Інавацыі ў адукацыі і працоўныя месцы ў глыбінцы

Источник материала:  

Інавацыі ў адукацыі і працоўныя месцы ў глыбінцыУсенародны сход падрабязна асвятляўся сродкамі масавай інфармацыі, кожны меў магчымасць пачуць нешта цікавае для сябе, узважыць, ацаніць. Першымі ўражаннямі ад падзеі падзяліліся розныя людзі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта:

— Галоўнае пытанне, якое ўзнікае пры ацэнцы беларускіх рэалій у сусветным супольніцтве, можна сфармуляваць наступным чынам: "Ці аказалася жыццяздольнай беларуская мадэль грамадскага развіцця?" Менавіта з гэтага пункту гледжання трэба разглядаць вынікі Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу. Галоўны вынік: гэта мадэль адбылася, яна мае значныя рэзервы для ўдасканалення. У сваім дакладзе кіраўнік дзяржавы паказаў, што ўказаныя рэзервы маюць перш за ўсё інавацыйны грунт, утрымліваюць шэраг элементаў эканамічнага і тэхналагічнага базісу постіндустрыяльнай цывілізацыі. Як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь мне было прыемна даведацца, што ў наступнай пяцігодцы краіна ўвойдзе ў лік 50 дзяржаў з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу, у лік 30 дзяржаў з найлепшымі ўмовамі для развіцця бізнэсу.

У вырашэнні задач, якія сфармуляваны на форуме, важнае месца адводзіцца вышэйшай школе. Я ўжо 24-ы год працую ў айчыннай вышэйшай школе і магу засведчыць, што тыя кадры, якія яна рыхтуе, здольныя вырашаць такія задачы. Аб гэтым, у прыватнасці, ішла гаворка ў прамове на Сходзе рэктара ўніверсітэта, у якім я працую, Пятра Сцяпанавіча Пойты. Я поўнасцю згодзен з прамоўцам наконт рэсурсаў, якія неабходны для падрыхтоўкі кадраў, што будуць працаваць у новых умовах гаспадарання. Кіраўнік ВНУ мае рацыю, калі заклікае прыцягваць студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў да інавацыйных пошукаў, катэгарычна выказваецца за напаўненне рэальным зместам адукацыйных тэхналогій, якія з'яўляюцца інавацыйнымі ў сваёй аснове. Вельмі дарэчы і пастаноўка пытання аб падключэнні суб'ектаў гаспадарання, на якіх маглі б працаваць выпускнікі ВНУ, да ключавых стадый навучальнага працэсу з тым, каб не было супярэчнасцяў паміж рэаліямі будаўнічага комплексу і зместам навучальнага працэсу.

Не магла не пакінуць ўражанне і заява Прэзідэнта аб тым, што будзе істотна ўмацоўвацца сацыяльная палітыка, што сярэдняя зарплата ў краіне ў 2015 годзе складзе 1000 долараў. Цікава было паслухаць аўтарытэтных замежных гасцей, якія параўноўвалі беларускія рэаліі з сітуацыяй у іншых краінах. Яны паказалі, што гэтыя параўнанні на карысць нашай Айчыны. Мне як спецыялісту-міжнародніку важна было даведацца, што нязменнай застаецца шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, якая цалкам адпавядае яе нацыянальным інтарэсам.

Людміла БАБКО, пенсіянерка з пасёлка Жамчужны Баранавіцкага раёна:

— Мяне глыбока закранула, калі з галоўнай трыбуны ўсенароднага форуму прагучала, што будзе ўдзяляцца вялікая ўвага малым гарадам і пасёлкам. Было сказана прыкладна так: "Трэба, каб у глыбінцы людзі маглі зарабіць, а не толькі ў сталіцы", і я з гэтым поўнасцю пагаджаюся. У нашым пасёлку адно прадпрыемства забяспечвае работай, і добрай зарплатай большую частку насельніцтва. А калі такія ці крыху меншыя паявяцца ў іншых сельскіх населеных пунктах, то гэта не дазволіць згаснуць вёсцы і запаволіць адток маладых людзей у сталіцу. А то, як мы ўсе пачулі, даводзіцца ставіць пытанне аб тым, што трэба скарачаць будаўніцтва ў Мінску, яму няма куды больш расці. Трэба ехаць у глыбінку.

Вольга ВАСІЛЮК, настаўніца пачатковых класаў дзіцячага сада-школы №1 Брэста:

— Мяне вельмі кранулі словы Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта пра нашу адукацыю, яго заклапочанасць становішчам настаўнікаў, медыкаў як паказчыкам маральнага і матэрыяльнага стану грамадства. "Моцнае і квітнеючае грамадства фарміруецца там, дзе асвета, здароўе і справядлівасць", — заўважыў Мітрапаліт. Сапраўды так, і мы, настаўнікі, маем прамое дачыненне да фарміравання і выхавання грамадства. Вельмі важна пры гэтым, каб і мы адчувалі сябе цалкам сацыяльна абароненымі. Я кажу пра зарплату, асабліва для маладых спецыялістаў адукацыі. Будзем спадзявацца, што ў наступнай пяцігодцы яна істотна ўзрасце.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Про зелень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика