Шапіру змусілі спыніць беларусізацыю
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта выказаў незадаволенасць «інфармацыйнай падаплёкай» вакол ініцыятывы пашырыць выкарыстанне беларускай мовы сярод сваіх падначаленых. Пра гэта ён расказаў журналістам падчас прэс-канферэнцыі, што прайшла 21 снежня ў Гродне.
Пытанне карэспандэнта «ГС» тычылася таго, якім чынам плануецца пашыраць ужыванне роднай мовы ў раённых выканаўчых камітэтах. У адказ Сямён Шапіра нагадаў, што ў Беларусі кожны мае права выбару мовы і ніхто не абавязаны адказваць за тое, што не размаўляе па-беларуску. Ён быў непрыемна ўражаны каментарамі наконт сваёй ініцыятывы ў СМІ. Выказванні пра тое, што беларусізацыя пачалася пасля звароту «Таварыства беларускай мовы», Шапіра назваў спекуляцыяй. І дадаў, што прыпыніў гэтую практыку.
Нагадаем, месяц таму старшыня аблвыканкама выказаў пажаданне, каб чыноўнікі больш ужывалі ў сваёй працы родную мову. Пра гэта са спасылкай на «Радыё Рацыя» паведамляла і «ГС».
Ініцыятыву Сямёна Шапіры многія звязвалі са зваротам «Таварыства беларускай мовы». Старшыня грамадскага аб’яднання Алег Трусаў павіншаваў чыноўніка з новым прызначэннем і заклікаў больш карыстацца беларускай мовай.
«Газета Слонімская»