Бітва за роднае слова - Частка 2.

Источник материала:  

Журналісцкае расследаванне

Ці забяспечана рэальнае двухмоўе ў афіцыйнай сферы?

Мы высвятлялі гэта пытанне з дапамогай паказальнага журналісцкага эксперыменту.

Што дазваляе некаторым службовым асобам ігнараваць беларускую мову і заставацца пры гэтым беспакаранымі? Што абавяжа кожнага чыноўніка прыхінуцца да роднага слова?

Пра гэта чытайце ў матэрыяле "Звязды".

Праверыць, як тая ці іншая службовая асоба ставіцца да беларускай мовы, даволі проста. Для гэтага я ад імені прыватнай асобы напісаў шэраг запытаў у паважаныя ўстановы. Увага, у тэксце сваіх зваротаў адказы я ветліва папрасіў скласці па-беларуску. Пазначыў усе асабістыя звесткі апроч тых, што з'яўляюся журналістам. І на правах звычайнага грамадзяніна чакаў.

Падкрэслю, што ў артыкуле 4 закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" замацаваны абавязак кіраўнікоў і работнікаў устаноў, арганізацый, органаў валодаць як беларускай, так і рускай мовамі. Таму адказ не на мове звароту — загадзя выглядае суб'ектыўным.   У мінулым годзе быў запушчаны фірменны цягнік па маршруце Мінск-Кіеў. Так званы "Белый аист". Не ўсім журналістам спадабалася ідэя: "Украінцы пасмяюцца рускамоўнай назве. Няўжо нельга было напісаць "Белы бусел"?" На гэта адказныя чыноўнікі з чыгункі адказалі так: "У нас двухмоўе. Як хочам, так і пішам". Вось такім чынам адбываецца выцясненне беларускай мовы.

Бітва за роднае слова  - Частка 2.Па-другое, так заведзена, што адказваць прынята на той мове, на якой да цябе звярнуліся. Гэта элементарная норма чалавечай прыстойнасці.

Просты эксперымент пацвердзіў не самыя аптымістычныя прагнозы.

Адказ 1. У адзін з найвялікшых сталічных гандлёвых цэнтраў я напісаў зварот аб тым, што "з'яўляюся сталым кліентам". Пытанне было пастаўлена наступнае: "У час выпускных вечароў, калі іншыя крамы Мінска не маглі гандляваць алкагольнымі напоямі (у тым ліку і півам), у вас піва свабодна прадавалася. У чым прычына?"

Сваю адпіску гандлёвы цэнтр склаў па-руску. Напісалі, што яны дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам. І адказнай асобе, напэўна, кіхаць хацелася на мае беларускамоўныя просьбы. 0:1 не на маю карысць.

Адказ 2. У прадпрыемства "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" быў высланы самы гнеўны зварот. На чым свет стаіць я бэсціў дарогу ля свайго дома. "Самая дрэнная дарога ў горадзе, паласа перашкодаў", — не шкадаваў я эмоцыяў і мастацкіх сродкаў. Адказ аб тым, што ў наступным годзе запланаваны капітальны рамонт, прыйшоў на чысцюткай беларускай мове, за подпісам намесніка генеральнага дырэктара. 1:1.

Адказ 3. У кіраўніка вядомага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства я пацікавіўся, ці сапраўды біядызельнае паліва можа быць шкодным для рухавіка маёй машыны? Адказ пра тое, што такое паліва адпавядае еўрапейскім стандартам, аказаўся рускамоўным. 1:2 не на маю карысць.

Адказ 4. "Цэнтр інфарматызацыі і аўтаматызацыі разлікаў г. Мінска" я папракнуў за тое, што сайт установы — выключна рускамоўны. Праз суткі прыйшоў беларускамоўны адказ аб тым, што ў хуткім часе будзе гатова версія інтэрнэт-старонкі на нацыянальнай мове. 2:2.

Адзначу, што некалькі зваротаў у паважаныя інстанцыі я накіраваў без пазнакі "адказаць па-беларуску". Але склаў іх, натуральна, на роднай мове. Нішто не перашкаджала службовым асобам, хоць бы з перакананняў этыкі, адказаць па-беларуску.

Адказ 5. У адным з сілавых ведамстваў я пацікавіўся, ці ёсць у Беларусі магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы? (На іх сайце дазвалялася пісаць звароты з дапамогай інтэрнэту). Адказ, складзены па-руску, прыйшоў менш чым праз суткі. Мне параілі звярнуцца з такім пытаннем у адно з міністэрстваў. 2:3.

Адказ 6. Яшчэ адзін ліст я напісаў у вядомую авіякампанію, якая працуе на тэрыторыі Беларусі. Паскардзіўся паветраным перавозчыкам на тое, што іх кошты вельмі высокія. Адказалі зноўку па-руску: тарыфы нашай авіякампаніі па маршруце Мінск—Масква знаходзяцца прыкладна на адным узроўні з тарыфамі чыгункі на перавозку вагонамі "купэ" і "СВ". 2:4 не на маю карысць.

Хоць дзеля аб'ектыўнасці адзначу, што, па водгуках кліентаў, у штаце гэтай авіякампаніі працуе нямала адукаваных і прыстойных людзей, якія ведаюць мову і нават рыхтуюць на ёй некаторыя афіцыйныя дакументы. Больш за тое, авіякампанія мае беларускамоўную версію інтэрнэт-старонкі.

Вынікі эксперыменту

З шасці адказаў на мае звароты — толькі два былі складзеныя па-беларуску. Чатыры адказы — рускамоўныя.

Але пакараць службовую асобу, якая ігнаруе беларускую мову, сёння складана.

Прычына гэтаму — пікантная нестыкоўка ў заканадаўстве.

Які нюанс Закона дазваляе ігнараваць беларускую мову?

Бітва за роднае слова  - Частка 2.Некаторыя грамадскія дзеячы і дзяржаўныя чыноўнікі, якія вывучаюць стан сучаснай беларускай мовы, адзначаюць, што наша заканадаўства па моўным пытанні — недасканалае.

— Закон неабходна ўдасканальваць! — гэта першае, што сказаў мне падчас сустрэчы спадар Алег ТРУСАЎ, кандыдат гістарычных навук, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (5000 актыўных сябраў па ўсёй краіне), сябар Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта.

— Канстытуцыя называе беларускую і рускую мовы роўнымі па статусе — дзяржаўнымі. А вось Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" Канстытуцыі, на мой погляд, пярэчыць. Складальнікі заканадаўчага акта паўсюль ставяць злучнік "або". Гэта азначае, што можна карыстацца або рускай, або беларускай мовай. І некаторыя чыноўнікі ідуць лёгкім шляхам, выбіраюць толькі рускую мову. Злучнік "або" дае ім магчымасць увогуле ігнараваць беларускую, — выкрывае юрыдычныя нестыкоўкі Закона Алег Трусаў. — Ёсць пастанова Канстытуцыйнага суда за 2003 год аб тым, што папраўкі ў "Закон аб мовах" 1998 года, са шматлікімі злучнікамі "або", пярэчаць галоўнаму закону краіны. Па сутнасці гэты нюанс скасоўвае раўнапраўе дзвюх моў. Мы ніяк не можам прымусіць чыноўніка карыстацца беларускай мовай. Парадаксальная сітуацыя: адначасова ёсць парушэнне Канстытуцыі, але няма парушэння закону.

Палата прадстаўнікоў з 2005 года абяцае ўдасканаліць заканадаўства, — запэўнівае спадар Алег. — Але дагэтуль абяцанні не выкананыя. Уладзімір Здановіч (сёння старшыня Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, — "Звязда") даслаў мне гэтыя папраўкі, там усё проста — выкінуць гэтыя "або". І праблема ў многім будзе вырашана. Апошнія аргументы супраць былі: дык рэальнае ж двухмоўе дорага каштуе, гэта ж трэба бланкі на дзвюх мовах рабіць, а ў нас грошай няма, будзем па-руску. Вось адказ.

— А, можа, і праўда гэта вялікія траты..., — спрабую стаць на месца якога прагматычнага чыноўніка.

— Калі мова загіне, то ён не будзе чыноўнікам. Шасцю губерніямі пойдзем у Расію, і замест яго прышлюць якога мужыка з Кастрамы. А ён, напрыклад, у Магадан паедзе. Разумны чыноўнік разумее гэта лепш за нас з табой. Не будзе мовы — не будзе дзяржавы, тут усё проста.

Калі нацыянальная мова стане запатрабаванай?

У Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі "Звяздзе" паведамілі, што рыхтуецца канцэпцыя зменаў у закон "Аб мовах". Але наперадзе — вялікая праца, працэс рухаецца марудна. Таму прадказаць, калі злучнік "або" знікне з тэксту важнага заканадаўчага акта — немагчыма.

Бітва за роднае слова  - Частка 2.— Некаторыя чыноўнікі увогуле не карыстаюцца беларускай мовай, спасылаючыся на "Закон аб мовах". Маўляў, у нас ёсць права выбару: можам карыстацца або толькі рускай мовай, або толькі беларускай, — цікавімся меркаваннем па праблеме ў Аляксандра ЛУКАШАНЦА, доктара філалагічных навук, дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

— Гэта пытанне для мяне вядомае. Памятаю, як абмяркоўваўся варыянт закона, які дзейнічае сёння. У той час я асабіста выступаў супраць гэтага "або". Але перамог іншы пункт погляду. Сёння да гэтага пытання зноў вяртаюцца, і яно многімі ўспрымаецца абсалютна правільна. Я думаю, што прыйдзе час, калі будзе падрыхтавана новая рэдакцыя закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", дзе ўсё будзе сфармулявана ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй.

— Прыкладна пятая частка нашых дзяцей рэальна навучаецца ў беларускамоўных класах. І гэта нягледзячы на тое, што краіна ўжо дваццаць гадоў як незалежная...

— Гэта не зусім нармальна, але гэта адлюстроўвае рэальны стан запатрабаванасці беларускай мовы ў нашым грамадстве.

Але на якой бы мове ні навучаўся школьнік, ён па сканчэнні сярэдняй навучальнай установы можа карыстацца беларускай мовай у розных сферах.

Таму асноўная праблема не ў колькасці вучняў.

Сёння беларуская мова недастаткова запатрабаваная ў афіцыйных сферах ужытку. Калі б ёй карысталіся ў той ступені, у якой павінна быць запатрабавана дзяржаўная мова, то зусім па-іншаму да яе вывучэння ставіліся б і ў школах.

Дзяржава павінна рэальна забяспечыць кожнаму грамадзяніну права карыстацца мовай. А гэта азначае, што кожны дзяржаўны служачы павінен рэальна валодаць як беларускай, так і рускай мовамі. Калі ў нас гэты бок дзяржаўнага двухмоўя будзе рэальна выконвацца, тады запатрабаванасць беларускай мовы будзе іншай.

Дзе наймацнейшыя пазіцыі ў беларушчыны?

— Некаторыя чыноўнікі ўпарта адхрышчваюцца ад нацыянальнай мовы. Ці загібее беларускае слова ўшчэнт, калі такія тэндэнцыі будуць захоўвацца?

— Беларуская мова прысутнічае ў грамадстве значна больш шырока, чым мы прывыклі ўяўляць. Ёсць сведчанні таго, што яна ўмацоўвае свае пазіцыі ў грамадстве, — працягвае Аляксандр Лукашанец. — Істотна змянілася сацыяльная лакалізацыя мовы. Калі ў папярэднія перыяды з беларускай мовай асацыявалася вёска, то цяпер цэнтрам захавання нацыянальнай мовы робіцца горад. І што асабліва важна, яе носьбіты — гэта ў асноўным інтэлігенцыя і маладое пакаленне беларусаў.

Феноменам жа сучаснай моўнай сітуацыі з'яўляецца тое, што беларуская мова пачынае пранікаць у інтэрнэт-камунікацыю і ў канфесійную сферу. Тут дваццаць гадоў таму беларускай мовы не было наогул. Гэта даказвае, што нягледзячы на ўсе складанасці, беларуская мова сёння рэальна запатрабаваная. Тым больш што сфера інтэрнэт-камунікацыі ў значнай ступені нікім не рэгламентуецца.

Калі гаварыць пра набажэнства ў праваслаўнай царкве, то вялікае пытанне, ці руская мова там выкарыстоўваецца. А калі выкарыстоўваецца беларуская, хай сабе і абмежавана, то гэта сапраўды сучасная беларуская літаратурная мова. У каталіцкім касцёле беларуская мова выкарыстоўваецца часта і рэгулярна. А руская — не выкарыстоўваецца.

Яўген ВАЛОШЫН,

загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў.

Статыстыка

Наша слова пад пагрозай знікнення?

Штодзённа беларускай мовай карыстаецца усяго чвэрць насельніцтва нашай краіны. Пры гэтым далёка не заўсёды гэта літаратурная мова.

Па афіцыйных дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, падчас перапісу насельніцтва беларускую назвалі роднай 5058402 (большая частка насельніцтва краіны). А вось колькасць асоб, якія размаўляюць па-беларуску штодзённа — 2227175 чалавек.

Адукацыю ў беларускамоўных класах атрымлівае прыкладна адно дзіця з пяці. Па звестках Міністэрства адукацыі Беларусі за 2009/2010 навучальны год такіх дзяцей у краіне было ўсяго 19,1% ад усіх навучэнцаў.

У канцы 2009 года ЮНЭСКА (Арганізацыя аб'яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) выпусціла "Атлас моваў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення". Беларуская — туды ўвайшла.

Урад звярнуў увагу на даволі складанае становішча нацыянальнай мовы. Дзяржава плануе пашыраць сферу яе ўжывання. Пра тое, якім чынам гэта будзе рабіцца, чытайце у наступнай частцы нашага журналісцкага расследавання.

Таксама з дапамогай аўтарытэтных дзяржаўных чыноўнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў мы склалі план з пяці крокаў, якія могуць прывесці да новага росквіту беларускай мовы. Пра гэта чытайце ў наступным нумары.

←И к селу, и к городу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика