Няма чым заняцца? Звяртайся да нас!
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 кастрычніка ў Мінску начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Раман Мельнік, акцыя пройдзе з ініцыятывы МУС пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, спорту і турызму, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі з мэтай максімальнай працоўнай і навучальнай занятасці непаўналетніх, арганізацыі іх вольнага часу.
Мельнік зазначыў, што акцыя адрасавана 14—17-гадовым, бо маладыя людзі гэтага ўзросту найчасцей паддаюцца негатыўнаму ўздзеянню асяроддзя. Паводле яго слоў, найбольш актуальныя праблемы занятасці ў сельскай мясцовасці, дзе не заўсёды даступны гарадскія формы правядзення вольнага часу, няма кінатэатраў, забаўляльных цэнтраў і г.д. Разам з тым, колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі на вёсцы, ніжэйшая, чым у горадзе. Усяго, паводле звестак Мельніка, за дзевяць месяцаў гэтага года непаўналетнімі ўчынены прыблізна 3 тыс. злачынстваў.
Паводле слоў прадстаўніка МУС, задача акцыі — надаць новы імпульс выхаваўча-папераджальнаму кірунку працы міністэрстваў і ведамстваў. Падчас яе супрацоўнікі службы занятасці, цэнтраў пазашкольнай працы праінфармуюць моладзь аб прапановах па працаўладкаванні, гуртковай працы. Падчас восеньскіх канікулаў для навучэнцаў будуць арганізаваны экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі, пройдзе інтэрнэт-канферэнцыя "Я выбіраю прафесію". Выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў змогуць паехаць на розныя экскурсіі. Інфармацыя аб працоўнай занятасці і вольным часе моладзі будзе шырока распаўсюджвацца праз інтэрнэт, дадаў Мельнік.
Таццяна Дарашчонак, БелаПАН