У Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнулася дачка Мікалая Статкевіча, Кацярына.
Яна расказала, што невядомыя тэлефанавалі яе дзеду, бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты. Яны хацелі, каб Віктар Паўлавіч «расказаў пра сына». Хацелі для гэтага прыйсці да яго дамоў. Размаўлялі «пагрозлівым тонам» і давялі старога чалавека да вялікай трывогі.
Як сказаў нам Віктар Паўлавіч, гэты чалавек не прадставіўся. «Яны хочуць, каб здрадзіў сыну, — кажа сп. Статкевіч-старэйшы. — але такога не будзе!» Ён у рэзкай форме адмовіўся сустракацца, сказаў, што яго не будзе ўдома. У Статкевіча-старога склалася ўражанне, што гэта былі ці з БТ, ці са спецслужбаў і што яны хацелі, каб бацькі асудзіў сына.
Статкевічу-старэйшаму 85 гадоў, ён жыве ў Баранавічах. Пасля выбараў баранавіцкі народ узяў яго пад сваю апеку.
Кацярына Статкевіч жыве ў Нямеччыне, працуе на «Аўдзі».
Сам Мікола Статкевіч праходзіць у якасці падазраванага па справе аб «беспарадках» 19 снежня. Ён трымае галадоўку ад моманту арышту.
Чытайце пра развіцце падзей на NN.BY.