Для вокнаў сцены трэба ламаць?

Источник материала:  

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч падчас "гарачай лініі", на якую тэлефанавалі жыхары Віцебшчыны, выслухаў мноства скаргаў і заўваг. Некаторыя "сігналы" ад людзей проста не могуць не абурыць.

Вось, напрыклад, жыхарка Віцебска скардзілася на тое, што ў іх шматпавярховым доме, дзе, дзякуючы капітальнаму рамонту, мяняюць вокны, пашыраюць аконныя праёмы. Паводле яе слоў, чамусьці ставяць вокны памерам не 140 сантыметраў, як раней было, а на сем сантыметраў шырэй. "Дома дзеці, пенсіянеры, на вуліцы мароз", — расказвала гараджанка. — Навошта разбураць сцены? Выходзілі мы на розныя структуры, каб разабраліся, і да кіраўніцтва гарвыканкама, мэра. Абяцалі прыйсці разабрацца яшчэ 12-га, так і не прыйшлі". Галоўны інспектар паставіў задачу адказным асобам у той жа дзень выехаць на месца і разабрацца. Насамрэч, дзіўна, няўжо нельга было першапачаткова заказаць новыя вокны для замены старых такой жа шырыні і вышыні?

Аб іншай праблеме расказаў жыхар глыбінкі, які паведаміў, што ўжо некалькі гадоў не могуць паставіць нармальны пераход праз ручай у вёсцы Сасноўка Віцебскага раёна. Паводле яго слоў, за гэты час змяніліся тры старшыні сельскага Савета, а праз ручай пераходзіць і цяпер небяспечна. "Пешаходны мосцік у дрэнным стане, — паведамляе мужчына. — Пліту проста праз ваду паклалі без агароджы, а як па ёй пераходзіць? Тым больш па лёдзе можна ўпасці ў ваду і захварэць". Паскардзіўся грамадзянін і на тое, што пешаходную дарогу ад снегу не чысцяць. Маўляў, тэхнікі няма — так тлумачаць праблему тыя, ад каго залежыць яе вырашэнне.

Дзве жанчыны пацікавіліся нюансамі аказання дзяржаўнай дапамогі пры будаўніцтве жылля. І атрымалі інфармацыю, у які орган канкрэтна трэба звяртацца па каментарыі.

Медыцынскі работнік, што працуе ў віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе, пацікавіўся: чаму ёй не павысілі заробак, як іншым медыкам? Як ёй тлумачылі, спартыўная медыцына не адносіцца да "агульнай", таму быццам не было падстаў. Памочнік Прэзідэнта даручыў разабрацца і знайсці магчымасць нейкім чынам аказаць спартыўнаму медыку падтрымку.

А ў старым доме ў Віцебску, па вуліцы Камсамольскай, які калісьці палонныя немцы аднаўлялі, яшчэ з 2008 года ідзе капітальны рамонт. Як растлумачыла жанчына, людзей выселілі. Паводле яе слоў, у падменны жыллёвы фонд. Рамонт іх дома, дзе раней не было цэнтралізаваных гарачага і газавага забеспячэння, зацягнулі. Людзі мараць або вярнуцца ў свае кватэры, або атрымаць новыя. Ды ніяк не вырашаецца гэтае пытанне.

А жыхарка райцэнтра Расоны вельмі эмацыянальна расказвала аб тым, што ёй у выніку лячэння анкалагічнага захворвання ампутавалі адну з грудзей, а інваліднасць чамусьці не далі. Муж пакінуў яе... Паводле яе слоў, медыцына — наогул праблемная тэма ў раёне. І зрабіла выснову аб тым, што, можа, таму моладзь і пакідае раён. Разабрацца ў сітуацыі даручылі кіраўніку сістэмы аховы здароўя вобласці.

А ў пасёлку Вярхоўе, які на ўскраіне Віцебска — у Чыгуначным раёне, паводле слоў тутэйшай жыхаркі, не арганізаваны вольны час для моладзі. І медыцынскі пункт даўно не сучасны: прыбіральні няма, калі з малым да педыятра прыходзіш, трэба чаргу чакаць на вуліцы, бо памяшканне малое.

А жыхары вуліцы Гагарына ў Віцебску спадзяюцца, што паліклініка, якая абслугоўвае жыхароў гэтай вялікай вуліцы, працягласцю некалькі кіламетраў, урэшце атрымае новае жыццё... Тым больш, што на вуліцы працягваецца капітальная рэканструкцыя...

Грамадзянам, якія выйшлі на сувязь, памочнік кіраўніка дзяржавы паабяцаў, што іх звароты будуць абавязкова трымацца на кантролі. У асобных выпадках даў абяцанні асабіста пракантраляваць, як вырашаюцца складаныя сітуацыі. І выехаць на месца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Отпущен на свободу племянник Ярослава Романчука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика