"Беларусь гатовая да перамоў з Еўрасаюзам па спрашчэнні візавага рэжыму"

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей БЯГУН на сустрэчы з журналістамі.

Неаднаразова ў інтэрнэт-публікацыях даводзілася чытаць, што Еўрасаюз настойвае на такіх перамовах, а кампетэнтныя органы Беларусі не ідуць насустрач. Але начальнік дэпартамента назваў гэтае меркаванне памылковым.

— Я кампетэнтна магу заявіць, што яшчэ ў пачатку гэтага года беларускі бок выказаў гатоўнасць весці дыялог з Еўрасаюзам адносна заключэння пагаднення аб узаемных паездках грамадзян, — адзначыў Аляксей Бягун. — Пасля гэтага ЕС узяў паўзу адносна гэтага пытання. І дагэтуль ніякай актыўнасці не праяўляе. Мы дастаткова сур'ёзна вывучылі вопыт малдаўскіх, расійскіх і ўкраінскіх калег па заключэнні адпаведных пагадненняў. І даўно чакаем прадстаўнікоў еўраструктур у Мінску, каб пачаць перамовы па візах.

Дарэчы, у наступным годзе павінен запрацаваць спрошчаны рэжым для жыхароў прымежных зон на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Праваахоўнікі прагназуюць, што дакументы для такога спрошчанага ўезду зможа атрымаць каля мільёна беларусаў.

"Павальнай выдачы біяпашпартоў у Беларусі не будзе"

Сёлета Савет Міністраў зацвердзіў план мерапрыемстваў на 2011 год, які тычыцца ўвядзення біяметрычных дакументаў. Мяркуецца, што ўвесь асноўны аб'ём работы ў гэтай сферы будзе зроблены ў наступным годзе. Першыя ж біяметрычныя дакументы пачнуць выдаваць у Беларусі ўжо ў 2012 годзе. Аднак гэта будуць не пашпарты, а дакументы для бежанцаў і асоб без грамадзянства.

Дакладную ж дату ўвядзення біяметрычных пашпартоў для беларускіх грамадзян Аляксей Бягун не агучыў. Але падкрэсліў, што міліцэйскае ведамства працуе ў гэтым кірунку, вывучае вопыт, назапашаны іншымі краінамі. У свеце, паводле слоў спецыяліста, пакуль не існуе адзінага стандарту для біяметрычных пашпартоў. У Беларусі для іх выдачы па-ранейшаму плануецца выкарыстоўваць адбіткі пальцаў.

— У любым выпадку ў нашай краіне не будзе павальнай біяпашпартызацыі, — адзначыў начальнік дэпартамента. — Людзі будуць самі выбіраць, трэба ім атрымліваць біяметрычны пашпарт ці не. Справа ў тым, што побач з біяметрычным будзе дзейнічаць і звычайны пашпарт, якім свабодна можна будзе карыстацца ўнутры краіны ажно да тэрміну яго заканчэння.

Пра агульную міграцыйную прастору на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

Начальнік дэпартамента адзначыў таксама, што на пасяджэнні Саюзнага Саўміна падрыхтаваны праект дакумента аб фарміраванні ў 2012-2015 гадах агульнай міграцыйнай прасторы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

— Мы плануем сфарміраваць у будучыні агульную візавую палітыку на тэрыторыі дзвюх дзяржаў, — распавёў Аляксей Бягун. — Прынцып фарміравання агульнай міграцыйнай прасторы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі будзе падобны на шэнгенскую мадэль.

А яшчэ раней, ужо ў наступным годзе, міграцыйныя службы Беларусі і Расіі абмяняюцца базамі звестак аб невыязных грамадзянах.

— З 2011 года будзе рэальна наладжаны абмен базамі звестак аб невыязных грамадзянах з трэціх краін на тэрыторыю Беларусі і Расіі, — паведаміў Аляксей Бягун. — Мы ўжо падрыхтавалі спіс невыязных грамадзян, які ў бліжэйшы час накіруем у Расію. Аналагічны спіс мы чакаем і ад сваіх расійскіх калег.

Рэгістр насельніцтва Беларусі пачне працаваць у 2013 годзе

Работа па стварэнні рэгістра вядзецца з 2008 года. Звесткі ў цэнтралізаваную базу персанальных звестак фізічных асоб уносяць суды, органы ЗАГС, ваенныя камісарыяты, шэраг дзяржорганаў.

— Першы этап стварэння рэгістра насельніцтва Беларусі будзе завершаны ў 2013 годзе, — паведаміў начальнік упраўлення па рэгістры насельніцтва, інфарматызацыі і арганізацыйна-аналітычнай рабоце дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Юрый ЛЯНЧЭЎСКІ. — На гэтым этапе ў рэгістр будуць унесеныя звесткі, якія ўтрымліваюцца ў пашпартах грамадзян рэспублікі. Усяго плануюцца два этапы стварэння рэгістра насельніцтва.

Дарэчы, звесткі рэгістра насельніцтва будуць паступаць па сакрэтных інтэрнэт-сетках МУС.

Надзея ДРЫЛА.

←Про зелень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика