"Галоўная якасць настаўніка — справядлівасць..."

Источник материала:  

Ці ёсць будучыня ў сельскіх школ? Чаму ў беларускай педагогіцы выключна жаночы твар? Якім павінна быць маральнае аблічча педагога? Пра ўсё гэта настаўнікі разважаюць на сайце "Звязды", які пасля публікацыі артыкула "Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць" у нумары за 17 сакавіка, пераўтварыўся ў стыхійны форум, дзе настаўнікі дзеляцца адно з адным праблемамі, якімі жыве сучасная школа.

@

Паважаная "Звязда", піша вам бацька-настаўнік адной са школ Віцебскай вобласці. Даволі працяглы час выпісваю вашу газету. Шчыра скажу: ёсць што пачытаць і над чым паразважаць. Асабліва ў апошні час з вялікай цікаўнасцю сачу за абмеркаваннем розных актуальных пытанняў, якія ўзнімаюцца на старонках газеты. Асобна хочацца спыніцца на праблеме "пісаніны" ў школе: з такой колькасцю папер можна не прымушаць школьнікаў збіраць макулатуру, лепш даводзіць план па здачы макулатуры да настаўнікаў. Калі ты проста выкладаеш прадмет — павінен здаць, напрыклад, столькі кілаграмаў макулатуры, калі класны кіраўнік — то больш, а калі сацыяльны педагог — яшчэ больш.

Бацька-настаўнік.

@

Мяркую, што фемінізацыя педагагічнага корпусу не спрыяе выхаванню ў падрастаючага пакалення хлопчыкаў мужчынскіх якасцяў. А кіруюць, пераважна, мужчыны...Ці не адсюль "растуць ногі" многіх нашых праблем? Мо ў такім разе варта было б паспрабаваць даць "паруліць" жанчынам?

Назіральнік.

@

Ход думак правільны. Калі муж зарабляе мала, то яго трэба натхніць на пошукі большых заробкаў. Але асабліва зачапіла фраза "Дзякуй Богу, што ён у мяне не настаўнік. Вельмі паказальна. Як быццам крык душы... Да якога становішча даведзены настаўнік, каб дзякаваць Богу, што муж не настаўнік. А фемінізацыя школы да дабра не прывядзе. Гэта як у сям'і: калі хлопчыкі выхоўваюцца без бацькі, то ў іх могуць не сфарміравацца мужчынскія рысы характару. Я ўжо пайшоў са школы, уладкаваўся на працу, якая не патрабуе вялікіх разумовых намаганняў, няхай і прымітыўную, затое плацяць мне цяпер удвая больш, чым у школе. А мае вучні просяць, каб я вярнуўся назад, таму што маладая настаўніца не можа ні патлумачыць дзецям матэрыял, як я, ні навесці дысцыпліну ў класе. Я б з задавальненнем вярнуўся, але не на такую ж зарплату...Не трэба мяне папракаць, што я, працуючы настаўнікам, не змог завесці сабе дзяцей. Папракайце лепш нашых чыноўнікаў, якія паставілі настаўніка ў такое становішча, што яму трэба адмовіцца ад сваёй прафесіі, каб стварыць сваю сям'ю...

Наблюдатель.

@

Адносна фемінізацыі школы лічу, што асабіста я, хоць і жанчына, вельмі нашу школу ўпрыгожваю і надаю ёй высакароднасці. У класе, дзе я класны (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) кіраўнік, 80 працэнтаў вучняў — юнакі, і размаўляць з імі я пачынаю са слоў: "Паважаныя арлы, падкажыце слабай жанчыне, а як бы гэта нам з вамі ....макулатуру—металалом сабраць, рамонт класа зрабіць ці нейкае мерапрыемства правесці". Здараецца, што мае словы не вельмі натхняюць, але часцей — спрацоўвае...

Наталі.

@

Я не кажу, што жанчын у школе не павінна быць увогуле. У ідэале трэба, каб у школе былі і педагогі-мужчыны, і педагогі-жанчыны. А калі пакінуць адных толькі мужчын, то школа пераўтворыцца ў казарму. Заўсёды лепш, калі перад дзецьмі ёсць узор паводзінаў і тых, і тых. Але гэта ў ідэале...

Наблюдатель.

@

Большасць малакамплектных школ трэба скарачаць! Ва ўсялякім выпадку школы, у якіх навучаюцца менш як 100 вучняў. Скажаце, бязлітасна? Дзяцей у класе — па два-тры вучні. Я сам быў у такой сітуацыі. Дачка хадзіла ў клас, у якім былі ўсяго чатыры вучні. Калі мы пераехалі ў горад, яна з цяжкасцю змагла асвоіцца, хоць па сваёй прыродзе — шустрая дзяўчынка. Зараз ужо ўсё наладзілася, але дзеці, якія працягваюць навучацца ў малакамплектных школах, у сваёй большасці асуджаныя. Асуджаныя на няведанне, на негатоўнасць выстройваць зносіны з аднагодкамі і гэтак далей. А школы гэтыя ўсё роўна закрыюць. Так можа лепш рассекчы гордзіеў вузел, а не цягнуць ката за хвост?

Паважаная "Звязда", калі ёсць магчымасць, звярніцеся, куды трэба, і дайце ведаць, калі будзе ліквідавана такая ганебная з'ява ў адукацыі, як "пазабюджэтка". Нішто не нанесла такой шкоды адукацыі, як рашэнне абавязаць школу зарабляць грошы.

Анат.

@

Магчыма, сваім згадваннем аб залішняй фемінізацыі педагагічнага корпусу я кагосьці пакрыўдзіў, таму прашу прабачэння. Не раз даводзілася чуць ад дзяцей, што галоўная якасць настаўніка — справядлівасць. Як бы педагог ні ставіўся да вучня, пры ацэньванні вынікаў яго вучобы і паводзінаў гэта ніяк не павінна адбівацца. Нам трэба быць максімальна аб'ектыўнымі пры выстройванні ўзаемаадносінаў з вучнямі і іх бацькамі. Сутыкнуўшыся з няшчырасцю настаўніка, вучань наўрад ці будзе давяраць яму ў далейшым. Кожны вучань, прычым у кожнага настаўніка, павінен мець магчымасць атрымаць добрую ці выдатную адзнаку. Гэта не толькі мой настаўніцкі прынцып, але і бацькоўская крыўда на некаторых гора-настаўнікаў маіх дзяцей. Дзякуй Богу, дзеці ўжо атрымалі сярэднюю адукацыю. Але што чакае будучых студэнтаў ? У многіх ВНУ тая ж гісторыя: некаторыя выкладчыкі ўлічваюць пры ацэньванні не веды студэнтаў, а іх паводзіны, знешні выгляд, і, здараецца, карыстаюцца зусім далёкімі ад вучобы матывамі. Нагледзеўшыся на такія парадкі, усё больш пераконваюся ў важнасці настаўніцкай аб'ектыўнасці: пры ацэньванні забывайся пра асабістае, выпрацоўвай аднолькавыя крытэрыі для ўсіх вучняў. Хоць, вядома, у любым правіле магчымыя выключэнні. Толькі іх не павінна быць зашмат. Некаторыя з маіх калег-настаўніц час ад часу прызнаюцца, што ім цяжкавата забываць пра асабістае, не мець "любімчыкаў" і "падхалімчыкаў". Магчыма, тое ж мне сказалі б і калегі-мужчыны, але іх практычна не засталося побач. А хто навядзе парадак і адновіць справядлівасць у дзіцячай спрэчцы? Хто разбярэцца ў канфліктах між вучнямі ці між вучням і настаўнікам?

Да слова, наконт меркавання пра закрыццё малакамплектных школ. Я і сам вучыўся ў вясковай школе, а цяпер назіраю сумныя наступствы закрыцця такіх школ. Недзе сапраўды можа і няма сэнсу іх падтрымліваць. Аднак часта найбольш справядлівыя ўзаемаадносіны паміж вучнямі і настаўнікамі фарміруюцца менавіта ў такіх невялічкіх калектывах. Ды і веды там можна атрымаць не горшыя, чым у гарадской школе. Галоўная бяда ўсіх школ (асабліва малакамплектных) — гэта самазабеспячэнне і пазабюджэтная дзейнасць.

Назіральнік.

@

Хачу ўдакладніць сваю пазіцыю па сельскіх школах. Ёсць і сапраўды самабытныя школы, у якіх працуюць мясцовыя педагогі. Клімат у такіх школах, а больш дакладна, ва ўсіх невялікіх школах, значна лепшы, чым у гарадскіх. Прычына ў тым, што тут адразу бачныя няшчырасць, несумленнасць і іншыя нядобрыя з'явы. Але сёння сапраўдныя педагогі сыходзяць са школы ці ўжо сышлі на пенсію. У сельскіх школах вучыць некалькі дзясяткаў дзяцей прыязджаюць настаўнікі з райцэнтра. А гэта ўжо зусім іншыя зносіны ў калектыве. І дзецям яны чужыя, бо не адчуваюць дзяцей. Сэнсу ў існаванні такіх школ няма.

Анат.

@

Нам на бацькоўскім сходзе ўчора "рэкамендавалі" выпісаць "Юны выратавальнік". Бацькі адзінагалосна адмовіліся. Настаўніца плакала...

Маці.

@

Чыноўнікі, не перашкаджайце сваёй так званай работай (бясконцымі праверкамі) вучэбна-выхаваўчаму працэсу. Вы адрываеце нас ад дзяцей, патрабуючы бясконцыя справаздачы.

Настаўнік.

@

Нядрэнна распачаўся тыдзень. Усё як звычайна. Хроніка падзей:

панядзелак — арганізаваць мерапрыемствы да 200-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня смерці Т.Шаўчэнкі;

панядзелак — падрыхтаваць відэасюжэт да раённага бацькоўскага сходу;

серада — анкета аб шкодзе курэння, прадаставіць справаздачу;

серада — інструктаж аб проціпажарнай бяспецы (справаздача);

чацвер — правесці анкетаванне бацькоў, прадаставіць справаздачу.

І гэта без уліку таго, што чатыры суботы запар праходзяць алімпіяды па прадметах.

Акрамя таго, трэба выпісаць на школу "Юны выратавальнік" і "Адукацыю Міншчыны". Карацей, дзяцей няма часу вучыць, самі няхай вучацца.

Анат.

@

Па дамах настаўнікаў прымусілі хадзіць і правяраць, у якім стане знаходзяцца печкі і электраправодка, ці ва ўсіх ёсць пажарныя апавяшчальнікі. Даходзіць да поўнага абсурду. Можа, нам за адным махам іх яшчэ і адрамантаваць? А давайце арганізуем месячнік, каб урокі за нас праводзілі пажарныя, работнікі ДАІ, міліцыі і гэтак далей. Настаўнік, відаць па ўсім, прыдатны на любую работу? Але я з маёй педагагічнай адукацыяй ну ніяк не магу вызначыць, у якім стане знаходзіцца электраправодка. Мяне ў інстытуце гэтаму не вучылі . Калі не падводзіць памяць, то ў інстытуце студэнтаў вучаць, як навучаць дзяцей.

Беспредел.

@

Толькі ўявіце, якой колькасці людзей трэба было б заплаціць, калі б не настаўнікі. Класы рамантуем, агароджу фарбуем, на дыскатэках дзяжурым, небяспечныя сем'і наведваем, бацькоў па суботах забаўляем, іх дзяцей падкормліваем і... далей па спісе. Проста ганаруся сабой. Вось толькі пры знаёмстве не спяшаюся называць месца працы — непрэстыжна і неяк нізкааплатна. А ў мужчын так і самы шчыры інтарэс да цябе знікае!

Наталі.

@

Дзякуй "Звяздзе" за тое, што яна спрабуе штосьці змяніць. Але, на жаль, факт застаецца фактам — нямала выпадковых людзей камандуюць настаўнікамі на месцах, указваюць ім, што трэба рабіць. Нават цяжка ўявіць сабе, да якіх наступстваў гэта можа прывесці...

Анат.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА.

←Про зелень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика