Творы нараджаюцца ў агні

Источник материала:  
Настаўнік яго, Мікалай Пушкар, быў родам з Расіі, але стаў вядомым скульптарам-керамістам у Беларусі. А нашага земляка Ігара Лебедзева жыццёвыя шляхі прывялі ў 70-я гады ў расійскі Томск
Творы нараджаюцца ў агніЛетам 44-га, як вызвалялі Магілёў, трохгадовы Ігар з маці сустракаў “нашых”. “Гарачыня… Пыл… Бамбёжка… — учэпіста выбірае фон для аповеду памяць Ігара Якаўлевіча. — Хоць малым быў, а і фашыстаў памятаю. І вось савецкі салдат, сапёр, падняў мяне на рукі. Прыціснуў і пацалаваў… Вусаты такі, вусы мяккія, пшанічныя... Даў кавалачак заечага хлеба. А побач ішлі салдаты з бярвеннямі на плячах, бо наперадзе была пераправа цераз Дняпро, бой за Магілёў на другім беразе ракі”. Хлопчыку пашанцавала: нарадзіўшыся ў лютым 41-га, сын афіцэра Чырвонай Арміі, які загінуў у першыя дні вайны пад Оршай, выжыў з мамай-камуністкай у акупацыі, хоць “уся вайна сваімі каванымі ботамі прайшла перад вачыма і па душы”. Можа, таму ў ягоных творах шмат добрага гумару і святла — хочацца выціснуць з падсвядомасці цяжкія ўспаміны.
Сёлета ў нумары газеты за 23 верасня мы расказвалі пра мастака, майстра-кераміста Мікалая Пушкара: ён нарадзіўся ў Расіі, на Белгарадчыне, а рэалізаваў свой вялікі талент у беларускім Мазыры. Там адкрыты музей з багатай экспазіцыяй ягоных твораў. І вось, аказваецца, наш зямляк Ігар Лебедзеў не проста пераняў у яго сакрэты майстэрства, але і сам перадаў іх дзясяткам вучняў у Томску. Пасля вайны, згадвае, скончыў школу, чыгуначнае вучылішча №5 у Магілёве і быў накіраваны на працу ў Мінск. Але вабіла мастацтва, і ён паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут. “Займаўся станкавым жывапісам, графікай, а Пушкар, які быў на той час выкладчыкам аддзялення мастацкай керамікі, прывіў любоў да яе, — удакладняе Лебедзеў. — Мы сталі з ім сябрамі на ўсё жыццё, ён мяне за сына лічыў, паколькі сваіх дзяцей у сям’і Мікалая Мікітавіча не было.”
Пасля вучобы Лебедзеў працаваў у Гомельскім мастацкім фондзе: аб’ездзіў, кажа, усю вобласць. Маючы майстэрню ў Калінкавічах, удзельнічаў і ў выставах з міні-скульптурамі — рэспубліканскіх, усесаюзных. На адной з іх пабачыў тыя работы пасланец з Томска: там ствараўся новы завод, патрэбны былі таленты. Абяцалі кватэру! Вось і падаўся ў далёкі край. Ужо на месцы, як прыгледзеліся да хлопца, адразу даверылі яму пасаду галоўнага інжынера. Спадабаліся і людзі тамтэйшыя, і якасная белая гліна. Падправілі тэхналогію — а Лебедзеў прайшоў добрую практыку на керамічных заводах у Івацэвічах, Радашковічах — і праз год Багашоўскі эксперыментальны завод мастацкай керамікі, што за 16 кіламетраў ад Томска, выйшаў у лідары галіны. Яго вырабы, а таксама працы народных майстроў-надомнікаў, з якімі Лебедзеву таксама давялося працаваць, ахвотна бралі на розныя выставы, прадаваліся яны і як сувеніры на Алімпіядзе-80 у Маскве. Ігар Якаўлевіч да таго ж асвоіў у Томску лозапляценне, разьбярства, навучыўся працаваць з бяростай. З часам гэтыя ўменні спатрэбіліся…
Сібірская далеч тады не была яшчэ замежжам, грошы вадзіліся — ён і ў Гомель да сяброў часта наведваўся, і да сясцёр ў Магілёў, і да названага бацькі-Пушкара ў Мазыр. Але часы перабудовы, а потым і развалу Саюза кантакты перарвалі. Заняпаў завод, Лебедзеву давялося і кааператыў зрабіць, і асвойваць спецыяльнасць выкладчыка, працаваць адразу на некалькіх работах: ён “вучыў людзей мастацтву”, каб забяспечыць сям’ю самым неабходным. Цяпер ён — педагог вышэйшай катэгорыі, у яго свая майстэрня з добрай печчу для абпальвання, дзе майстар займаецца “чыста керамікай”. Удзельнічае ў выставах. Радуецца за сына, які па слядах маці пайшоў у медыцыну, закончыў медакадэмію, працуе кардыёхірургам.Творы нараджаюцца ў агні
Ігару Лебедзеву хутка 70, і яго, вядома ж, цягне на Радзіму, а як адарвацца? І пра бацькоў жонкі клапаціцца трэба. Знайшліся ў Томску аднадумцы, якія даўно адзін аднаго ведаюць, стварылі разам Томскую нацыянальную аўтаномію беларусаў, якой кіруе Любоў Адаскевіч. “ У Томскай вобласці больш за 3000 беларусаў, — удакладняе І. Лебедзеў. — Каранных, так бы мовіць, земякоў да нас ходзіць чалавек сорак. Мы стварылі вакальны ансамбль “Белыя крылы”, у яго рэпертуары ў асноўным вядомыя беларускія песні, артысты ўжо заваявалі нямала прызоў на розных фэстах і конкурсах. Ёсць некалькі фальклорных ансамбляў, у якіх дзеткі танцуюць з 5 гадоў. Любім, як збіраемся, беларускія песні паспяваць, прывіваем любоў да народных традыцый, развіваем праз розныя рамёствы творчыя здольнасці моладзі — душа ад гэта толькі прыгажэе…”
Цяпер да майстра вучні школ Томска прыходзяць цэлымі класамі. Займаюцца ў асноўным лепкай, пачынаюць з пластыліна, потым на гліну пераходзяць. У каго атрымліваецца — з тымі заняткі больш грунтоўныя. “Высушваем, абпальваем — усім падабаецца! — задаволены Ігар Лебедзеў. — Дарэчы, многія мае вучні паступаюць у мастацкія школы, вучылішчы, вучацца ў інстытутах і акадэміях. Сярод іх нямала і патомных беларусаў”.
У 2007 годзе Ігар Якаўлевіч быў дэлегатам на Трэцім з’ездзе беларусаў Расіі, на які ў Маскву сабралася больш за 300 суайчыннікаў. Ладзіўся вялікі канцэрт самадзейных калектываў дыяспары, а ён прывёз цэлую выставу, больш за 30 работ. Вось тады і ўзнікла ідэя паказаць плён шматгадовай працы ў Беларусі. Лебедзеў верыць: атрымаецца!

Іван Іванаў

←СФЕРА ОСОБОГО ВЛИЯНИЯ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика