Грошы за малако здатчыкам вернуць. З заробку зборшчыка

Источник материала:  

Непрыемная гісторыя здарылася з жыхаркай вёскі Атраднае Любанскага раёна Вольгай Ільінічнай Ахрамейка. Зрэшты, не толькі з ёй адной, а яшчэ з некаторымі вяскоўцамі. А адбылося наступнае.

У адзін з дзён у кастрычніку малаказборшчыца ад СВК "Атраднае-агра", як заўсёды, прымала малако ад прыватнікаў. Малакавоз праехаў недзе палову вёскі і... зламаўся. Чамусьці жанчына, якая займаецца зборам малака не адзін год, не раздала яго адразу назад людзям. Прадукт "накіраваўся" разам з машынай на рамонт, дзе і правёў ноч. Назаўтра тая ж малаказборшчыца зноў пачала прымаць малако ад насельніцтва — у тую ж самую цыстэрну. Натуральна, потым прыняць на заводзе яго адмовіліся, бо прадукт ужо быў нясвежым.

— У дзень, калі малакавоз зламаўся, я малако не здавала — машына папросту да нас не дайшла, якраз зламалася. 77 літраў тлустасцю 4,2 працэнта на суму 75 тысяч рублёў пайшлі ад мяне ў агульную цыстэрну на наступны дзень. Пра тое, што свежы прадукт змешваецца з ужо пракіслым, асабіста я на той момант не ведала, гэтая акалічнасць усплыла пазней: калі малако "завярнулі" назад і яго пачалі спрабаваць раздаць назад людзям. А навошта мне пракіслае малако? Забіраць яго я адмовілася. І вось ужо месяц мінуў з той пары, а грошы мне і іншым вяскоўцам так ніхто і не вярнуў. А чаму? — пыталася жанчына. — Асабіста я трымаю тры каровы, бо здача малака — гэта фактычна адзіны мой заробак. У мяне дзіця-інвалід, на атрыманыя грошы я ў тым ліку набываю для яго лекі. Звярталася і ў сельскі Савет, і ў гаспадарку, і ў райвыканкам. Паўсюдна разводзяць рукамі, маўляў, што зробіш, так ужо атрымалася. Сказалі, што малаказборшыцу пазбавілі паловы заробку. А нам, здатчыкам, што з таго? Дапамажыце вырашыць праблему.

На жаль, пагутарыць з кіраўніком СВК "Старыца-агра" не атрымалася. Аднак у курсе праблемы былі іншыя работнікі. Яны і патлумачылі, што разлік са здатчыкамі малака, якія панеслі страты не па сваёй віне, усё ж будзе праведзены. За кошт жанчыны, што прымала малако. Так, яе ўжо пазбавілі 50 працэнтаў заробку, і гэтыя грошы пойдуць на пагашэнне нанесенай людзям шкоды. Дарэчы, некаторыя малаказдатчыкі тады ўсё ж забралі пракіслае малако, таму кампенсаваць страты давядзецца не ўсім. Натуральна, выплаціць грошы адразу ўсім пацярпелым наўрад ці атрымаецца. Таму нехта з вяскоўцаў атрымае іх у гэтым месяцы, хтосьці — у наступным. Аднак, запэўнілі нас у СВК, увесь урон людзям будзе абавязкова кампенсаваны.

З.S. Літаральна праз некалькі гадзін Вольга Ільінічна зноў патэлефанавала: пасля звароту "Звязды" ў СВК наконт яе скаргі жанчыну запрасілі ў кантору і тут жа выплацілі належныя ёй сродкі — 75 250 рублёў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Дом без очереди

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика