Алімпійская чэмпіёнка і маладая мама Аксана Мянькова:«Паспрабавала кідаць молат. Трэнер сказаў, што атрымліваецца лепш, чым да цяжарнасці»

Источник материала:  

Алімпійская чэмпіёнка Пекіна ў кіданні молата Аксана Мянькова гэтай восенню стала матуляй. 24 верасня ў яе нарадзілася дачка Арына. Зараз, калі дзяўчынцы больш за месяц і ў Аксаны з'явіўся нейкі бацькоўскі стаж, мы павіншавалі яе з прыемнымі падзеямі і распыталі, як змянілася жыццё алімпійскай чэмпіёнкі.

— Аксана, дачка атрымала імя ў спадчыну ад кагосьці з блізкіх?

— Не. Мы загадзя вырашылі, што, калі будзе хлопчык, назавём яго Арсеній, калі дзяўчынка — Арына. Мне падабаюцца гэтыя імёны, і мужу таксама.

Алімпійская чэмпіёнка і маладая мама Аксана Мянькова:«Паспрабавала кідаць молат. Трэнер сказаў, што атрымліваецца лепш, чым да цяжарнасці»— Узгадайце самы прыемны момант, калі ўпершыню ўбачылі немаўля.

— Калі мне яе ўпершыню прынеслі, у мяне адразу навярнуліся слёзы. Мне рабілі кесарава сячэнне, і я, здаецца, цэлую вечнасць чакала, пакуль мяне адпусцяць з рэанімацыі. Вельмі цяжка: ты чакаеш, чакаеш... Ну і калі ўбачыла нарэшце, то расплакалася.

— У якім раддоме з'явілася на свет Арына?

— У Лаўсанаўскай бальніцы, у Магілёве.

— Да вас ставіліся як да "зорнай" пацыенткі?

— Ну, зразумела, што ўсе ведалі, — прозвішча ж не схаваеш. Праўда, там, здаецца, да ўсіх матуль адносіны выдатныя. Я ніколі не чула, каб на кагосьці крычалі: "Ідзіце, не перашкаджайце, мамаша!"

— Звычайна ўрачы трымаюць у тонусе будучых мам, асабліва, калі справа датычыцца лішняй вагі...

— Мне толькі сказалі, што я крыху перабрала вагу. Падчас цяжарнасці я набрала 26 кілаграмаў. Шчыра кажучы, не думала, што так хутка аднаўлюся і скіну лішняе. Увогуле здавалася, што скінуць гэта нерэальна. Але зараз засталося ўсяго пару кілаграмаў.

— Чаго больш за ўсё баяліся падчас цяжарнасці?

— Зразумела, родаў, як і большасць будучых мам. Здавалася, што я не вытрымаю. Калі мне сказалі, што будзе аперацыя, мне адразу стала лягчэй.

— Вы ўжо змірыліся з тым фактам, што праца мамы — гэта 24 гадзіны ў суткі, без перапынкаў і выхадных?

— Ведаеце, мне вельмі дапамагае мой муж. Я ўжо трэніруюся, і мне не даводзіцца 24 гадзіны ў суткі сядзець дома. Ноччу да Арыны ўстае муж, у мяне ёсць магчымасць выспацца. Што датычыцца бабуль, то мы папрасілі ў першы ж дзень іх не турбавацца. І адна, і другая бабуля ўзялі адпачынкі на працы, і пачалося... Мы з Алегам папрасілі іх ехаць дадому і вырашылі, што пакуль паспрабуем спраўляцца самастойна.

— Што цяжэй: трэніравацца ці быць мамай?

— Напэўна, быць мамай. Адказнасць непараўнальная.

— Дачка больш падобная на вас ці на мужа?

— Яна мяняецца: калі спачатку была больш падобная на мужа, то зараз ні я, ні Алег не знаходзім у ёй нічога свайго. Але нам кажуць, што ўсё наперадзе.

— Пасля Алімпіяды вы атрымалі кватэру ў Мінску, але вырашылі застацца жыць у Магілёве?

— Па-першае, я так прызвычаілася жыць у Магілёве. Па-другое, тут у нас выдатная база "Алімпіец", дзе нам пабудавалі сучасны сектар для штурханняў.

— Раскажыце гісторыю з "падманутымі дольшчыкамі", якімі вы ледзь не сталі.

— Патрапалі нам нервы нядрэнна. Наш дом павінны былі здаць яшчэ ў 2008 годзе, але яго дагэтуль яшчэ будуюць. Не ведаю, што там можна будаваць столькі часу? Дом аднапад'ездны на 27 кватэр! Тым больш на тыя сродкі, якія бралі з нас кожны месяц. Не ведаю, куды яны іх укладвалі і зараз укладваюць. Выйсці з гэтага будаўніцтва нам удалося толькі падключыўшы ўсіх, каго можна было: і Міністэрства спорту, і губернатара... Мне так шкада тых людзей, якія будуюць два гэтыя дамы, бо забраць назад свае сродкі вельмі цяжка. У выніку толькі за два дні да таго, як нарадзілася Арына, мы перасяліліся з інтэрната ў кватэру, якую набылі, забраўшы, нарэшце, сродкі з гэтага долевага будаўніцтва.

— Абставіць мэбляй новае жыллё паспелі?

— Разам з Алегам набывалі мэблю і абстаўлялі яшчэ да нараджэння Арыны. Залу абставіць пакуль не паспелі. Я не веру ў прыкметы, і мы з Алегам загадзя набылі ўсё для Арыны: і каляску, і ложачак, і балдахін, і адзенне. Так што яе пакой быў цалкам гатовы і атрымаўся самым прыгожым.

— Вы казалі, што пачалі трэніравацца...

— Так, прычым сёння я ўпершыню пасля перапынку паспрабавала кідаць молат. Трэнер сказаў, што атрымліваецца нават лепш, чым да цяжарнасці. Так што ўсё пайшло на карысць.

— Гэты год вы плануеце прысвяціць толькі трэніроўкам і аднаўленню?

— Хто ведае? Магчыма, удасца падрыхтавацца і выступіць і на сёлетнім чэмпіянаце свету.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Игры магнитных полей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика