"Каму хочаш зломяць ногі ... Як не дурні, то дарогі..."
Што было, тое й было (хоць не адразу і верыцца): мужчынка адзін вызваліўся з турмы, выправіўся дадому — у Барысаў, праз Мінск, а электрычка ўзяла ды ўцякла...
Чакаць наступную вольнаму не хацелася — вырашыў дабірацца машынай. Дзе яе ўзяць? Ды вядома ж — украсці: адамкнуў адвёрткай адны "Жыгулі" — во ліха! — не завяліся. Адамкнуў другія — таксама! Не паслухалі яго і трэція... Толькі на чацвёртых ужо паехаў. Але недалёка: заглухлі.
Думаеце, злодзей змірыўся, пайшоў на вакзал ці пачаў шукаць недзе пятыя "Жыгулі"? Не! Ён падняў капот, знайшоў паломку, потым (ацаніце рахманасць!) — на машыне, якую ўзламаў раней, патрэбную спраўную дэталь, зняў яе і ўжо нават "перакінуў" — паставіў туды, куды трэба...
Што, аднак, не памагло: першы дзень на свабодзе стаў для злодзея днём апошнім. А ўсё з-за чаго? З-за таго, што ён, можна сказаць, адстаў ад жыцця, спыніўся на дасягнутым: 30 гадоў перад гэтым (з большымі ці меншымі перапынкамі) правёў у турме, таму нічога іншага — апроч "Жыгулёў" — красці (а тым больш рамантаваць) не ўмеў!..
У адрозненне ад тых, хто жыве на волі: яны ў апошні час куды толькі не ездзяць, чаго толькі не купляюць, не прыганяюць з-за мяжы, чаго толькі не... рамантуюць!
Найяскравейшым сведчаннем таму чарговая конкурсная пошта. Яно і зразумела: паводле статыстыкі, якая, як вядома, ведае ўсё, кожны чацвёрты жыхар Беларусі мае легкавік. А ўжо які... Чытайце. Найперш — радкі з ліста спадарыні Лабажэвіч з Клецка.
Цешча з цесцем пафарсілі:
"Тачку" зяцю падарылі!
І яго (хоць ён не ўломак)...
Даканае гэты зломак!.
Кажуць людзі, не брахня:
Лепш купілі бы каня!
Што яшчэ вельмі добра было б — новы веласіпед, дыфірамбы якому склала Вольга Бандарэвіч.
Янка горачка не меў
Сеў на ровар і паспеў —
У грыбы, на працу, у госці.
І фігура была — штосьці!..
Стаў той дзень памылкай лёсу,
Калі ён прыдбаў калёсы.
А з другога боку — ну як іх цяпер не прыдбаць?
Стала модным мець машыну
І жанчыне і мужчыну:
Жук і жабка то на колах,
То — праз тыдзень —
на прыколах.
Можа, досыць, мой народзе,
Браць ламачча на Усходзе? —
пытае спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны.
Што народ на гэта адказвае? Ды толькі слухайце! Па-першае (вуснамі спадара Дубовіка з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна):
Абліваемся во потам —
Рамантуем "Жыгулі".
А прыдбалі бы — "Таёту",
Каб "зялёныя" былі.
Некаму ну напэўна, імі, тымі зялёнымі, выплачваюць зарплату, некаму — даюць хабар, нехта зберажэнні ў валюце трымае. Нехта ж (ці вам казаць?) —
Пры цяперашнім акладзе
Ў "Мазду" век не перасядзе,
Бо сумленнік, працаўнік —
Браць на лапу — не прывык,
Хоць работа яму й міла,
Грошай на "Масквіч" хапіла:
Працаваў год 30 з гакам,
І гібее пад ламакам, —
піша так спадарыня Лабажэвіч. Пра гэта і радкі Валянціны Запрудскай з вёскі Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна:
Пятрок даўным-даўно ўжо
Купіў патрыманы "Пежо".
СцяПАН на "Аўдзі"
раз'язджае,
Мікола "Опель Астру" мае...
А Грышка спераду і ззаду
Бясконца рамантуе "Ладу".
Але ж не спяшайцеся яму спачуваць, бо тут, як у папулярнай некалі песні, яшчэ невядома "кому повезло", бо
Як рамонт — то свет нялюбы
Гэта скажуць вам усе:
Той хто з'еў на гэтым зубы,
Хто на гэтым аблысеў, —
прызнае спадар Гарачоў з Іўеўшчыны.
І абодва яны — і той бяззубы, і лысы — пагодзяцца, што адна справа — купляць, даставаць нейкую "запцацку" да "Жыгулёў" і зусім іншая (у тым ліку па цане) — да той самай хвалёнай "Мазды"... Гэта па-першае. Па-другое, на рамонце айчынных — некалі — "Лад", "Масквічоў" ды "Запарожцаў" люд наш, што называецца, сабаку з'еў — яму цяпер (на думку спадарыні Бандарэвіч) ніякі аўтасэрвіс не патрэбны:
Наш сусед разбагацеў:
Ён аўто сваё займеў.
І цяпер — усім дваром! —
Рамантуем "аўталом".
Бо
У жалезнага канякі
Шмат хваробаў усялякіх:
Не працуе генератар,
Ці падсеў акумулятар,
То паветра спусціць кола...
Мо лягчэй лячыць жывёлу? —
Пытае пра гэта Мікола Старых з Гомеля.
І падобная думка прыходзіла, відаць, не толькі да яго, бо спадар Гарачоў, гледзячы на здымак, найперш анекдот успомніў. Два, значыць, маладыя ветэрынары (і, мусіць, двоечнікі?) у вёску на працу прыехалі, убачылі першую хворую кароўку, ходзяць вакол яе, вохкаюць, гладзяць. А чым дапамагчы — не ведаюць. Тады адзін і кажа: "Ты ёй у рот паглядзі, а я пад хвост — трэба ж дыягназ паставіць!" Сагнуліся, адзін у другога пытае: "Ты мяне бачыш?". "Не. А ты мяне?". "Таксама не...". "Значыць, так і запішам: заварот кішак".
Ён, гэты заварот, на думку спадара Гарачова, у машыне таксама бывае, бо мужыкі глядзяць туды — адзін зверху, другі знізу — і "прызнаюць":
Ды дарма крычу я,
І дарма ты плачаш —
Ты мяне не чуеш,
Я цябе не бачу.
Ну, сапраўды заварот — бяда, пра якую яшчэ чатыры радкі ад спадарыні Бандарэвіч:
У каханай зноў капрызы.
Мусіць, "галава баліць"?
Мы і зверху, мы і знізу,
А яна адно — маўчыць!
Але ў гэтым, як піша спадарыня Лабажэвіч, ёсць не толькі мінусы, але і плюсы:
Перасеў наш люд на колы,
Толькі мала хто вясёлы,
Бо нагналі калымагаў
І з двароў сваіх — ні шагу!..
Думкі й рукі ўжо заняты,
Як у будні, так і ў святы.
Пры справе, значыць, народ: не таўсцее, не тупее, гледзячы ў тэлевізар ці камп'ютар, не п'е гарэлкі, не гуляе ў карты, не ездзіць (бо няма на чым) на паляванне ці рыбалку. Ды што там — нават да дзяўчат, пра што (і досыць трапныя радкі!) напісала спадарыня Васільева з Гомеля:
Во, ўцяклі ад жонак,
Ехалі да дзевак,
Але ж не чакалі
Гэткіх неспадзевак...
Можа, да світання
З "тачкай" разбяруцца,
Дзеўкі ж ім не жонкі —
Хутка разбягуцца.
Што праўда, тое праўда. Адно шкада: не хутка яна даходзіць. Спачатку (як піша мінчанка Ала Тарасік):
Ці ў хлопца, ці ў мужчыны
Толькі й клопату — машына:
Дзе заправіць, чым памыць
Як ад снегу затуліць,
Гуму новую паставіць,
Ды ад драпінкі пазбавіць,
І які б ёй цюнінг звонку...
Столькі б клопату пра жонку!
Дык жа не — "наязджаюць" на іх нашы мужыкі!
Мусіць, маюць падставы, а інакш у Пятра Фёдаравіча Бурсевіча са Слоніма не нарадзіліся б радкі:
Не схаваць заначку ў хаце,
А бутэльку — і маўчы!
Вось таму ўсё гэта, браце,
Я трымаю ў... "Масквічы".
Даставаць не вельмі ёмка?
Але ж факт — не знойдзе жонка!
Чым яшчэ яна дрэнная? Тым што "дробязная" — не можа дараваць мужыку асобныя грахі. Напрыклад, падаўся ён з сябруком за межы краіны, "накацілі" там за прыезд. А назаўтра паехалі машыну выбіраць з хворымі галовамі. І, што называецца, ахнулі:
Не сказаць, не надзівіцца —
Файны транспарт за граніцай!..
І прыгналі штось... са звалкі
Задаволены? Ды цалкам!
Яны, значыцца, самі (як мяркуюць сужэнцы Астроўскія з Мінска). А вось як мінімум адна з жонак (на думку спадарыні Шышко з в. Навасёлкі-1 Пастаўскага раёна) — не! Прычым, катэгарычна!
Сп'яна здуру штось прыдбалі
І да Галі ў двор прыгналі...
Чым зняважылі жанчыну:
Вось і выдрала чупрыну.
А можа і не адну (на здымку не відаць).
Карацей, як падсумоўвае спадар Гаўрыш з Чавусаў:
Лом, аўто іржавыя
Звозім мы са свету...
"Крыўдна за дзяржаву!", —
Кажа здымак гэты.
Горш за тое:
Накуплялі ламачын
З Рура і Баварыі —
Вось асноўная з прычы́н,
Чаму ў нас аварыі! —
усклікаюць сужэнцы Астроўскія з Мінска.
Яшчэ пра адну і таксама досыць распаўсюджаную прычыну аварый распавядае Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч з вёскі Любань Лунінецкага раёна:
Гэта ж трэба — разгубіўся:
У загароду бух!
Агароджа ацалела,
А з машыны — дух...
Ведай, браце: хто гайсае,
Той бяду заўсёды мае.
Што не найгоршы варыянт — у выглядзе паломкі аўтамабіля. Але ж да яе можа прывесці і
Каму хочаш зломяць "ногі"
Як не дурні, то дарогі...
Але ж гэта — не ў нас,
Гэта там, дзе "робяць" газ, —
прызнае Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. Што чыстая праўда, між іншым, бо ў нас з дарогамі яшчэ куды не ішло (калі з цэнтральных асабліва не збочваць)... Калі збочвалі, парада ад спадарыні Чыгрынавай:
Ну і дабілі ж гэта "рэтра" —
Рассыпаецца ад ветру.
Прыхіні шчыльней да плота,
Паспарнее мо работа?
Зрэшты, тут можа спор і не патрэбны:
Як бы нас не дакаралі,
Што стаім тут шмат гадзін, —
Гэта ж вам не аўтаралі
І не "Формула 1", —
зазначае спадар Гарачоў. І ён жа, дарэчы, пытае:
Можа, хтось звярнуў увагу,
Можа, і зазначыў хтось:
Плот рабілі пад грунтвагу,
А "Масквіч" — дык на "авось"
Між тым гэтыя машыны і цяпер служаць сваім уладальнікам, бегаюць па вуліцах і дарогах і стаяць (калі, вядома ж, месца знойдуць) побач з іншымі. Дзе? У вялікіх гарадах — гэта праблема з праблем. Погляд на яе ад мінчан Астроўскіх:
Нехта любіць пахваліцца —
Процьма "тачак" у сталіцы!..
Ды ці ж вартая работа,
Што стаяць яны
"пад плотам"?!
Пра рамонт у гаражы
Ты нікому і не кажы...
Бо на ўсё, што люд наш хоча,
Трэба розуму і грошай.
Розуму, удакладнім, яшчэ і ад гарадскіх улад — у арганізацыі стаянак, будаўніцтве гаражоў... А наконт грошай варта прыслухацца да спадарыні Чыгрынавай:
Не ўзаб'ешся на зарплату
На машыну ды на хату.
Хіба ўзяцца нешта красці?
Ды ці доўгім будзе шчасце?
Цалкам магчыма, як у таго мужыка, што вызваліўся з турмы і хацеў на "Жыгулях" заехаць у Барысаў: гэта значыць, адзін дзянёк, пасля якога "свеціць" яму новы тэрмін зняволення (каля сямі гадоў). А значыць, ёсць у чалавека ногі, а пайсці ён нікуды не можа. Ёсць умелыя рукі, ды рабіць яны будуць тое, што дазволяць. Ёсць галава...
Зрэшты, вось гэта ўжо наўрад ці... Таму, калі ласка, не губляйце сваёй! І яе ж не вешайце. Не задзірайце, каб крукам не дастаць было, не падстаўляйце, каб на вашу здаровую перакладвалі нешта з хворай. А яшчэ — няхай у вас яна варыць! І пасля гэтага ніколі не трашчыць!
Аднак час ужо і схіліць яе — у знак удзячнасці ўсім, хто ў чарговы ці першы раз даслаў свае варыянты подпісу да здымка.
У каго ён атрымаўся лепшым, як заўсёды вызначае журы — вялікае чытацкае і маленькае рэдакцыйнае.
На папярэднім этапе (на здымку, нагадаем, быў хлопец пры "дзеўцы" ў вясельнай сукенцы) найлепшыя радкі (паводле чытацкіх лістоў) напісалі ўдзельнікі гуртка "Юны журналіст" з Вілескай АСШ №3, спадар Дубовік з Бярэзіншчыны, спадарыні Шышко з Пастаўшчыны, Кусянкова з Рагачоўшчыны, Молчан з Маладзечна, Васільева з Гомеля, Янучок з Клецка і Чыгрынава з Вілейшчыны... З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца ў вёску Забалацце.
Хочаце каб да вас, — пішыце. Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за 8 радкоў — у прапанове... Колькасць якіх не абмежаваная), дасціпна і, калі ласка, абдумаўшы, узважыўшы кожнае слоўка.
Чакаем.
Валянціна Доўнар.