Сям'я рыхтуецца да свята

Источник материала:  

Асноўная святочная страва дала назву і ўсёй вячэры, якую ў народзе называлі "куццёй". Прыгатаваную куццю ставілі да заходу сонца на покуці, пры гэтым пад гаршчок клалі сена, а зверху яго накрывалі боханам хлеба. Вакол першай і асноўнай рытуальнай стравы сфарміравалася цэлае кола народных светапоглядных уяўленняў.

 Гатаваць калядную куццю ад пачатку і да заканчэння павінен быў хтосьці адзін — сама гаспадыня або якая-небудзь іншая жанчына, напрыклад, нявестка, замужняя дачка. Яна павінна была выбраць зерне, перабраць яго, памыць, зварыць, астудзіць і паставіць на стол. У кантэксце абрадавага правіла гэта павінна было забяспечыць сям'і адзінства і цэласнасць на працягу ўсяго наступнага года.

 Лічылася, што куцця павінна быць густой, клейкай, што сведчыла пра тое, што ў наступным годзе сям'я будзе жыць у згодзе і паразуменні.

 Калі кашу даставалі з печы, то ўважліва ўглядаліся ў тое, куды (у які бок) яна "вылезла" з гаршчка. Існавала павер'е: калі яе вяршок будзе скіраваны да заходняй сцяны печы, то год будзе спрыяльным, калі ж каша будзе "імкнуцца" да вусця печы (як усё роўна за парог хаты), то меркавалі, што сям'ю можа напаткаць бяда (у некаторых мясцінах былі перакананы, што ў такім выпадку нехта пакіне сям'ю, а можа, нават і памрэ).

 Каштаваць кашу нельга было ні ў час прыгатавання, ні пазней, аж да самай вячэры, калі яе паставяць на ручнік у чырвоным куце.

Сервіроўка стала адрознівалася ад рытуальных сталоў усіх астатніх гадавых святкаванняў. Абавязковым атрыбутам-сімвалам яго падрыхтоўкі было сена. За гэтым, здавалася б, будзённа-празаічным атрыбутам сялянскага гаспадарання стаяла старадаўняя легенда, звязаная з нараджэннем Ісуса Хрыста, які з'явіўся на свет у камяніцы ў яслях, дзе ляжала сена, якім кармілі жывёлу. Так сярод беларусаў узнік рытуал засцілаць святочны стол на Каляды сенам, а затым ужо настольнікам (абрусам).

 Перад самым заходам сонца бацька або старэйшы сын прыносілі невялічкі ахапак сена ў хату, рассцілалі яго на стале, а таксама на лаве, што стаяла на покуці, каб затым паставіць на яго гаршчок з куццёй.

 Сена ляжала пад абрусам тры дні, а затым яго аддавалі карове, каню або валу. Напрыканцы першай святочнай вячэры сена таксама станавілася атрыбутам сялянскай варажбы.

 Каб у хаце на працягу ўсяго года былі парадак і чысціня, трэба да гэтага дня ўсё прыбраць, выскрабці і вымыць.

 Раство не сустракалі ў паўсядзённым адзенні. Лічылася, што гэта і надалей будзе правакаваць беднасць: "На святой нядзелі сарочка хоць і ношаная, але беленькая, на Раство — суровая, але новая".

 Існавала такое правіла: калі перад Раством Хрыстовым жанчына не дастала з куфра бялізны і строяў, то не адчыніць яго і на свята, бо лічыцца, што тады куфар цэлы год будзе пусты.

 Адна з самых галоўных запаведзяў пры сустрэчы Каляд (Новага года) — вярнуць пазыкі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←И к селу, и к городу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика