Не дарыце каханаму вострыя прадметы

Источник материала:  

Дзяўчатам раілі: прыбіраючы ў хаце, не абмятайце вакол сябе венікам — вы нібы "зачыняеце" сябе, адгароджваеце ад жаніхоў і можаце наогул не выйсці замуж. Гэтая забарона заснаваная на разуменні сімволікі круга. Успомніце гульні свайго дзяцінства, асабліва ў даганялкі. Адчуваючы, што вас вось-вось дагоняць, вы рэзка спыняліся і тут жа малявалі вакол сябе кола, кажучы пры гэтым: "Цур, мяне!" У дадзеным выпадку "цур" — гэта наш прашчур, далёкі продак, які ў цяжкую хвіліну павінен абараніць нас ад бяды. І ніводны з удзельнікаў гульні не адважваўся пераступіць рысу, парушыць старажытнае правіла рытуальных паводзін.

   Калі малады чалавек доўгі час заляцаўся да дзяўчыны, але не прапаноўваў ёй выйсці за яго замуж, яна магла звярнуцца да магічнага дзеяння. Калі хлопец прыходзіў у госці, дзяўчына брала венік і неўпрыкмет замятала яго сляды — ад парога да печы ці ў бок чырвонага кута, і хлопец назаўжды "заставаўся" ў гэтай хаце.

   Забаранялася дарыць свайму сардэчнаму выбранніку нож, нажніцы ці іншыя вострыя прадметы. Лічылася, што яшчэ да вяселля з маладымі можа здарыцца бяда, і ім не наканавана будзе жыць разам. Да такіх прадметаў таксама адносілі хустку, люстэрка і гадзіннік.

   Існавала народная прымета: калі дзяўчына звязала свайму жаніху світар (шапку і г.д.), ён абавязкова пойдзе да іншай.

   Катэгарычна забаранялася дзяўчатам заплятаць на людзях касу — сваты ніколі не прыйдуць у хату.

   Лічылася, калі хтосьці з аднавяскоўцаў забудзе барану ў полі, на працягу года вёску абыдуць бокам сваты і ніводная дзяўчына не выйдзе замуж. Каб "перакрыць" такія дзеянні, незамужнія дзяўчыны цягалі па вуліцах вёскі старую барану, ламалі яе і кідалі па краях дарогі.

   Нярэдка дзяўчаты выкарыстоўвалі барану ў магічных рытуальных дзеяннях, каб паўплываць на сваё замужжа. Напрыклад, у Пятроў дзень барану насілі на галаве з адной вёскі ў іншую. Лічылася, дзе барана застанецца, туды і замуж выйдзеш.

   У той жа час "зуб" бараны мог стаць і сямейнай трагедыяй, калі хтосьці з нядобразычліўцаў у пэўны дзень года ўбіваў яго ў кут хаты. Тады дзяўчына назаўжды "будзе сядзець тут" — застанецца жыць з бацькамі і не народзіць дзіця.

   Бясшлюбнасць магла быць "насланай" (калі знахары пры дапамозе рытуальных дзеянняў і прадметаў "забіралі" вясельную долю чалавека) ці "праклятай", калі маці праклінала ўласнае дзіця.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Стильный крой эстрады

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика