Зачараваны лесам

Источник материала:  

Мне шанцуе на знаёмствы з цiкавымi людзьмi, i сярод iх ёсць проста апантаныя, настолькi захопленыя сваёй работай, што мiжволi думаеш: «Во шчаслiвы чалавек, жыве тым, што бясконца любiць i чаму самаахвярна адданы». Такiх звычайна называюць «дзiвак-чалавек». Але гавораць яшчэ i так: на такiх дзiваках свет трымаецца. Гэты мой аповед пра Валерыя Грымашэвiча, кандыдата сельскагаспадарчых навук, загадчыка лабараторыi Iнстытута лесу НАН Беларусi. Валерый Васiльевiч працуе тут 30 гадоў. Вiдаць, так наканавана яму жыццём. Расказвае.

Быццам родны дом

— Я паляшук-драўлянiн, нарадзiўся i вырас у лесе. Ён пачаўся для мяне з тых часоў, калi яшчэ са сваiмi басаногiмi равеснiкамi бегаў па грыбы i ягады ва ўрочышчы Пасека, Дуброўка, Верасок, Гарадзiшча. Адны толькi iх назвы шчымлiва i хвалююча на ўсё жыццё засталiся ў маёй памяцi. Лес для нашай сям’i, з далёкай мiнуўшчыны, быў родным домам, кармiў i абаграваў нас, з яго бралi амаль усе будаўнiчыя матэрыялы i прадметы хатняга ўжытку. Брат майго прадзеда быў леснiком. Мой бацька – вясковы настаўнiк, першыя школьныя экскурсii арганiзоўваў у лес. Мая мама – знаўца лясных лекавых раслiн. З удзячнасцю ўспамiнаю яе ўрокi i аддаю перавагу травам пры лячэннi многiх захворванняў. Менавiта каштоўныя рэцэпты мамы ўвайшлi ў маю першую кнiгу.

Для мяне лес – самае дасканалае i хвалюючае тварэнне прыроды. Не ведаю, як каму, але ж мне ў лесе не хочацца гаварыць, iмкнуся толькi да аднаго – усёй iстотай успрымаць гэтую прыгажосць, сузiраць, слухаць i цешыцца яго гармонiяй, атрымлiваць асалоду. Такое мне нiколi не надакучыць, бо мая iстота быццам раствараецца ў лесе, настолькi ён магутна ўздзейнiчае на чалавека. Я зачараваны iм у любую пару года.

Галоўны запавет

Далiбог, Валерый Васiльевiч становiцца паэтам, калi распавядае пра лес. Кажу яму пра гэта, а ён адказвае:

— Лес не прымае бяздушша i абыякавасцi, яму патрэбны людзi з гарачым сэрцам, з чыстымi рукамi i сумленнем, самыя дбайныя гаспадары. Не думайце, што маю на ўвазе сваю сцiплую асобу, i ўсё ж скажу: для мяне асабiста лес – цудоўны храм прыроды, мне хочацца вызначаць яго iмя прапiсной лiтарай. Адназначна, не ўяўляю сябе без лесу, таму i прысвяцiў яму ўсё сваё жыццё. Каб шанаваць лес i яго багацце, неабходны грунтоўныя веды.

Пасля заканчэння лесатэхнiчнага тэхнiкума Валерый Грымашэвiч працаваў ляснiчым у Калiнiнградскай вобласцi i Украiне, у розных падведамных ляснiцтвах: ваенным, вытворчым, запаведным. Больш за ўсё па душы прыйшлася пасада iнжынера аховы лесу. З 1973-га па 1979 год без адрыву ад вытворчасцi вучыўся ў знакамiтай Ленiнградскай лесатэхнiчнай акадэмii iмя С.М. Кiрава. Тады гэта была самая буйная ВНУ не толькi ў СССР, але i на ўсiм свеце. I, як прызнаецца сам, акадэмiя стала для яго своеасаблiвым «лясным Ватыканам».

— Маiмi настаўнiкамi, — успамiнае цяпер з удзячнасцю, — былi не толькi вядомыя вучоныя-лесаводы, але i мудрыя практыкi. Яны дапамагалi мне, няўрымслiваму студэнту, глыбей разумець лес, узмацнiлi пачуццё любовi да яго, якое не згасне. Лесагаспадарчы факультэт, на якiм займаўся, узначальваў ураджэнец Слуцкага раёна Мiхаiл Бранавiцкi. Надзвычай добры чалавек карыстаўся любоўю i павагай. А сама акадэмiя? Яе славутая гiсторыя, незвычайная бiяграфiя, таленавiтыя вучоныя, што працавалi тут раней. I сярод iх Георгiй Фёдаравiч Марозаў, якi ў акадэмii напiсаў сваю генiяльную працу «Вучэнне аб лесе». Ён выказваўся за тое, што для лесавода галоўны запавет – выпрацоўка такiх прынцыпаў умяшання ў жыццё леса, якiя б павялiчвалi яго прадуктыўнасць, у мiнiмальнай ступенi аслаблялi б яго бiялагiчную ўстойлiвасць. Паколькi чалавек – самы моцны фактар уздзеяння на бiялагiчную разнастайнасць у лесе, то нам неабходна цанiць i берагчы зяленага сябра, а не проста адносiцца па-спажывецку.

I прадукты, i лекi

Галоўны iнтарэс i захапленне Грымашэвiча – даследаваннi так званай прадукцыi пабочнага карыстання.

— Ужо ў сваёй кандыдацкай дысертацыi я аналiзаваў праблемы i сiтуацыю з буякамi, што растуць у нашых лясах i балотах, — расказвае. – I вось за шмат гадоў запар распрацаваў нарматыўна-тэхнiчную i прававую базу па ахове, рацыянальнаму выкарыстанню i ўзнаўленню харчовых i лекавых рэсурсаў лесу. Праблема iх цяпер надзвычай актуальная, яны адыгрываюць велiзарную ролю ў аздараўленнi чалавека ў перыяд, калi так абвастрылася экалагiчная сiтуацыя. Дары лесу ўтрымлiваюць бiялагiчна актыўныя рэчывы, выводзячы з арганiзма чалавека радыёнуклiды. Надзвычай важны фактар у барацьбе з наступствамi чарнобыльскай катастрофы. Шыпшына, бруснiцы, буякi, малiны, чарнiцы i шмат якiя iншыя плады з’яўляюцца магутным рэзервам вiтамiнаў, прычым наша шчодрая прырода дае нам iх дарэмна, толькi трэба па-гаспадарску карыстацца такiм неацэнным дарам.

Без ацэнкi прадуктыўнасцi харчовых рэсурсаў лесу не можа быць гаворкi аб iх рацыянальным выкарыстаннi. Грымашэвiч – прызнаны аўтарытэт у гэтай справе. Як, напрыклад, падлiчваюцца запасы тых самых баравiкоў у беларускiх лясах?

— Разам са сваiмi калегамi я вывеў формулу ацэнкi грыбных рэсурсаў, — працягвае Валерый Васiльевiч. – Не буду стамляць чытачоў навуковай мудрагелiстасцю, работа гэта надзвычай складаная, патрабуе вялiкага цярпення. Дык вось, у цэнтральных рэгiёнах нашай рэспублiкi сярэднi ўраджай грыбоў высокапрадуктыўных угоддзяў складае 25 кiлаграмаў на гектар. Колькi ж iх можна збiраць без шкоды? Палову на сярэднепрадуктыўных угоддзях i ўсяго пяць кiлаграмаў на нiзкапрадуктыўных. Наогул жа, нашы любiмыя баравiкi даюць высокi ўраджай толькi 1—2 разы ў дзесяць гадоў, сярэднi – 2—4 разы, нiзкi – 1—2 разы за гэты перыяд, i два гады яны зусiм не родзяць.

Яшчэ адна надзвычай важная акалiчнасць для Беларусi – збор ягад i грыбоў на радыёактыўных тэрыторыях. Тут пасля глыбокiх i ўсебаковых навуковых даследаванняў выдзяляюцца экалагiчна чыстыя надзелы i так званыя рэзервовыя ўчасткi. Прадукцыю з апошнiх можна выкарыстоўваць толькi пасля папярэдняй апрацоўкi. Мы вельмi задаволены, кажа Валерый Васiльевiч, што атрыманыя карысныя даныя ўвайшлi ў распрацаваныя вучонымi «Нарматывы комплекснай прадуктыўнасцi зямель ляснога фонду». Iмi кiруюцца вучоныя i работнiкi вытворчасцi краiны.

Наш агульны клопат

Беларусь – лясная дзяржава. У гэтым наша шчасце. Па лясiстасцi рэспублiка займае сёмае месца ў Еўропе пасля Фiнляндыi, Швецыi, Эстонii, Расii, Латвii i Аўстрыi. На аднаго жыхара ў нас прыходзiцца каля 0,8 гектара лесу з запасам драўнiны 132 кубаметры. Так ужо склалася, што наша лясная гаспадарка зарыентавана галоўным чынам на атрыманне драўнiннай сыравiны.

Але ж у лесе няма нiчога лiшняга i непатрэбнага. Тыя ж ягадныя раслiны i грыбы апрача харчовага i лекавага значэння займаюць асобае месца ў фармiраваннi лясных бiяцэнозаў, ва ўзаемаадносiнах памiж раслiнамi ў агульным кругавароце рэчываў. Значыць, павышаюць устойлiвасць лесу. Цяпер у свеце намецiлася тэндэнцыя пераходу ад старой плантацыйнай гаспадаркi да фармiравання натуральных лясоў. Вось чаму неабходна распрацаваць навукова абгрунтаваныя мерапрыемствы па рэгуляванню працэсаў такога ўзнаўлення. Побач са штучнымi мэтазгодна вырошчваць змешаныя складаныя па саставу i ўзросту натуральныя лясы. Бо яны больш прадуктыўныя, бiялагiчна ўстойлiвыя, вельмi багатыя на розныя «дары», уключаючы ягадныя, лекавыя раслiны i грыбы.

— Валерый Васiльевiч, якiя пытаннi рацыянальнага выкарыстання харчовай i лекавай прадукцыi лесу патрабуюць першачарговага рашэння?

— Гэта манiторынг, распрацоўка мерапрыемстваў па комплекснай ахове i ўзнаўленню натуральных угоддзяў, пытаннi арэнды, прагнозу рэсурсаў, перапрацоўка нарыхтаваных дароў лесу. Тыя ж суцэльныя рубкi галоўнага карыстання адмоўна ўплываюць на рэсурсны патэнцыял дзiкарослых ягад i грыбоў. Будучыня – за несуцэльнымi рубкамi, пераход на якiя пачаўся ў рэспублiцы. Напрыклад, яны дасягнулi ў Гомельскай вобласцi 25 працэнтаў, у Мiнскай – 32 працэнты ад агульнай плошчы рубак.

У апошнiя гады я займаюся распрацоўкай мерапрыемстваў па зберажэнню i ўзнаўленню дуброў Беларусi, у тым лiку i пойменных. Гэта вельмi важная, складаная i адказная праблема для вучоных i лесаводаў-практыкаў.

Што б ён паказаў вучням

— Вы прыходзiце ў лес i бачыце, якiя дрэнныя сляды пакiнулi тут людзi.

— Заканадаўчая база па ахове лясоў i сiстэма штрафаў у нашай краiне распрацаваны. Значыць, неабходна павышаць агульную культуру насельнiцтва. Лясныя службы, прыродаахоўныя ўстановы i органы мясцовай улады павiнны ўзмацняць кантроль захавання правiл паводзiн i пажарнай бяспекi ў лесе.

— Як бы вы праводзiлi школьны ўрок па лесазнаўству?

— Калi б мне даручылi такое заданне, я б прывёў дзяцей у самы прыгожы куток лесу, багаты не толькi раслiннасцю, але i рознымi вiдамi фаўны. Пасля прадоўжыў бы гэты ўрок на ўчастку, дзе нядаўна прайшла суцэльная санiтарная рубка цi адбыўся пажар. Упэўнены, што, калi б вучнi параўналi ўбачанае, iм многае стала б зразумелым.

Мiхаiл ШЫМАНСКI, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi

←Дед Мороз по-скандинавски. В Минск приедет главный волшебник из холодной Лапландии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика