Інструмент Гварнэры ў надзейных руках

Источник материала:  

Гучанне скрыпкі ХVІІ стагоддзя Улада Беражная прадэманструе на закрыцці Мінскага міжнароднага конкурсу піяністаў.

Канцэрт 9 снежня павінен увайсці ў гісторыю: упершыню са сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі загучыць каштоўная скрыпка, якую набыла наша краіна для маладых таленавітых музыкаў.

Напярэдадні шаноўную паненку — скрыпку Гварнэры — паказалі журналістам. Усё як належыць: ахова ля дзвярэй. Яна ў цэнтры ўвагі. Нават Улада, якой іграць канцэрт, запытальна паглядзела на сваіх кіраўнікоў, калі папрасілі сыграць хоць трошкі: ці можна вось тут, вось так?..

Інструмент Гварнэры ў надзейных руках

— Гонар і сапраўдная асалода іграць на гэтай скрыпцы, — прызналася Улада Беражная. — Яна ж на 12 гадоў старэйшая за Баха! Можна толькі ўявіць, якое жыццё было ў гэтага інструмента, якія людзі на ім ігралі!

Сама Улада ўжо іграла на гэтай скрыпцы на конкурсе ў Славакіі — выйшла ў фінал. Пасля звычайнага інструмента, на якім яна іграла дагэтуль, дзяўчына не надта доўга прыстасоўвалася да каштоўнай скрыпкі, адразу адчула, як цудоўна гук накрывае залу. Да добрага ж прывыкаеш лёгка. А тут жа скрыпачка — нібыта пад яе рукі зроблена... Дзякуй Арцёму Шышкову — менавіта гэты беларускі музыкант выбраў інструмент працы Андрэа Гварнэры сярод многіх, калі прадстаўнікі Беларусі паехалі ў Лондан з важнай місіяй: набыць для краіны каштоўную скрыпку.

Фірма, з якой вяліся перамовы, даволі аўтарытэтная, але пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі не адзін раз сустракаўся з яе кіраўніцтвам, каб упэўніцца, што ў пэўным цэнавым дыяпазоне будзе што выбраць.

— Калі мы прыехалі ў Лондан, то атрымалі для азнаямлення 7 музычных інструментаў, — распавядае прафесар Беларускай акадэміі музыкі Эдуард Кучынскі. — Мы з Арцёмам Шышковым працавалі тры дні і адабралі 3 скрыпкі. Каб не ціснула імя Гварнэры, мы ўзялі яшчэ 2 інструменты італьянскіх майстроў. Але Гварнэры сказаў за сябе, калі Арцём стаў іграць.

Майстар Андрэа Гварнэры — заснавальнік знакамітай дынастыі. Дырыжор Андрэй Галанаў адзначыў, што ён самы таямнічы і загадкавы з італьянскіх майстроў. Насамрэч у Гварэнэры не так шмат інструментаў, у асноўным ён рабіў віяланчэлі. Але сярод самых каштоўных інструментаў свету — працы яго ўнука Джузэпэ Гварнэры. Праўда, кошты на іх трымаюцца ў межах мільёна долараў. Але Эдуард Кучынскі цяпер дазваляе сабе мары яшчэ хоць бы пра два ці тры інструменты...

Магчыма, скрыпка Андрэа Гварнэры будзе першай, але зусім не апошняй у нашай краіне, якая мае намер стварыць калекцыю каштоўных інструментаў, як гэта ёсць у многіх краінах свету, паведаміў прадстаўнік Міністэрства культуры Анатоль Мукалаў, асабліва адзначыўшы спонсараў — "Нафтан" і "Белтрансгаз".

Як і дзе будзе захоўвацца каштоўны інструмент?

Рэктар Беларускай акадэміі музыкі Кацярына Дулава патлумачыла:

— Вялікая справа — мець і захоўваць такі інструмент. Калекцыйныя інструменты — гэта музейныя экспанаты. Вялікі гонар, што яго набылі для навучальнай установы. Мы будзем трымацца міжнароднай практыкі захавання і выдавання інструмента музыкантам. Ён не будзе ляжаць на паліцы. Таму што класны інструмент жыве ў руках майстра. Чым больш з ім кантактуеш, тым больш ён распавядае пра сябе.

Умовы захоўвання былі абмеркаваныя з прадаўцом і экспертамі. Футарал утрымлівае датчыкі вільготнасці, ён супрацьударны. Скрыпка будзе захоўвацца з прымяненнем спецыяльнай тэхнікі, якая абараняе ад знешніх уздзеянняў. Прынятыя ўсе меры для таго, каб не паставіць пад удар сам інструмент і выканаўцу, які на ім іграе.

Наступны раз гук чароўнай скрыпкі можна будзе пачуць 22 снежня на канцэрце стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Про зелень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика