна: не баяцца знайсці і ў сабе заганы, якія ёсць у некаторых герояў фільма, і выправіць іх.

Студыя св. Іаана Воіна пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску збіраецца і надалей працаваць над вытворчасцю мастацкіх фільмаў.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Повесть временных лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика