Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi
8 лiстапада на 89-м годзе жыцця перастала бiцца сэрца Героя Беларусi, народнага мастака СССР, народнага мастака Беларусi, лаўрэата Дзяржаўных прэмiй СССР i Рэспублiкi Беларусь, акадэмiка, ветэрана Вялiкай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзянiна г. Мiнска, кiраўнiка дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмiчныя майстэрнi жывапiсу, графiкi i скульптуры» Мiхаiла Андрэевiча Савiцкага.
Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi быў адным з выдатных прадстаўнiкоў нацыянальнага выяўленчага i манументальнага мастацтва, тых самабытных майстроў, якiя вызначаюць дасягненнi беларускага жывапiсу другой паловы ХХ i пачатку ХХI стагоддзя.
М.А. Савiцкi нарадзiўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна Вiцебскай вобласцi. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай армii. Дваццацiгадовы юнак, салдат Савецкай армii, якi змагаўся ў баях за горад Севастопаль i быў паранены на Херсанесе, апынуўся ў канцлагерах Бухенвальд, Дахау, Мiтэльбау-Дора, дзе падзялiў трагедыю народаў Еўропы, але цудам застаўся ў жывых, каб пасля пэндзлем адлюстраваць на палотнах страшэнную i горкую праўду аб жорсткай вайне, нязломнасцi духу народа.
Пасля вайны М.А. Савiцкi скончыў Мiнскае мастацкае вучылiшча, у 1957 годзе — Маскоўскi мастацкi iнстытут iмя Сурыкава з адзнакай, пасля чаго жыў i працаваў у Мiнску. З 1981 года быў кiраўнiком Творчых акадэмiчных майстэрань жывапiсу, графiкi i скульптуры.
М.А. Савiцкiм створана больш за 200 тэматычных работ, у якiх ён развiваў традыцыi рэалiстычнага мастацтва. Вызначальным стрыжнем творчых пошукаў М.А. Савiцкага з’яўляўся Чалавек, яго светаразуменне, маральная сутнасць, характар у складаным дыялектычным развiццi. Аптымiст i жыццялюб, М.А. Савiцкi на працягу ўсёй сваёй творчасцi самааддана адстойваў сваiм майстэрствам гуманiстычныя iдэалы. З’яўляючыся многiя гады настаўнiкам таленавiтай моладзi, ён набыў велiзарны аўтарытэт i павагу як у Беларусi, так i далёка за яе межамi.
Творчасць М.А. Савiцкага вызначаецца глыбокiм пранiкненнем у сутнасць з’яў мiнулага i сучаснага, фiласофскiм iх асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. М.А. Савiцкi — аўтар шырока вядомых жывапiсных твораў, прысвечаных гераiчнай партызанскай барацьбе супраць гiтлераўскiх захопнiкаў: «Партызаны», «Партызанская мадонна», «Вiцебскiя вароты», «Поле», «Плач па загiнуўшых героях», а таксама цыкла з 16 карцiн «Лiчбы на сэрцы» i трыпцiха «Агрэсiя», прасякнутых антыфашысцкiм пафасам i публiцыстычнасцю. Шмат карцiн прысвечана тэме гiсторыi станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: «Сейбiты», «Вiленскiя сустрэчы»; цыкл палотнаў для Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Я. Купалы ў Мiнску. Маштабнасць i сiмвалiчнасць мастацкай мовы характэрны для яго манументальных работ: размалёўкi «Вялiкая Айчынная вайна. 1944» у Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны ў Мiнску i «Эстафета пакаленняў» у санаторыi «Беларусь» у Мiсхоры, габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзiдэнцыя Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, тры апошнiя — у суаўтарстве з А. Кiшчанкам); серыя работ «Чорная быль», што адлюстравала трагедыю беларускага народа, якi пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы.
Палотны М.А. Савiцкага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублiкi Беларусь, Музеi гiсторыi горада Мiнска, Траццякоўскай галерэi (Масква), фондах Мiнiстэрства культуры Расiйскай Федэрацыi, Нацыянальнай галерэi г. Сафii (Балгарыя) i iнш.
М.А. Савiцкi быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1967), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), ордэнам Ленiна (1982), ордэнам Францыска Скарыны (1997).
М.А. Савiцкi быў выбраны правадзейным членам Акадэмii мастацтваў СССР (1982), Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi (1995), Мiжнароднай славянскай акадэмii (1996), Мiжнароднай акадэмii навук (2002).
Светлае iмя Мiхаiла Андрэевiча Савiцкага назаўсёды захаваецца ў гiсторыi беларускага мастацтва, сэрцах яго вучняў, калег па працы, родных i блiзкiх, памяцi ўсяго беларускага народа.
Лукашэнка А.Р., Сiдорскi С.С., Рубiнаў А.М., Андрэйчанка У.П., Макей У.У., Патупчык У.М., Латушка П.П., Ладуцька М.А., Мяснiковiч М.У., Новiкаў А.М., Баразна М.Р., Вашчанка Г.Х., Гумiлеўскi Л.М., Паплаўскi Г.Г., Стальмашонак У.I., Савiч У.П., Мiско I.Я., Пракапцоў У.I.