Колькі каштаваў беларускім падаткаплатнікам візіт расійскіх журналістаў?

Источник материала:  
05.10.2010 09:41 — Новости Общества

Напрыканцы верасня ў Мінск прыехалі 102 расійскія журналісты на запрашэнне кіраўніка дзяржавы. Галоўнай мэтай такога беспрэцэдэнтнага «дэсанту» стала прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Кожнаму з дэлегацыі аплацілі дарогу ў Мінск і назад, а таксама пражыванне ў гатэлі «Планета». Журналістаў размясцілі ў нумарах палепшанага бізнэс-класу коштам 100 долараў у суткі.

Цягам трох дзён іх вазілі на экскурсіі. Першая адбылася ў вайсковай частцы на камандным пункце СПА ў Мачулішчах. Потым журналістаў вазілі на агракомплекс «Дзяржынскі». Першы дзень скончыўся ў Нясвіжы. Расійцам прапанавалі музей і вячэру.

Увогуле праграма была крыху дзіўная. На другі дзень журналістаў павезлі на сумеснае з Кітаем прадпрыемства, потым на Белкамунмаш і «Камунарку». На «Камунарцы» кожны з журналістаў атрымаў падрыхтаваны падарунак — вялізны пакет фірменных цукерак. На трэці дзень — «Амкадор» і Храм усіх святых.

Чацвёрты дзень, 1 кастрычніка, быў галоўным у праграме «дэсанту». Перад пачаткам прэс-канферэнцыі прадстаўнікі прэс-службы прэзідэнта параілі ўсе падарункі, якія расійцы прывезьлі з рэгіёнаў Аляксандру Лукашэнку, пакласці ў асобным пакойчыку, маўляў, ён потым сам разбярэцца што да чаго.

Карэспандэнт «Калининградской правды» Альберт Адылаў кажа, што яго вельмі задаволіла паездка. Асабліва спадабаліся цукеркі. «Вельмі смачныя, усё вельмі добра», сказаў ён. Адзінае, расейцы не чакалі, што давядзецца сядзець на прэс-канфэрэнцыі больш за 4 гадзіны.

Альберт Адылаў кажа: «Ну, ён жа ў вас любіць пагаварыць. Ну й калегі, канешне, унеслі сваю лепту, усё імкнуліся ад сваіх рэгіёнаў павіншаваць яго, перадаць прывітанні, яшчэ і пытанні задавалі і задавалі. Добра, што прэс-служба адразу паклала ўсе падарункі, каб потым не хадзілі падчас канфэрэнцыі. Якія падарункі? Ну, кнігі нейкія, карціны, сувеніры там розныя. Я асабліва не глядзеў.

У прыбіральню нам хадзіць дазволілі. Людзі хадзілі каму трэба было».

Пра паездку калінінградскі журналіст сказаў каротка: «Усё было нармальна.

Кішэнных грошай не давалі, але тое, што нам аплацілі дарогу, харчаванне і пражыванне — гэта дастаткова».

Колькі ж давялося заплаціць за дарогу 102 журналістаў? Для даведкі, толькі на журналіста газеты «Кузнецкий рабочий» з Новакузнецка Вадзіма Рэчыцкага ў Мінск і назад давялося заплаціць ад 900 да 2 000 еўра. За паездку журналісткі газеты «Красное знамя» Тацяну Ермаліцкую з Томска давялося заплаціць ад 750 да 1400 еўра. І гэта толькі два журналісты, а іх было 102.

Колькі давялося заплаціць за харчаванне ў рэстаранах і пышныя вячэры, невядома, але можна толькі здагадвацца. Гэта пры тым, што экскурсіі і падарункі таксама каштуюць грошай.

Калі параўнаць візыт маленькай групы беларускіх журналістаў да прэзідэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, то расійскім падаткаплатнікам гэта нічога не каштавала. А з боку адміністрацыі кіраўніка Расейскай Фэдэрацыі журналістам ласкава прапанавалі кубачак кавы. Журналісты былі ўдзячныя, што, як прафесіяналы, мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку дзяржавы.

Падзяліцца навіной: 
Любоў Лунёва, Народная воля

←Выйшаў на

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика