"Не захацеў атрымліваць заробак, бо нязгодны з гэтымі налічэннямі"

Источник материала:  

Колішні палявод КСУП "Ломавічы" Акцябрскага раёна Генадзь Уладзіміравіч Каваленка не можа атрымаць заробак за працу ў гаспадарцы з красавіка да чэрвеня. Дакладней, не хоча — ад выплаты налічаных яму грошай ён адмовіўся. Заяўнік якраз не пагадзіўся з гэтымі налічэннямі, хоць і разумее, што расцэнкі не надта вялікія.

  — Вось, напрыклад, за красавік у мяне было 26 працоўных дзён па 10 гадзін. Праца цяжкая, а налічылі мне за ўвесь месяц толькі каля 156 тысяч рублёў. Прыкладна такая ж гісторыя і па іншых месяцах, таму я і не стаў атрымліваць такія грошы. Скардзіўся ў пракуратуру, адтуль параілі, калі я нязгодны, падаваць у суд. А як падаць той іск, калі пры гэтым трэба плаціць дзяржпошліну? З якіх сродкаў? — гаварыў Генадзь Уладзіміравіч.

Дапамагчы разабрацца ў сітуацыі мы папрасілі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Акцябрскага райвыканкама Віктара Рашэтнікава. Яго супрацоўнікі звязаліся ў сваю чаргу з КСУП "Ломавічы", даўшы нам частку патрэбнай інфармацыі (нормы выпрацоўкі, расцэнкі, фактычна выкананы аб'ём работы і адпрацаваны час, налічаныя грашовыя сродкі за красавік за адкрыццё буртоў ад зямлі), а потым у рэдакцыю патэлефанаваў і сам кіраўнік гаспадаркі Аляксей Рашэтнікаў (цёзка па прозвішчы). Ён патлумачыў змест папярэдне атрыманай намі табліцы, дзе цягам усяго красавіка была пазначана адпрацоўка нашым заяўнікам у кожны працоўны дзень 7 гадзін, а не 10, як сцвярджаў Генадзь Уладзіміравіч. Да слова, норма выпрацоўкі ў дзень складала 40 квадратных метраў (за выключэннем двух дзён — 5 і 6 красавіка — калі гэты паказчык зафіксаваны на ўзроўні 180 квадратаў, праўда, і расцэнка ў гэтыя дні — 49 рублёў), расцэнка за адзінку вымярэнне — 220 рублёў. Фактычна работнік выконваў аб'ём ад 20 да 60 квадратных метраў, таму дзённы заробак вагаўся ад 2 940 да 9 900 рублёў...

— Брыгадзір вядзе ўлік працоўных гадзін, заробак налічваецца згодна з дзейнымі ў гаспадарцы расцэнкамі, — распавёў Аляксей Мікалаевіч. — За красавік, такім чынам, было налічана крыху больш за 139 тысяч рублёў. Каваленка гэтыя грошы атрымліваць не стаў, матывуючы, што мала налічана. І адмовіўся выходзіць на працу. Не стаў пісаць і тлумачальную запіску. Апошні працоўны дзень у яго — 30 мая. На працягу далейшых месяцаў мы тройчы накіроўвалі яму заказныя лісты з просьбай падаць тлумачальную запіску. Усе іх паштальён вярнула назад. Тым не менш, работнік па-ранейшаму лічыўся ў штаце. І толькі ў верасні з'явіўся загад пра яго звальненні, прычым з таго дня, калі ён упершыню не выйшаў на працу. Гэта было зроблена па ўзгадненні з інспекцыяй па працы.

Але, як высветлілася далей, цяпер, калі б колішні работнік КСУПа і захацеў бы атрымаць заробленыя раней сродкі, гэта ў яго б не атрымалася.

— Як і іншым работнікам, Каваленку выдзялялася сена. Калі ў працаўніка няма спагнанняў па працы, дзейнічае льгота: за гэтае сена з заробку вылічваецца толькі 10 працэнтаў яго кошту. Калі ж мела месца парушэнне працоўнай дысцыпліны, утрымліваюцца ўсе 100 працэнтаў, — сказаў далей кіраўнік КСУП "Ломавічы" Аляксей Рашэтнікаў. — Тут жа чалавека звольнілі, таму заробленыя ім грошы пайшлі на пагашэнне доўгу перад гаспадаркай за тое сена, паколькі названая льгота ім была страчана.

Напрыканцы можна дадаць, што калі ў заяўніка не знікла жаданне звяртацца ў суд, тады для яго будзе карыснай наступная інфармацыя: згодна з Працоўным кодэксам, калі гаворка ідзе пра вырашэнне працоўных спрэчак (а наш выпадак да іх адносіцца) у судовым парадку, грамадзянін пры падачы іску вызваляецца ад выплаты дзяржпошліны.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Организм человека перестраивается на зимнее время за 36 часов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика