Род працягваецца, радавод шырыцца. Гэты фотаздымак, якому больш за сем дзесяцігоддзяў, віцяблянін Яўген Пятровіч Баравікоў захоўвае вельмі беражліва

Источник материала:  
Род працягваецца, радавод шырыцца. Гэты фотаздымак, якому больш за сем дзесяцігоддзяў, віцяблянін Яўген Пятровіч Баравікоў захоўвае вельмі беражліва

— Радню па лініі маці рэпрэсіравалі ў 1937 годзе, — расказаў Яўген Пятровіч. — Па якой прычыне, не змог даведацца дагэтуль. Версіі былі самыя розныя. Найбольш верагодна, што з-за наяўнасці каровы — значыць, жылі ў дастатку. З часам мае блізкія былі рэабілітаваны. Але пасмяротна. Іх усіх расстралялі: бабулю, дзядулю, цётку... А вось пра лёс маці асобная гісторыя. Прыйшлі ажно два пасведчанні пра яе смерць. У 1943 годзе паведамілі, што памерла ў месцах заключэння. А ў час галоснасці і перабудовы сын знайшоў у архіве КДБ дакументы, якія пацвярджалі, што яе таксама расстралялі хутка пасля арышту.

Спакутаванае і сплаканае дзіця, якое не магло зразумець, што ж такое здарылася, апынулася ў турме разам з маці. Магчыма, вырашылі знішчыць увесь род, каб і ўспаміну не было. Але Жэню пашанцавала. Галоднага і змучанага хлопчыка знайшла ў турме цётка і змагла забраць. Яна разам з бабуляй Жэні (маці яго бацькі) гадавалі і выхоўвалі прадаўжальніка роду. Больш не было каму клапаціцца пра хлопчыка, бо бацька памёр у канцлагеры ў Літве ў 1944 го-дзе. Пошукі, пошукі...

Сляды, якія абрываюцца. І раптам яшчэ адно імя, якое можна запісаць у радавод. Сярод жывых застаўся дзядзька па лініі маці — Уладзімір Міхайлавіч ЯКУБОЎСКІ. Ён быў жанаты, жыў з сям’ёй пасля вайны ў горадзе Гродна на вуліцы Кірава. Меў дваіх дзяцей, імёнаў якіх Яўген Пятровіч не ведае, бо ніколі не мелі зносін. Але ён заўжды памятаў, што дзесьці ёсць у яго стрыечны брат-пагодак (на здымку: маленькі ў першым радзе справа). Яўген Пятровіч вельмі хоча знайсці брата або яго блізкіх. Па дапамогу ён звярнуўся ў газету “Віцьбічы” і на праект “Помні імя сваё”. Нашы калегі з “Віцьбіч” пакуль не знайшлі малодшага Якубоўскага. Спадзяёмся, што разам мы дапаможам Яўгену Пятровічу Баравікову адшукаць роднага чалавека і дапоўніць свой радавод.

Радавыя Перамогі

“Дапамажыце знайсці магілу бацькі Уладзіміра Сямёнавіча РАКАЧА. Ён нарадзіўся ў снежні 1910 года ў вёсцы Вялікая Слабада Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці (зараз Карэліцкі раён). Прызываўся бацька, як і ўсе яго аднавяскоўцы, Мірскім райваенкаматам вясной 1944 года. Па словах мамы, быў кулямётчыкам, пісьмы прыходзілі да студзеня 1945 года. Пасля гэтага адзін з таварышаў па службе бацькі з нашай вёскі ў пісьме да сваёй жонкі напісаў, што пры фарсіраванні рэчкі Прэчэні загінулі многія аднавяскоўцы. Было і імя майго бацькі. Мама звярталася ў Мірскі ваенкамат, але адказу не было. Пазней прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Але дзе, пры якіх абставінах, дзе яго магіла, невядома. У 1976 годзе я была ў Чарняхоўску, у Калінінградзе і ў іншых гарадах, але так і не знайшла прозвішча свайго бацькі на абелісках.

Прайшло больш за 65 гадоў пасля той страшнай смяротнай навалы, адбудаваны гарады і пасёлкі, выраслі тры пакаленні нас, сірот, а ад страты родных і блізкіх боль не сціхае. Марыя Уладзіміраўна Арабей, Карэліцкі раён”. “Мой бацька Ілля Іванавіч ФІЛІПЧУК, 1911 года нараджэння, быў прызваны ў Чырвоную Армію Бярозаўскім райваенкаматам 27 ліпеня 1944 года. Загінуў ён 22 сакавіка 1945 года. Пахаваны, згодна з копіяй паведамлення Бярозаўскага райваенкамата, на заходняй ускраіне фальварка Ней-Маншова на поўдзень ад горада Кюстрына Брандэнбургскай правінцыі (Германія). У 1989 годзе Бярозаўскі райваенкамат зрабіў запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР у Падольск. Атрымалі адказ, які пацвердзіў гібель бацькі і пахаванне. У гэтым дакуменце сказана, што пахаваны ў вёсцы Нейміненіна (Германія). З таго часу я шукаю магілу бацькі, і ўсё безвынікова. Апошняя надзея на вас. Дапамажыце знайсці магілу майго бацькі. Каму выпала шчасце застацца сярод жывых, таму слава і пашана. А ў маім выпадку ні магілы, ні крыжа, ні пядзі зямлі, каб пакланіцца і суцешыцца. Ганна Ільінічна Мішкевіч, Бяроза”.

Шукаю цябе...

“Я да 1941 года жыла ў Мінску на вуліцы Танкавай. У нас была вялікая сям’я: бацька Пётр Георгіевіч БРЫК, маці Кацярына Міхайлаўна, сёстры Ганна і Валянціна, браты Аляксандр, Пётр і Леанід. Падчас канікулаў летам 1941-га бацька ўзяў пуцёўку ў піянерскі лагер у Гарадзішча, што пад Мінскам. Гэта было 2 чэрвеня. Давялося ехаць мне, бо я была старэйшая. У першы дзень вайны прыехалі бацькі, каб забраць дадому дзяцей. Але нас накіравалі на наступны дзень раніцай на станцыю, а адтуль на цягніку ў дзіцячы дом, што знаходзіўся ў Мардовіі. Там я прабыла да 1946 года. Пра сваіх родных нічога не ведаю. Да мяне дайшлі чуткі, што іх вывезлі ў Германію. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто ведае пра іх. Лідзія Пятроўна Хмялярская (Брык), Брэст”.

...І знаходжу

Станіслаў Адольфавіч Баркоўскі з Ліды шукаў Івана Патапавіча Рэберта, разам з якім служыў у чыгуначных войсках з 1963 па 1966 год спачатку ў Адэскай вобласці, на беразе Дуная, потым — у Кішынёве. Пасля службы некаторы час яны перапісваліся. Станіслаў Адольфавіч паведамляў, што Іван Патапавіч цікавіўся фотасправай, нават у арміі ў яго быў фотаапарат, і яны часта здымаліся. У рэдакцыю “Народнай газеты” патэлефанавала Тамара Міхайлаўна Юркова з г.п.Азарычы Калінкавіцкага раёна. Іван Патапавіч Рэберт — мой дзядзька, стрыечны брат маёй матулі, — паведаміла яна. — Такі фотаздымак, які друкаваўся ў газеце, ёсць і ў маіх бацькоў.

Сапраўды, Іван Патапавіч захапляўся фатаграфіяй. Памятаю, калі мы былі малыя, здымаў нас. Цяпер жа фатаграфуе ў асноўным на мабільны тэлефон. Жыве дзядзька ў горадзе Ільічоўску Адэскай вобласці. Мы хаця б раз у год абавязкова наведваем яго і заадно адпачываем. Ён працаваў на заводзе, цяпер на пенсіі. Але выглядае добра: прыгожы, здаровы, малады. Жывуць разам з жонкай. Іван Патапавіч неаднойчы ўспамінаў службу і сяброў. Думаю, ён будзе рады пагутарыць і пабачыцца з саслужыўцам.

←Мы есть! В Республиканском научно-практическом центре детской онкологии и гематологии в Боровлянах маленькие пациенты делают мультфильмы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика