Невядомы аўтограф Яўхіма Карскага

Источник материала:  

Сенсацыя?

Напярэдадні 150-годдзяз дня нараджэння заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, акадэміка Расійскай акадэміі навук, права дзейнага члена Інбелкульта Яўхіма КАРСКАГА ў Мінску выяўлены яго невядомы аўтограф.

Вядомы вучоны пакінуў дарчы надпіс на 1-ым томе свайго шматтомнага даследавання "Беларусы". Гэтая кніга ўбачыла свет у 1903 годзе ў Варшаве. Дазвол на яе друкаванне (у кнізе ёсць наступны тэкст: "Печать разрешаю. Г. Вильна, Ноября 19 дня 1903 г. Генералъ-Лейтенантъ Кн. Святополкъ Мирский" выдаў Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі, які на той час быў віленскім, гродзенскім і ковенскім генерал-губернатарам. Менавіта яму і прысвяціў свой аўтограф Яўхім Карскі: "Его Сіятельству Князю Святополкъ-Мирскому отъ искренне благодарнаго автора".

Усе абставіны з'яўлення гэтага дарчага надпісу, як і сувязь Святаполк-Мірскага з выданнем першага тома "Беларусаў", яшчэ неабходна дэталёва высветліць, а пакуль што некалькі слоў пра людзей, якія маюць дачыненне да гэтай кнігі.

Невядомы аўтограф Яўхіма Карскага

Яўхім Фёдаравіч Карскі, 150-годзе якога будзе адзначацца 1 студзеня 2011 года, нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета. Гэта не толькі значная, але і выключна знакавая асоба для беларускай навукі і культуры. Таго, што зрабіў выдатны вучоны і даследчык для развіцця беларусазнаўства, хапіла б на цэлы навуковы калектыў. Ён першы ў гісторыі напісаў дысертацыю па беларускім мовазнаўстве. Працаваў дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, пяць гадоў быў яго рэктарам. Выкладаў у Петраградскім універсітэце. Яго арганізатарскія здольнасці праявіліся падчас старшынства ў арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у працы па стварэнні статута Інбелкульта. У Петраградзе Яўхім Карскі быў дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі.

І заўсёды, усюды і нястомна працаваў на карысць беларускай справы. Найперш — як удумлівы даследчык, знаны вучоны. Сярод больш як 700 навуковых прац значнае месца займаюць даследаванні па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры. А яго знакамітая праца ў трох тамах "Беларусы" — гэта, як сведчаць даследчыкі жыцця і дзейнасці Я. Карскага Генадзь Кісялёў і Віталь Скалабан, "вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства". Дбаючы пра навуковую насычанасць навучальнага працэсу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, маючы асаблівыя пачуцці да гэтай навучальнай установы, Я. Карскі ў 1922 годзе перадаў ёй сваю багатую бібліятэку.

Вось чаму Беларусь дбайна зберагае ўсё створанае знакамітым вучоным, захоўвае добрую памяць пра яго і ўсяляк спрыяе пашырэнню яго навуковых дасягненняў. Асабліва адчуваецца гэта напярэдадні юбілею вучонага. Пра тое сведчаць выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы, нядаўні выпуск электроннага выдання "Спадчына акадэміка Я.Ф. Карскага: да 150-годдзя з дня нараджэння".

Зусім справядліва было б парупіцца, каб у Санкт-Пецярбургу ў юбілейны для Яўхіма Карскага год на доме нумар 2 на Сёмай лініі Васільеўскага вострава, дзе ён жыў з 1920 года і да самай смерці (29 красавіка 1931 года), была ўсталявана мемарыяльная дошка, якая засведчыла б цесную сувязь вучонага з гэтым горадам.

Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі, як сведчыць Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, з'яўляецца расійскім ваенным і дзяржаўным дзеячам. Генерал-лейтэнант з 1901 года. Скончыў Пажскі корпус, Акадэмію Генштаба. З 1900 года быў намеснікам міністра, а са жніўня 1904 да студзеня 1905 — міністрам унутраных спраў Расіі. У верасні 1902—жніўні 1904 года з'яўляўся віленскім, гродзенскім і ковенскім генерал-губернатарам. Пётр Дзмітрыевіч падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі, якая дзейнічала з 1864 да 1915 года. Яго стрыечны брат Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі ў 1891 годзе купіў Мірскі замак і ў 1922 годзе пачаў рэстаўрацыю.

Сёння кніга Яўхіма Карскага "Беларусы" (першы том) з яго аўтографам князю Святаполк-Мірскаму знаходзіцца ў антыкварна-аўкцыённым доме "Раrаgіs" у Мінску. Па маёй просьбе прыналежнасць аўтографа менавіта Я. Карскаму пацвердзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе захоўваецца самы багаты збор з яго бібліятэкі, калісьці перададзенай Белдзяржуніверсітэту, — каля 2,5 тысячы экзэмпляраў, ёсць шмат аўтографаў вучонага.

Мой званок у Санкт-Пецярбург праўнуку Я. Карскага Аляксандру Аляксандравічу Карскаму выклікаў у яго прыемнае здзіўленне нечаканай знаходкай. Хоць ён шмат ведае пра свайго дзеда, мае шмат матэрыялаў пра яго, але пра гэты аўтограф яму не было вядома. Затое Аляксандр Аляксандравіч патлумачыў значэнне дазвольнага надпісу на кнізе "Беларусы" П.Д.Святаполк-Мірскага. Дазвол на друк, атрыманы ад генерал-губернатара, дапамог пазбегнуць умяшання цэнзуры і паскорыў выданне кнігі.

Дарэчы, у антыкварна-аўкцыённым доме "Раrаgіs" знаходзіцца і яшчэ адно ўнікальнае выданне — кніга інжынера і тэарэтыка артылерыі, а практычна вынаходніка першай шматступеннай касмічнай ракеты Казіміра Семяновіча з Віцебшчыны "Вялікае мастацтва артылерыі" (першае выданне ўбачыла свет у 1650 годзе ў Амстэрдаме на лацінскай мове, затым трактат быў перакладзены на французскую, нямецкую, англійскую, галандскую, дацкую і іншыя мовы, каля паўтара стагоддзя лічыўся адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац па артылерыі). Наяўны ў Мінску экзэмпляр кнігі на французскай мове, якая была выдадзена ў Амстэрдаме ў 1651 годзе.

Акрамя таго, у гэтым жа антыкварна-аўкцыённым доме знаходзяцца дзве жывапісныя карціны, якія, згодна з легендай, маглі належаць князям Радзівілам і, магчыма, захоўваліся ў Нясвіжскім замку.

Анатоль БУТЭВІЧ.

←И к селу, и к городу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика