"У трыццаць гадоў я кінуў усё дзеля свінгу"

Источник материала:  

Ленард Вестэрлунд працаваў звычайным банкірам. Кожны яго дзень быў падобны на папярэдні: лічбы, паперы, лічбы... Але аднойчы ён паглядзеў фільм пра чарнаскурых амерыканцаў, якія танцавалі свінг, і вырашыў "трошкі" змяніць сваё жыццё.

Трыццацігадовы швед кідае ўсё і едзе ў Нью-Ёрк вучыцца танцаваць свінг! Сёння за плячыма Ленарда Вестэрлунда ўжо 30 (!) гадоў танца. Яго называюць бацькам еўрапейскага свінгу, "энцыклапедыяй джазавага танца" і проста абаяльным шведам, які ў свае шэсцьдзясят з хвосцікам усё гэтак жа гарэзліва танцуе. Зусім нядаўна легендарны швед упершыню наведаў з майстар-класамі беларускую сталіцу.

Пра тое, чаму танцы даюцца лягчэй жанчынам, як знайсці ў музыцы рытм і што беларусам варта пераняць у бразільцаў, Вестэрлунд распавёў "Звяздзе".

"У трыццаць гадоў я кінуў усё дзеля свінгу"— Ленард, ці згодныя вы, што любога чалавека можна навучыць танцаваць?

— Абсалютную большасць — так. Магчыма, ёсць адзін чалавек на тысячу, у якога няма пачуцця рытму і такту, ён і маршыраваць разам не зможа з іншымі людзьмі. Але такіх людзей вельмі і вельмі мала.

— А якая нацыя самая танцуючая?

— Цяжкае пытанне. У першую чаргу — афрыканскія народы і афрыканскія краіны. У іх вельмі моцная танцавальная традыцыя, якая атрымала паскоранае развіццё ў 20-30 гг. мінулага стагоддзя і якая развіваецца па сённяшні дзень.

— Танцаваць свінг — гэта ўсё ж такі судакранацца з культурай амерыканскай, пераймаць гэтую культуру. Ці не атрымаецца так, што, танцуючы свінг, мы забываем пра танцавальную культуру сваёй краіны?

— Я казаў бы пра амерыканскую культуру як пра афраамерыканскую. Для мяне як шведа, які геаграфічна знаходзіцца далёка ад Амерыкі, пачынаць танец свінг было складана. Я адчуваў сябе не зусім упэўнена, відаць, тое ж адчуваюць і беларусы.

— Але ў кожнай краіне ёсць свае нацыянальныя танцы. Свінг — з'ява амерыканская. Калі мы яго танцуем, то прапагандуем, атрымліваецца, культуру афра-амерыканцаў?

— У прынцыпе, не лічу, што захапленне свінгам можа нашкодзіць ці знішчыць традыцыйныя танцы краіны. Што датычыцца Швецыі, то пасля Другой сусветнай вайны шведская культура цалкам трапіла пад уплыў культуры амерыканскай. І, у прынцыпе, гэта змяніла шведскую культуру.

— Атрымліваецца, шведы капіравалі амерыканцаў, ці як?

— Пасля другой сусветнай вайны гэта распаўсюдзілася не толькі на Швецыю, але і на ўсю Еўропу. Амерыканцы выглядалі як героі вайны. Таму ў 60-х гэты ўплыў быў ва ўсім: і ў танцах, у музыцы, у мастацтве, у кнігах, у манеры апранацца... І нават сёння, калі вы прыедзеце ў Стакгольм, то ўбачыце, што большасць надпісаў не па-шведску, а па-англійску. Уплыў вельмі моцны ва ўсіх сферах.

— Хто больш здольны да танца: мужчына ці жанчына?

— Гэта індывідуальна і залежыць ад канкрэтнага чалавека. Але калі адказваць на пытанне, то, відаць, усё ж жанчыны. Яны трохі лягчэй адаптуюцца да навучання.

— Ці можна сцвярджаць, што некаторыя нацыі цяжэй навучаюцца танцам праз сваю зацятасць, сарамлівасць?

— Я выкладаў ва ўсім свеце, таму адказаць змагу. Калі браць за прыклад Бразілію (да той жа катэгорыі можна аднесці афра- амерыканцаў Паўночнай Амерыкі і Канады) — ім проста ставіш музыку і паказваеш. Ім не патрэбна граматыка танца. Паказваеш — і робяць усё самі. Калі казаць пра Швецыю, то нам патрэбна даваць лік "раз-два-тры", патрэбна даваць граматычную аснову. І паказваць-расказваць, калі людзі пачнуць танцаваць.

Тыя ж шведы насамрэч больш заціснутыя ў танцы. Бразільцам жа ж наадварот — прасцей пачынаць, але гэта гістарычна так склалася. Бразілец кажа: давай, я гатовы танчыць. Швед скажа: ага, я не ведаю, я толькі паспрабую.

— А калі казаць пра славян — у прыватнасці, беларусаў? Як яны гатовыя на танцы?

— Першае ўражанне ад славянскіх народаў у мяне звязана з рускімі. У Расію я ўпершыню прыехаў 10 гадоў таму. Вядома, спачатку для іх было дзіўна бачыць, як мы танцуем ліндзі-хоп (адзін з кірункаў свінгу. — Аўт.). Але яны вельмі хутка ўцягнуліся і насамрэч, вельмі па-жывому за гэта ўзяліся. І я ўбачыў, наколькі рускія эмацыйныя, наколькі ў іх ёсць запал у танцы. Калі казаць пра Беларусь, то тут людзі трохі больш заціснутыя — можа, баяцца пачаць. Робяць усё асцярожна, але, думаю, мае майстар-класы дапамогуць ім разняволіцца.

— Ленард, а як пачыналі вы? Можаце ўзгадаць сваю першую рэпетыцыю?

— Цікавіцца танцамі я пачаў яшчэ да таго, як пачаў імі займацца. Памятаю, я знайшоў кнігу пра афраамерыканцаў — былі там карцінкі і з танцорамі свінгу. Мяне гэта зацікавіла яшчэ больш. Я паехаў у Амерыку, сустрэўся з гэтымі людзьмі і пачаў вучыцца ў іх. І тады я поўнасцю захапіўся гэтым. Для мяне пачаў існаваць толькі танец. Я пакінуў усё, што меў, і пачаў танцаваць.

— А ўсё ж такі першая рэпетыцыя?

"У трыццаць гадоў я кінуў усё дзеля свінгу"— Спачатку я вучыўся па фільмах, да прафесіяналаў трапіў ужо пасля. Я быў адзіным белым чалавекам у групе танца. Я адчуваў сябе "белай варонай" у іх акружэнні. А для гэтых людзей танец быў жыццём, спосабам выражэння. Я пастаянна задаваў пытанні, але яны не заўсёды маглі мне адказаць — яны проста танцавалі гэтую музыку. Але паступова я ўцягнуўся і пачаў успрымаць танец так, як яны.

— Ці актуальны сёння свінг?

— Актуальны. Цікавасць да яго вялікая. Магчыма, яшчэ не ў Мінску, не ў Беларусі, але па ўсім свеце — так. Магу сказаць дакладна, што ёсць каля 50 краін, дзе людзі актыўна танцуюць свінг, а таксама танга, сальсу і іншыя танцы, падобныя па атмасферы. У асноўным, безумоўна, свінгам цікавіцца моладзь.

— Якімі якасцямі трэба валодаць, каб навучыцца танцаваць свінг?

— Як нельга сказаць джазаваму музыканту: "Ідзі і сыграй мне добры джаз", так і нельга сказаць танцору свінга: "Ідзі і станцуй мне добры свінг". Для мяне найперш гэта добры настрой, партнёр майго ўзроўню, добрая падлога і добрыя туфлі, таму што яны — мае інструменты. Калі гэтыя ўсе складнікі прысутнічаюць, я адчуваю, што знаходжуся не звонку танца, а ўнутры яго. Якраз тады і пачынаецца добры свінг.

Унутры гэтай музыкі ёсць мелодыя — тое, чаго так часта нестае сённяшнім дыскатэкам. Слухаючы музыку, вельмі важна якраз навучыцца адчуваць інструменты паасобку — тады вы навучыцеся адчуваць рытм. Для мяне галоўнае — быць з музыкай "на ты". Калі я зліваюся з музыкай — гэта для мяне ключавы момант.

Гутарыў Ілья ЛАПАТО.

←Отпущен на свободу племянник Ярослава Романчука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика